06.04.2014 / 11:39

Віктар Шукеловіч. Як я бег па замерзлай Ашмянцы і горка плакаў 13

Апавяданне.

Пальцы звонка стукалі аб хамут, нібы ледзяшы. Хамут ніяк не хацеў налазіць на конскую шыю. Можа, конь патаўсцеў? Я прыгледзеўся да яго запалых бакоў — не, немагчыма. Гэта за ўсю зіму, пэўна, усох неўжываны стары хамут. Я тужыўся, зацягваючы пастронкі падсядзёлка на конскім баку — збіраўся ехаць санкамі на калгасны млын. Трэба было намалоць зерня, бо закончылася мука на корм для свіней. Ад марозу ў мяне патрэскалася скура на пальцах, з трэшчынаў на губах сачылася сукравіца — я выглядаў не найлепей у старой падзёртай дзедавай фуфайцы і кірзавых ботах, але худы, са збітай у кудлы грываю конь выглядаў яшчэ горш. Пяць мяхоў зерня я не прынёс, а прывалок поцягам па снезе, пакрытым зледзянелай коркай. Хацелася есці і спаць, у рукі нібы нехта калоў вострым шылам, але недзе там, у хляве з заінелымі сценамі, пішчалі з голаду азяблыя свінні. Я пайшоў кінуць ім саломы, каб яны маглі зашыцца туды ад марозу. Ячменка, аднак, не калупалася з вялікага рулона за хлявом. Я некалькі разоў патыркаў у рулон віламі, але туды трапіла была вільгаць, і цяпер рулон быў адным вялікім кубікам лёду. Паддаўшыся нямозе, я кінуў вілы ў снег ды пачаў хукаць у фіялетавыя рукі, але нават мой подых быў астыглы. Фуфайка слаба грэла, і мароз праз каўнер і спаднізу, дзе палы капоты не прылягалі шчыльна, студзіў маё сухое цела. Пальцы ў кірзачах таксама зрабіліся калаватыя, і я з цяжкасцю паварушыў імі.

Конь, застаяўшыся на марозе, нервова пераступаў з нагі на нагу. Можа, прыкрыць яго якой дзяругай? Але няма часу, лянота, ды і ўсё роўна ў каня няма душы. «Но, кося, паехалі!» — я сеў на зваленыя ў санкі мяхі і падбадзёрыў каня, стукнуўшы па азадку лейцамі.

Сумна было неяк, ажно чорна ўнутры: раптам захацелася мець свой дом, уласны тапчан, хоць нешта сваё. Пакуль жа я жыў у дзедавай старой хаце разам з братам, яго тоўстай жонкай і чацвёркай іх дзяцей. Быў нібы за парабка — зрабі тое, прынясі гэнае, напраў гэтае… Цяжка, аднак, быць бабылём… Зашыць ці абмыць нешта — то трэба ў братавай жонкі папрасіцца, а як зробіць якое-што, то як пані — з вялікай ласкі.

Звярнуўшы з гасцінца на бальшак, я заўважыў, што па дарозе шыбуе нейкае дзіця. Ажно не дзіця гэта было, а высахлая і малая, нібы хворая, Зінка з Гарліншчыны, якая працавала на свінаферме ў Азяранах, нашым цэнтры калгасу.

— Сядай, Зінка, падвязу на работу, і так еду да вас на ферму на млын, — загукаў я да дзяўчыны, затрымаўшы лейцамі каня. Зінка паслухмяна ўлезла ў санкі і села каля мяне на мяху. Галавою яна даставала мне толькі да пахі.

— Чаго трасешся? Не пахмялілася зранку? — кінуў я дзяўчыне, што ў вялізны мароз была ў тонкім паліто і з завязаным на галаве шалікам. На валасах, якія выставалі з-пад яго, і вейках маладзіцы быў іней.

— Не п'ю ж я, ты ж ведаеш, — агрызнулася Зінка. — Пляцеш абы-што, а потым яшчэ дзівішся, што цябе людзі не любяць. Не плявузгай языком, то не атрымаеш па галаве абухом — прымаўка такая ёсць.

— Калі ты такая разумная, то чаго так мала ў школе напрацавала, а цяпер свінням хвасты на ферме круціш? — мне было ў асалоду пакепліваць з дзяўчыны, якой, як рэдка каму з нашай ваколіцы, удалося скончыць педвучылішча і папрацаваць з месяц у школе.

