24 сакавіка ў Мінску затрыманы актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзмітрый Паліенка. Ён знаходзіцца ў аддзяленні міліцыі Заводскага раёна, паведаміў яго таварыш Дзяніс Сахар. 

У чым абвінавачваюць Паліенку, невядома. Аднак, паводле слоў Сахара, пры затрыманні Паліенкі супрацоўнікі міліцыі далі зразумець, што гэта прэвентыўнае затрыманне перад Днём Волі, які актывісты апазіцыі рыхтуюцца адзначыць вечарам 25 сакавіка шэсцем і мітынгам у цэнтры Мінска. 

Гэта ўжо другое затрыманне Паліенкі за апошнія тры дні. Як паведаміў Дзяніс Сахар, Дзмітрый быў затрыманы ў мінулую суботу нібыта за нанясенне графіці, і да 24 сакавіка яго ўтрымлівалі пад вартай. У панядзелак адбыўся суд, які вырашыў пакараць актывіста штрафам. Падрабязнасці невядомыя, бо па дарозе дамоў Паліенка быў затрыманы паўторна. 

Варта адзначыць, што ў пачатку сакавіка Дзмітрый Паліенка быў затрыманы і збіты супрацоўнікамі Кастрычніцкага РУУС за нанясенне графіці з антыўрадавымі лозунгамі ў раёне вуліцы Маякоўскага ў Мінску.

Фатаграфія Дзмітрыя са слядамі жорсткага збівання была разаслана ў рэдакцыі СМІ і апублікавана ў інтэрнэце. 

Паліенка зафіксаваў пабоі і падаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў Следчы камітэт. Таварышы Дзмітрыя не выключаюць, што менавіта гэтая скарга з'яўляецца прычынай пастаяннага націску на яго з боку міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?