Народны літаратурны тэатр «Жывое слова» 25‑га кастрычніка адкрывае новы сезон.
Усіх прыхільнікаў тэатральнага мастацтва будуць чакаць а 19‑ай у 500‑ай аўдыторыі другога корпуса БДПУ імя Максіма Танка па адрасе вул. Савецкая, 18.
Менавіта тут вось ужо 42‑гі тэатральны сезон збіраюцца студэнты, якіх вабіць сцэна, каму хочацца шукаць, тварыць і перамагаць.
«Жывое слова» — унікальны і адзіны такога кшталту тэатр у Беларусі, бо мы працуем выключна па‑беларуску. Трупу складаюць непрафесійныя акцёры, пераважна гэта студэнты БДПУ імя М. Танка. Ёсць таксама прадстаўнікі іншых навучальных устаноў і тыя, хто студэнтам быў некалькі гадоў таму.
Ля вытокаў «Жывога слова» стаяў былы артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, цяперашні выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда. Праз 11 гадоў з моманту ўтварэння тэатр атрымаў ганаровае званне «народны». З 1991‑га года новымі кіраўнікамі сталі Алена і Юрась Чарэнкі — вучні Андрэя Каляды, а зараз калектывам кіруюць выпускніца «Жывога слова» Наталля Кухарава (мастацкі кіраўнік), Уладзімір Трапянок і Алеся Сівохіна (рэжысёры).
Рэпертуар тэатра вельмі разнастайны. Гэта пастаноўкі паводле твораў беларускай літаратуры, перакладаў сусветнай класікі; шматлікія канцэртныя праграмы, літаратурна‑музычныя кампазіцыі і іншыя творчыя праекты паводле аўтарскіх спроб «жываслоўцаў».
Імпрэза, якая адбудзецца 25‑га кастрычніка, называецца «У госці да герояў спектакля і не толькі…». Гледачы ўбачаць фрагменты з пастаноўкі «Я кахаЮ» паводле п’есы В. Мухінай «Ю» (спектакль прызнаны лепшым паводле інтэрнет‑галасавання на 4‑ым Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», што праходзіў у Мінску сёлета з 1‑га па 6‑га кастрычніка), канцэртныя нумары — песні, танцы, мініяцюры, якія трывала ўвайшлі ў рэпертуар тэатра; змогуць паспрабаваць сябе ў ролі артыста.
Дарэчы, зараз «Жывое слова» ажыццяўляе набор новых удзельнікаў трупы. Калі ваша душа прагне творчасці, вам трэба рэалізаваць свае мастацкія задумы, калі вам сніцца сцэна і ёсць вялікае жаданне тварыць на ёй, запрашаем на сустрэчу 25‑га кастрычніка а 19‑ай у 500‑ую аўдыторыю 2‑га корпуса БДПУ імя Максіма Танка!