— Ужо я разумнейшая за цябе, што ні кала ні двара не мае, а на братаву сям'ю парабкуе і ў лахманах ходзіць парватых.

Мне зрабілася чамусьці прыкра.

— А мяне за палітыку ж звольнілі, — цягнула далей Зінка. — Гэта ж я толькі педвучылішча скончыла і на першым уроку ў першым класе трэба было дзецям сцяг і герб Беларусі намаляваць. Перш я дзецям пра цяперашні сцяг расказала, як яго пасля вайны камуністы прыдумалі.

Я слухаў яе ўважліва, мне было цікава, а конь тым часам нетаропка сунуўся з намі і мяхамі праз лес.

— Потым я дзецям расказала пра бел-чырвона-белы сцяг. Як князь на полі бою зняў з параненай галавы белую павязку, якая набрыняла крывёю, ды замахаў ёю, каб паказаць сваім войскам, што ён жывы, — ад аповеду ў дзяўчыны прыгожай чырванню разгарэліся бледныя шчокі. — А стары герб «Пагоня» — гэта ж рыцар, які імчыцца ўслед за ворагамі.

— Ну і што далей было? — запытаўся я.

— Я сказала потым, каб дзеці намалявалі сцяг і герб. Усе і намалявалі «Пагоню» ды бел-чырвона-белыя палотнішчы. Выставу я зрабіла пазней на школьным калідоры. Акуратненька малюнкі дзяцей там вывесіла. Яны з месяц правіселі, аж пакуль нейкая важная праверка ў школу не прыехала. Тады мяне і звольнілі за «прафнепрыдатнасць», нібыта я ўжо такая даўбня, што дзецям нармальна і расказаць нічога не магу.

— І трэба было табе пра «Пагоню» ў школе расказваць? На ражон цябе пацягнула? — я шчыра паспачуваў дзяўчыне.

— Дык я рупілася, каб дзеці нешта ведалі. Тое, што ім з маленства ўкладуць, пазней на ўсё жыццё застанецца. А я не ведаю, чаго тым — у вярхах — сцяг перашкаджае? Толькі ж рыска адна чырвоная і бела па баках каля яе. А бягуць ад яе як чорт ад ладану. Каб я была якой начальніцай, то ўвяла б бел-чырвона-белы сцяг, каб быў усюды, але і не забараняла б, калі б хто хацеў мець і чырвона-зялёны…

— А яны ўсе ў вярхах мусяць нечага баяцца. Ці помніш, як мы малыя былі, то за савецкім часам у касцёл няможна было хадзіць. Пад касцёлам стаяла правяральшчыца ў нядзелі, каб ніхто са старэйшых хаця дзіця не прывёў. А тую правяральшчыцу яшчэ з раёна правяралі, ці добра яна правярае… Весела было. А цяпер тыя правяральшчыкі на першых лаўках касцельных сядзяць. Альбо як цар Леніна душыў, а той усё адно перамог… Я дык думаю, што якраз і перамагае тое, што ўсе наўкол душаць. Можа, ты і не зусім дурная, — правакацыйна разважаў я. — Неяк жа ты педвучылішча закончыла… А чаго на якую лепшую працу не пайшла, а на ферму табе захацелася?..

— Ды я шукала ў горадзе ў магазіне сабе месца, а тут мама яшчэ захварэла, эпілепсія ў яе, то я мусіла застацца, каб яе даглядаць.

— Ой, Зінка, мужыка табе трэба, каб цябе нехта прыструніў, а то апошняя маладуха Гарліншчыны і сама па сабе швэндаецца, — дазволіў я сабе зачапіць дзяўчыну.

— Дык прыязджай у сваты, — падняла галаву і заўсміхалася маладая свінарка.

— Прыехаў бы, але далекавата ты жывеш, пакуль даеду, то цябе, такую паву, ужо ўсе кавалеры расхопяць, — аджартаваўся я.

— Пэўна, з такім канём-здыхляком дзе ты прыедзеш? Ён жа напаўдарозе зляжа.

— Ты на майго каня не кажы, запражы лепш свайго. А мой яшчэ лепшы, чым арабскі скакун.

— Ага, такі скакун, што я яго, на адной назе скачучы, абганю.

— Глядзі, каб ты свае чаравікі «дольча-габана» не стаптала, дрэпчучы, — я кінуў позірк на яе падрапаныя кітайскія боцікі на прылепках.

— Даўно табе, мусіць, у каршэнь не давалі… Ці адышоў ад таго, як брат цябе на мінулым тыдні паленам тоўк па галаве?

— Не паленам, а штыкецінай ад плота, — паправіў я.

— Ну ці штыкецінай… Ой ужо людзі парагаталі з дурнаватых. Гэта ж брат з братам біўся на людзях. Бо ты павыносіў курэй з катуха і пазаганяў людзям у Гарліншчыне за самагонку, а брату сказаў, што цыганы ўночы курэй пакралі. Яшчэ мала табе брат умалаціў у косці, я б з цябе жывога скуру злупіла за такое.

— Колькі там тых курэй было — тры штукі, і тыя паўздохлыя…

— Якія б ні былі, не твае яны, бо ты нават сваіх курэй не нажыў, а толькі гузакі на патыліцы.

Мы пад'язджалі да Азяранаў — на даляглядзе паказаліся местачковыя хаты, з якіх роўнымі слупамі на нязменны мароз узносіўся дым. На ўзбочыне, пад старой голай таполяй, стаяў у паліто, падперазаным вайсковаю дзягаю, і ў шапцы-вушанцы местачковы вар'ят Казюк. На ягоным твары шчацінілася клоччам няроўная барада. Казалі, што Казюк голіцца касою. Некалі Казюк быў выбіўся ў людзі, закончыў нейкі тэхнікум і працаваў ажно ў Віцебску. Неяк ноччу на яго напалі хуліганы. Людзі гаварылі, што некалькі разоў бандыты стукнулі Казюка цаглінаю па галаве. З таго часу ён і прыдурнеў — ты яму адно кажаш, а ён чаўпе немаведама што. Жонка яго кінула, забраўшы дзіця, і з таго часу небарака жыў у бацькоўскай хаце-развалюсе ў Азяранах. Звычайна ён сядзеў у мароз у местачковай бібліятэцы, грэўся, бо, сам сабе гаспадарачы, не меў ні палена дроў. 

— Вунь яшчэ адзін моднік, — кіўнуў я ў бок Казюка, затрымаўшы каня. — Сядай, Казюк, падвязу да Азяранаў, чаго ты сюды зайшоў так далёка?

— Бібліятэку зачынілі, — прамычэў Казюк, падышоўшы да каня, якога пачаў гладзіць па пысе. Конь незадаволена фыркаў. Рука Казюка неяк борзда схавалася за спіну, вынырнуўшы адтуль з лязом ад касы, якое, відаць, было прычэпленае да дзягі. Вокамгненна Казюк паласнуў каня лязом па шыі, а сам падставіў рукі пад гарачую конскую кроў, што струменьчыкам з парай зацурболіла з жывёліны. 

— Зімна, хоць пагрэюся, — задаволена і спакойна прамармытаў Казюк. 

Я хвілю агаломшана ўзіраўся. Першаю апрытомнела Зінка. Яна знянацку вырвала з маіх рук пугу і з санак пачала сцябаць Казюка.

— Што робіш, боўдзіла?! Што робіш, сучча вымя! — штосілы і штоенку крычала яна, вылецеўшы з санак, як спалоханая птушка з гнязда. Конь упаў на пярэднія ногі. Я таксама выскачыў з саней і прымерваўся, як выхапіць лязо ад касы з рук Казюка. Зінка не стаяла на месцы, а носячыся то ўзад, то ўперад, як малая фурыя, сцябала вар'ята бічом па твары. Той, адышоўшы ад злеглага каня, моцна ашчэрыўся, выставіў уперад лязо і накінуўся на дзяўчыну. Зінка ўмомант схамянулася, але не паспела б ухіліцца ад удару касою ў жывот, каб я не адцягнуў яе за рукаво ўбок. 

— Ляці ў Азяраны па дапамогу, — я штурхануў яе ў плечы. І без таго задыханая, яна пабегла па зледзянелай дарозе ў бок мястэчка.

