25.10.2007 / 16:39

Літаратурны тыдзень 7

Ад пятніцы і да канца месяца: прэзэнтацыі новых кніг, выданьняў, імпрэзы. Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, «Дзеяслоў», Сяргей Дубавец, Анатоль Сыс, Леанід Маракоў ды інш.

Ад пятніцы і да канца месяца: прэзэнтацыі новых кніг, выданьняў, імпрэзы. Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, «Дзеяслоў», Сяргей Дубавец, Анатоль Сыс, Леанід Маракоў ды інш.

Жыбуль і Бурлак у БАМе

26 кастрычніка у вялікай залі Беларускай акадэміі музыкі пройдзе канцэрт у рамках міжнароднага фэстывалю «Дыялёгі». У першым аддзяленьні прагучыць музыка сучасных кампазытараў у выкананьні аўтараў, а ў 2‑м аддзяленьні — камэрны ансамбаль «Рацыянальная дыета» з удзелам паэтаў Віктара Жыбуля і Веры Бурлак. Пачатак а 19‑й. Уваход вольны.

Ахвяры і карнікі

26 кастрычніка а 18‑й гадзіне на cядзібе БНФ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Леаніда Маракова «Ахвяры і карнікі». Ласкава запрашаем!

«Дух — гэта, людзі, Я!..»

Пад такім назовам 27 кастрычніка ў Гарошкаве адбудзецца сьвята паэзіі ў гонар Дня народзінаў паэта Анатоля Сыса. У імпрэзе бяруць удзел родныя і сябры паэта, а таксама: Ніл Гілевіч, Леанід Дранько‑Майсюк, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін, Міхась Скобла, Сяржук Сыс, Ларыса Раманава, Андрэй Мельнікаў і іншыя паэты і барды. Запрашаюцца ўсе, каму дарагі несьмяротны Дух беларускай паэзіі і песьні.

Пачатак імпрэзы — а 14 гадзіне на падворку хаты Анатоля Сыса (в.Гарошкаў Рэчыцкага раёну). Праезд аўтобусамі: Менск—Рэчыца, Рэчыца—Гарошкаў. Кантактны тэлефон: (029) 768‑56‑14.

«Дзеяслову» — 5 гадоў!

30 кастрычніка адбудзецца юбілейная вечарына з удзелам выдаўцоў, а таксама сяброў і аўтараў выданьня. Бяруць удзел: Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў, Вольга Іпатава, Віктар Казько, Анатоль Кудравец, Уладзімер Арлоў, Валянціна Аксак, Леанід Дранько‑Майсюк, Алесь Камоцкі і інш. вядомыя паэты і барды.

У праграме вечарыны — уганараваньне ляўрэатаў традыцыйнай штогадовай прэміі часопісу «Залаты апостраф», а таксама прэзэнтацыя 30‑га нумару і дзьвюх новых кніг сэрыі «Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў» (аўтары Анатоль Кудравец і Сяргей Дубавец).

Месца ДЗЕяньня: Гістарычная майстроўня (Менск, вул. Сухая, 25, раён ст. мэтро «Фрунзенская»). Пачатак а 18‑й. Уваход вольны.

0
Чытач / Адказаць
25.10.2007 / 17:38
Прыемныя навіны, абавязкова пайду – ня толькі каб паслухаць, але каб і набыць кнігі. Бо склалася парадаксальная сытуацыя: з аднаго боку, паўсюдна чуеш, як памірае мова, якая нецікавая нашая літаратура, як незапатрабавана беларуская кніга. У рэале-ж мусіш няблага палётаць, каб набыць кнігі, што зацікавілі цябе. Нейкія выданьні – наагул фантомы. Нягледзячы на ўсе намаганьні, не патрымаў нават у рукох “Швэйка”. Пачуў пра выданьне Ходзькі ў перакладзе Хаўстовіча, але – у кнігарнях няма, даведацца, што за друкарня, таксама немагчыма. А вы кажаце – Потэры ды Лук’яненкі. Мяняю збор Данцовай на Ходзьку.
0
Mikola Chaustowicz / Адказаць
26.10.2007 / 15:20
Prapanuju "czytaczu" skantaktawacca sa mnoju. M.Ch.
0
Чытач / Адказаць
26.10.2007 / 15:46
Шаноўны спадар Мікола, дзякуй, што адгукнуліся. Але як Вас знайсьці? Чуткі ходзяць, што Вы ў Варшаве?
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру