25.03.2014 / 12:31

У Беларусі і Мінску пабіты тэмпературныя рэкорды дня 101-гадовай даўніны 1

Чацвёрты дзень запар у Беларусі ўстанаўліваюцца тэмпературныя рэкорды.

24 сакавіка быў пабіты абсалютны максімум дня, які трымаўся з 1913 года.

На метэастанцыі «Палеская» ў Брэсцкай вобласці паветра прагрэлася да 21,2 градуса цяпла. Ранейшы максімум — 19,9 градуса — быў зафіксаваны 101 год таму ў Мар'інай Горцы (Мінская вобласць). На самой «Палескай» дзённы экстрэмум перавышаны на 6,2 градуса (15 градусаў у 2007 годзе).

Абнавіўся рэкорд і ў сталіцы — 18,3 градуса супраць 18 у 1913 годзе.

Такая ж карціна назіралася і ва ўсіх абласных цэнтрах: Віцебск — 16,2 градуса (было 15 у 1938 годзе), Гродна — 16,4 (15,7 у 2004-м), Магілёў — 18,1 (14,3 у 1959-м), Гомель — 19,4 (14,6 у 1959-м), Брэст — 19,5 (17,4 у 1959-м).

Напярэдадні ў Мінску быў паўтораны рэкорд сакавіка — плюс 18,9 градуса (такая ж тэмпература ўпершыню была адзначана 19 сакавіка 1990 года).

У найбліжэйшыя суткі на большай частцы тэрыторыі вельмі цёплае для гэтага часу надвор'е захаваецца. Варта зазначыць, што ў панядзелак на крайняй поўначы краіны тэмпература была намнога бліжэйшай да кліматычнай нормы — 8 градусаў.

0
Кнехт / Адказаць
25.03.2014 / 13:10
Гэта павінна быць дзяржаўнаю таямніцаю - каб Пуцін не аб'явіў Беларусь курортнаю зонаю Расіі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру