Новай рэдакцыяй правілаў паступлення ў ВНУ зменены крытэрыі для давання льгот абітурыентам.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 сакавіка ў Мінску міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці, пералік якіх павінен быць вызначаны міністэрствам у пачатку красавіка, права на залічэнне без уступленых выпрабаванняў даецца пераможцам абласнога або мінскага гарадскога этапаў рэспубліканскіх алімпіяд, калі вучэбны прадмет алімпіяды з'яўляецца для абітурыента профільным пры паступленні ў ВНУ.

Акрамя таго, аналагічнае права на залічэнне без экзаменаў на некаторыя педагагічныя спецыяльнасці атрымліваюць абітурыенты, калі яны маюць залаты і сярэбраны медаль пасля заканчэння сярэдняй установы адукацыі або скончылі ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай. Для паступлення без экзаменаў гэтыя катэгорыі абітурыентаў павінны атрымаць рэкамендацыю педагагічных саветаў устаноў адукацыі, якія яны скончылі.

Права на паступленне без экзаменаў ва ўстановы адукацыі сілавых структур і на ваенныя факультэты атрымалі

выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, ліцэя пры Гомельскім інжынерным Інстытуце МНС, кадэцкіх вучылішчаў пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 7 балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана.

Абітурыенты, якія маюць дыпломы I, II і III ступені рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, атрымліваюць 100 балаў па грамадазнаўстве пры паступленні ў ВНУ на спецыяльнасці «міжнародныя зносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «дзяржаўнае кіраванне і права». На іншыя спецыяльнасці яны могуць паступаць без уступных выпрабаванняў.

Права на залічэнне без уступных выпрабаванняў на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту дадзена пераможцам, прызёрам і ўдзельнікам Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, пераможцам афіцыйных чэмпіянатаў Беларусі па відах спорту, уключаных у праграму летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў, пераможцам і прызёрам першынстваў свету і Еўропы сярод інвалідаў па зроку, слыху або з парушэннем апорна-рухальнага апарата. 

Майстрам спорту Беларусі і майстрам спорту міжнароднага класа пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту выстаўляецца адзнака 100 балаў па дысцыпліне «фізічная культура і спорт».

Адменена пазаконкурснае залічэнне на спецыяльнасці, конкурс на якія ў папярэднім годзе склаў больш чым пяць чалавек на месца.

Захавана патрабаванне аб наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 6 балаў па прадметах уступных выпрабаванняў. Для дзяцей-сірот і дзяцей, якія маюць рэкамендацыі ад вайсковых часцей або органаў пагранічнай службы, і іншых уведзена абмежаванне па колькасці месцаў для пазаконкурснага залічэння да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму.

Захавана пазаконкурснае залічэнне для дзяцей-сірот пры паступленні ў ВНУ, за выключэннем спецыяльнасцяў «міжнародныя зносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «дзяржаўнае кіраванне і права», а таксама медыцынскіх.

Да катэгорыі асоб, якія залічваюцца па-за конкурсу ў ВНУ на спецыяльнасці фізкультуры і спорту, дабаўлены пераможцы і прызёры першынстваў Беларусі па відах спорту, уключаных у праграму летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў, пры паступленні ва ўстановы адукацыі сілавых структур і на ваенныя факультэты — выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, ліцэя пры Гомельскім інжынерным Інстытуце МНС і кадэцкіх вучылішчаў (да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму).

Да катэгорыі асоб, якія залічваюцца па-за конкурсам на спецыяльнасці фізкультуры і спорту ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дабаўлены пераможцы і прызёры юнацкіх Алімпійскіх гульняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?