Украіна прыпыняе старшынства ў СНД. Пра гэта паведаміў на брыфінгу дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі ўкраінскага МЗС Яўген Перабійніс.

«Украіна вырашыла не працягваць сваё старшынства ў Садружнасці. Сёння будзе накіраваная адпаведная нота», — сказаў ён. 

Прадстаўнік дыпведамства патлумачыў, што такое рашэнне было прынятае з-за таго, што краіны-сябры СНД не выконваюць умовы пагаднення, падпісанага пры стварэнні Садружнасці.

«Украіна пакідае за сабой права разгледзець мэтазгоднасць далейшага ўдзелу ў дзейнасці СНД», — дадаў Перабійніс.

14 сакавіка ва ўкраінскім парламенце быў зарэгістраваны законапраект аб дэнансацыі пагаднення аб стварэнні СНД. Дакумент прапанаваў дэпутат ад фракцыі «Бацькаўшчына», экс-кіраўнік МЗС Украіны Барыс Тарасюк. Раней выконваючы абавязкі міністра замежных спраў краіны Андрэй Дзешчыца заявіў, што Украіна мае намер выйсці з СНД «з-за няздольнасці арганізацыі служыць інструментам вырашэння канфліктаў паміж яе сябрамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?