25.10.2007 / 17:15

Пасол і першы сакратар пасольства Ізраілю вярнуліся ў Менск

Паводле слоў Зеева Бен‑Ар’е, пэрыяд правядзеньня адпачынкаў ізраільскіх дыпляматаў «зусім выпадкова супаў» па часе з яго камэнтарыем наконт выказваньняў прэзыдэнта Беларусі на сустрэчы з журналістамі расейскіх рэгіянальных СМІ».


Зееў Бен-Ар'е

Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Беларусі «працягвае працаваць у звычайным рэжыме па развіцці сувязей у розных галінах двухбаковых стасункаў». Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН заявіў пасол Ізраіля ў Беларусі Зееў Бен‑Ар’е.

25 кастрычніка пасол і першы сакратар пасольства Ігаль Койфман пачалі выконваць свае абавязкі ў дыппрадстаўніцтве пасля тыднёвага адпачынку, які яны разам з сем’ямі правялі на радзіме. Як зазначыў сп. Бен‑Ар’е, перыяд правядзення адпачынкаў ізраільскіх дыпламатаў «зусім выпадкова супаў» па часе з яго каментарыем наконт выказванняў прэзідэнта Беларусі на сустрэчы з журналістамі расійскіх рэгіянальных СМІ 12 кастрычніка. Паводле слоў Зеева Бен‑Ар’е, «чыстым супадзеннем» сталі таксама адначасовыя адпачынкі двух дыпламатаў, «чаго раней не было».

Пасол паведаміў, што падчас яго знаходжання на радзіме ў МЗС Ізраіля абмяркоўваліся ўсе пытанні ізраільска‑беларускіх адносінаў.

«У МЗС Ізраіля з вялікай занепакоенасцю сустрэлі выказванні сп. прэзідэнта Беларусі аб яўрэях Бабруйска і Ізраіля, аб чым сведчыць заява міністра замежных спраў Цыпі Ліўні і запрашэнне ў МЗС пасла Беларусі ў Ізраілі Ігара Ляшчэні для абмеркавання гэтага пытання», — сказаў З.Бен‑Ар’е.

Пасол зазначыў, што хаця ён не прысутнічаў на гэтай сустрэчы, з паведамленняў СМІ яму вядома, што І.Ляшчэня казаў аб некалькі няправільна зразуметым выказванні, якому не варта надаваць асаблівай увагі.

«Але гэта, на наш погляд, не можа быць тлумачэннем, паколькі ў наяўнасці адгалоскі антысеміцкіх матываў, якія гучаць з вуснаў прэзідэнта, нават калі дапусціць, што яго выказванні не былі наўмысным і прадуманым антысеміцкім крокам», — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, рэакцыя пасольства і МЗС Ізраіля на выказванні прэзідэнта Беларусі гаворыць аб тым, што «абавязкі ў дачыненні да яўрэйскіх абшчын з’яўляюцца адной з галоўных задач нашай дзяржавы».

Дыпламат выказаў спадзяванне, што занепакоенасць ізраільскага боку будзе «правільна зразумета ў Беларусі, бо само існаванне Дзяржавы Ізраіль прадугледжвае максімальную ўвагу да такіх пытанняў».

Нагадаем, на прэс‑канферэнцыі 12 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў:

«Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным яўрэйскі быў горад, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім выпадку не хачу пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжана трава была, як у Маскве, у расіян, беларусаў».

17 кастрычніка ў каментарыі БелаПАН З.Бен‑Ар’е выказаў «здзіўленне і шкадаванне» наконт выказванняў прэзідэнта Беларусі ў адрас яўрэяў. «У гэтых выказваннях чуюцца адгалоскі, як я спадзяваўся, даўно пахаванага гісторыяй адукаванага чалавецтва міфа аб яўрэях неахайных, брудных, якія дрэнна пахнуць, міфу антысеміцкага», — зазначыў дыпламат.

БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру