Галоўны ідэоляг Мядзельшчыны

Галоўны ідэоляг Мядзельшчыны Надзея Герновіч забараніла дзіцячаму прытулку браць падарункі ад Партыі БНФ на той падставе, што «там і так усё добра!».

16 кастрычніка

Клімава везьлі ў Мазыр тры дні

Палітвязьня Андрэя Клімава цягам трох дзён перавозілі зь Менску ў Мазырскую калёнію строгага рэжыму. Чыгункай зь Менску да Мазыра 328 км. Звычайны цягнік гэтую адлегласьць пераадольвае за сем гадзінаў.

Жарскі зьлітаваўся над Падрэзам

Кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту паведаміла студэнту Зьмітру Падрэзу пра адлічэньне за «парушэньне статуту». Фактычна прычынай адлічэньня стаў «сыгнал» ва ўнівэрсытэт з боку мядзельскай міліцыі. З.Падрэз 6 кастрычніка быў затрыманы ў Мядзеле з налепкамі «Эўрапейскага маршу», на яго склалі пратакол. Канчатковае рашэньне наконт Зьмітра прымаў сам рэктар БДТУ Іван Жарскі: ён не пагадзіўся зь меркаваньнем кіраўніцтва факультэту наконт выключэньня юнака.

Істомін галадаў у турме

Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін цягам тыдня трымаў галадоўку ў спэцпрыёмніку Кастрычніцкага РУУС Горадні, пратэстуючы супраць незаконнага арышту. Ён быў арыштаваны напярэдадні «Эўрапейскага маршу» і асуджаны на 7 сутак за «нецэнзурную лаянку». Перад тым Ю. Істомін знаходзіўся за кратамі 5 сутак і таксама не прымаў ежу.

Малітва салідарнасьці ля Cьвятога Язэпа

Блізу 50 маладзёнаў а 20‑й сабраліся каля царквы на супольную малітву. Людзі трымалі партрэты палітзьняволеных і арыштаваных у сувязі з «Эўрапейскім маршам». Над усімі ўзвышаўся вялізны партрэт Зьмітра Дашкевіча. Акцыя скончылася супольным сьпяваньнем нацыянальнага гімну «Магутны Божа».

17 кастрычніка

«Гомельская праўда» прызналася ў хлусьні

У судзе Чыгуначнага раёну Гомелю прадстаўніца афіцыйнай газэты «Гомельская праўда» Алена Аленчанка пагадзілася без судовага разьбіральніцтва надрукаваць абвяржэньне сваёй публікацыі. З пазовам выступіў грамадзкі актывіст, сябар АГП Леанід Судаленка. У артыкуле «Сваіх дзяцей — за мяжу, чужых — «у барацьбіты за дэмакратыю» (надрукаваны сёлета 2 жніўня), аўтар С.Грушэнка прыпісаў яму амаральныя і злачынныя дзеяньні. Нібыта сябры закрытага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы», сябрам якога быў і Судаленка, заклікалі моладзь удзельнічаць у антыграмадзкіх мерапрыемствах. Паводле «ГП», сын актывіста паехаў на вучобу ў Польшчу па праграме для апазыцыйных актывістаў, хоць у дзейнасьці апазыцыі ўдзелу ня браў. Сп. Судаленка не атрымаў адказу на зварот у рэдакцыю газэты з патрабаваньнем абвергнуць несапраўдныя зьвесткі і таму зьвярнуўся ў суд.

Ад Цянюты не адступаюцца

Моладзевага актывіста Андрэя Цянюту выклікалі ва ўпраўленьне КДБ па Гомельскай вобласьці, дзе дапыталі ў якасьці падазраванага у крымінальнай справе ў адносінах да незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Сьледчы ўзяў з хлопца расьпіску аб неразгалошваньні зьвестак, датычных дэталяў сьледзтва. Нагадаем, на працягу двух месяцаў актывіст восем разоў пад рознымі нагодамі затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі.

Юхневіча схапілі другі раз

Па адбыцьці 7‑дзённага арышту на Акрэсьціна дэмакратычнага актывіста Паўла Юхневіча адвезьлі ў суд Савецкага раёну Менску. За прысутнасьць на спэктаклі «Свабоднага тэатру» супраць яго быў складзены пратакол нібыта за «нецэнзурную лаянку». Судзьдзя Людміла Савасьцян пакарала Юхневіча арыштам на 15 сутак.

19 кастрычніка

З Акрэсьціна ў ваенкамат

На Акрэсьціна моладзевага лідэра Мікіту Сасіма наведалі прадстаўнікі баранавіцкага ваенкамату і супрацоўнікі КДБ. Прадстаўнік ваенкамату папярэдзіў М. Сасіма аб адказнасьці за парушэньне правілаў вайсковага ўліку. Хлопцу загадалі прайсьці мэдкамісію і ўручылі позву ў ваенкамат пад росьпіс. Усё гэта здымалася на відэакамэру. Пасьля агляду баранавіцкія лекары паведамілі Сасіму пра неабходнасьць дадатковага абсьледаваньня ў мясцовай паліклініцы — дагэтуль адчуваюцца наступствы чэрапна‑мазгавой траўмы, нанесенай яму амонаўцамі.

Грамадзкасьць адстаяла Алену Макарэвіч

Пад ціскам грамадзкасьці кіраўніцтва 199‑й сталічнай школы адмовілася ад ранейшага намеру выключыць вучаніцу 11 клясы Алену Макарэвіч, актывістку незарэгістраванага «Маладога фронту». Падставай быў яе ўдзел у «Эўрапейскім маршы». На сумоўі ў кабінэце дырэктара прысутнічалі бацькі Алены, супрацоўнікі КДБ і прадстаўнікі Мінадукацыі. Пасьля нарады дырэктар школы Васіль Грыб паведаміў, што цяпер намеру выключаць дзяўчыну з навучальнай установы ня мае.

Жалезьнічэнка змагаецца за праўду

Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі на ягоны арышт і штраф. З.Жалезнічэнку абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Міліцыянты, седзячы ў аўто, «пачулі лаянку» Зьмітра, калі той быў у падземным пераходзе. Нагадаем, 7 верасьня Жалезьнічэнка быў адлічаны з 3 курсу Гомельскага ўнівэрсытэту за «сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку». 19 кастрычніка Мінадукацыі прызнала законным ягонае адлічэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?