Назіральнікі лічылі людзей увесь час на датэрміновым галасаванні і ў дзень выбараў.

У сярэднім яўка па падліках назіральнікаў і падліках камісіі разыходзілася на 80 галасоў. На некаторых участках назіральнікі не далічыліся да 300 чалавек. А на адным з участкаў Магілёва — 500 чалавек!

«Па-рознаму, недзе 500 чалавек, недзе 300, недзе 800. Мы цяпер сядзелі, усе партыйныя каардынатары, ва ўсіх такія разыходжанні. Як гэта робіцца? Проста нашым назіральнікам кажуць: вы не ўмееце лічыць. Хаця ў нас нават па падліках назіральнікаў, на некаторых участках была яўка каля 50%. Зразумець для чаго дамалёўваецца яўка, мне ў галаву ніякага лагічнага тлумачэння не прыходзіць», — кажа назіральнік з Магілёва Аксана Закрэўская.

Шмат выпадкаў парушэнняў па інфармацыі назіральнікаў было зафіксавана падчас галасавання на даму. Пра гэта ў сваіх справаздачах пішуць назіральнікі кампаній «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка».

На адным з участкаў Пінска ў выніковым пратаколе было пазначана 177 чалавек, якія прагаласавалі на даму, замест 10, якія падалі заявы. Былі выпадкі, калі камісія брала з сабой больш бюлетэняў, чым было заяўлена ў выязных аркушах. Гэта канкрэтнае парушэнне выбарчага заканадаўства.

Так, сябры УВК № 8 г. Гомеля атрымалі ў камісіі 150 бюлетэняў для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў пры тым, што ў адпаведным спісе было 26 чалавек.

Члены УВК № 11 г. Магілёва атрымалі 4 просьбы аб галасаванні па месцы жыхарства, але ў выніку ўнеслі ў пратакол звесткі аб тым, што прагаласаваў 21 выбаршчык.

У многіх выпадках усе бюлетэні лічыліся разам. На 35% участкаў, дзе былі назіральнікі, не аб'явілі вынікі асобнага падліку галасоў. Таксама назіральнікі зафіксавалі выпадкі, калі камісіі зусім не вывешвалі пратаколы аб выніках галасавання.

Тое, што назіральнікаў не падпускалі блізка да сталоў, дзе лічылі галасы, ужо нікога не здзіўляе.

На 98% выбарчых участкаў назіральнікі не мелі магчымасці паўнавартасна сачыць за працэдурай падліку галасоў. На 93% участках яны адзначылі, што адлегласць да стала, на якім вёўся падлік бюлетэняў, не дазваляла ім бачыць іх змест.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?