«Халера, — закруцілася ў мяне ў галаве. — Яна забрала пугу, а ёй можна было паспрабаваць неяк вырваць ад Казюка касу». Вар'ят стаяў за пару метраў ад мяне, не наважваючыся пакуль атакаваць. Я ўцягнуў далоні ў рукавы фуфайкі, сагнуў рукі і падаўся ўперад, каб локцямі стукнуць Казюка ў грудзі і яго паваліць. Нічога лепшага мне ў галаву не прыйшло, разважаць трэба было імгненна. Я рэзка з месца кінуўся ў наступленне. У вушах моцна шумела, а сэрца тахкала. Казюк, нібы чакаючы, сам выскачыў уперад і паласнуў мяне касою па сцягне. Мне моцна засмылела, а па калашыне пацякла цеплыня. ''Не, не буду сунуцца, жыццё даражэйшае'', — думаў я, ужо ўцякаючы ад забойцы майго каня ў бок Азяранаў.

Раз-раз, раз-раз, хутчэй. Не здавацца. Дыхалася штораз цяжэй — глыткі марознага паветра апякалі лёгкія. Я павярнуў галаву праз плячо — Казюк ніяк не адставаў. Галоўнае — трымаць тэмп. Адзін, два, тры крокі… дзевяць… трынаццаць… чортаў тузін… ''Ўууооаа'', — Казюк зароў за маімі плячыма нейкім нялюдскім голасам.

Зараз, можа, Зінка паспее з падмогай. Бегчы — не спыняцца. Чорт усяліўся ў гэтага Казюка, каб ён спрах. І чаго яго толькі ў якой вар'ятні не замкнулі? Мае кірзачы слізгалі па зледзянелай дарозе.

Мне займала дыханне, смылела ў сцягне. Не ведаю, ці шмат яшчэ вытрымаю. Мне здавалася, што я чую смуродлівы подых Казюка — так блізка ён быў ад мяне. Навошта гэтая дзікая пагоня? Навошта тахканне сэрца і сарванае дыханне? Я зірнуў яшчэ раз за сябе — Казюк паслізнуўся, на маё шчасце, і даўся спінаю аб зямлю, аж дагары задзерліся яго кірзачы. Мо падскочыць і даць нагой у галаву? Не, не паспею — вар'ят пачаў уставаць. І не забіўся ж, злыдзень. Пакуль ён падымаўся з коўзкай дарогі, я шмыгануў управа, да рэчкі, якая падступала да дарогі, выгінаючыся берагам са старымі тоўстымі вербамі. Замерзлай Ашмянкай я б хутчэй трапіў на ферму, дзе на сто адсоткаў мусілі б быць людзі. Са сцягна бруіла кроў — ці не па якой важнай вене касануў мяне Казюк? Раптам мяне прасвятліла — гэта ж я нібы ад смерці з касою ўцякаю, Ашмянка — як мяжа, а за ёй — нічога.

Я бег, а гарачыя слёзы апякалі мне шчокі. Казюк гнаўся за мною і выў, і ад гэтага выцця мне яшчэ больш хацелася плакаць і скрыгатаць зубамі. Мае горкія слёзы былі і па Казюку, у якога адняло розум, і па сабе гаротным, бо ніколі не буду мець свайго дому і жонкі, і па Зінцы, бяздольніцы і недарэцы, але добрай дзяўчыне, і па белым з чырванню сцягу, якога баяцца, як некалі Бога… Ды ці мала па чым можна плакаць. Раптам я заўважыў, што трохі далей на рэчцы, амаль пры самай ферме, якая стаяла на беразе, групка дзяцей у шубках коўзалася на санках. Што рабіць? Калені падагнуліся самі, больш бегчы я не мог. Пад кірзачамі Казюка снег зарыпеў неяк вельмі трывожна.

Віктар Шукеловіч, Лусцішкі — Жупраны

0
Кнехт / Адказаць
06.04.2014 / 12:02
Во наплёў! Трылер ды й толькі. Але чытаецца лёгка, мова прыгожая ...
0
Inhvar / Адказаць
06.04.2014 / 13:43
Як я бег па замерзлай Ашмянцы і горка плакаў.. Ты ж мужык! нельга паводзiць сябе як баба!
0
Кацярына / Адказаць
06.04.2014 / 13:56
зысмылела ў душы, і заплакала дрэва, неба ўпала на цела як камень, застагнала зямля, заскрыпела рака, хутка скончыцца нашая старасць
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру