25.03.2014 / 17:24

Дзень Волі: «Героям слава» — «Жыве Беларусь» — анлайн-рэпартаж абнаўляецца, дадаюцца фота і відэа 41

23:30

Сайт NN.BY быў заблакаваны ў часе шэсця на Дзень Волі

Татальная блакада доўжылася прыкладна з 19.15 да 23.30.

Гэта першы такі выпадак з сайтам «Нашай Нівы». 

Cувязі з сайтам не было ніадкуль, акрамя дата-цэнтру.

Адказнасць ляжыць не на хостары, паведамілі нам спецыялісты. Гаворка, найхутчэй, ідзе пра наўмыснае блакаванне з боку «Белтэлекама». Сайт не працаваў нават праз Tor.

У снежні 2010 года, калі адбываліся прэзідэнцкія выбары. Тады рэдакцыя здолела захаваць доступ да сайта праз pda-версію. Сёння сайт быў цалкам заблакаваны.

Мы не выключаем, што наш сайт стаў своеасаблівым палігонам, на якім адпрацоўваліся новыя «метады працы» перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года.

У часе блакавання Рэдакцыя працавала праз сацыяльныя сеткі:

Укантакце — vk.com/nasa_niva

Фэйсбук — facebook.com/pages/Наша-Ніва-першая-белар…

Твітар — twitter.com/@nasa_niva

Там вы можаце знайсці самы поўны анлайн-рэпартаж.

І, калі ласка, зафрэндзіце гэтыя адрасы, каб мець доступ да НН у выпадку паўтарэння такога блакавання.

20:25

Мітынг скончаны, паціху разыходзяцца. Правабаронцы пасля акцыі паведамілі пра дзевяцёх затрыманых.

20:15

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падзякаваў прысутным за падтрымку беларускай незалежнасці і за тое, што яны прыйшлі сказаць «не — расійскаму імперыялізму, паведамляе БелаПАН.

Палітык зазначыў, што Партыя БНФ салідарная з украінскім народам. «У незалежнасці Беларусі і Украіны адзін вораг — расійскі імперыялізм, — сказаў Янукевіч. — Шмат хто казаў некалькі месяцаў таму, што Расія змянілася, гатовая інтэгравацца ў міжнародную супольнасць. Але сёння не засталося людзей з цвярозым розумам, якія так думаюць. У Крамлі сядзіць імперыялісцкі рэжым, які прагне аднаўлення крывавай імперыі. Мы сёння выйшлі, каб сказаць: Беларусь — незалежная краіна. Беларусы не пагодзяцца ні на якія аншлюсы. Наш выбар — незалежнасць».

На мітынгу быў зачытаны зварот крымскіх татар, у якім гаворыцца, што іх лідар цяпер знаходзіцца ў Турцыі і «заўтра-паслязаўтра пачнецца барацьба крымскіх татар за Крымска-татарскую аўтаномію».

20:10

Мітынг пачаўся хвілінай маўчання ў памяць аб ахвярах сутыкненняў у Кіеве, пасля чаго прысутныя праскандавалі «Слава Украіне!» і «Жыве Беларусь». Алесь Лагвінец зачытаў зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды свята.

аказаць у гэтым пасільную дапамогу. 

20.22. «Каб Дзень Волі стаў не толькі сімвалам, але і рэальным жыццём, патрэбна вялікая рашучасць, — заявіў на мітынгу сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. — Свабода павінна быць у нас у сэрцы». Севярынец паведаміў, што 26 сакавіка пройдзе пасяджэнне камітэта салідарнасці з Украінай, на якім «будзе вырашацца, як ва ўмовах расійскай акупацыі і вайны дапамагчы братэрскаму народу і Беларусі». Палітык заклікаў удзельнікаў мітынгу байкатаваць «хлуслівыя расійскія і афіцыйныя беларускія тэлеканалы». 

Пасля выступлення Севярынца арганізатары аб`явілі аб заканчэнні мітынгу. 

20.26. Паводле інфармацыі праваабаронцы Юліі Сцяпанавай, пасля мітынгу затрыманыя шэсць актывістаў ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь», іх павезлі на машыне.

20:05

Калі ўдзельнікі шэсця сабраліся на Плошчы Бангалор нечакана патухлі ўсе ліхтары і стала цёмна.

19.40

Удзельнікі шэсця дайшлі да плошчы Бангалор, якая была абгароджана металічнымі турнікетамі. Кантрольна-прапускныя пункты працавалі марудна. Супрацоўнікі міліцыі пільна правяралі ўдзельнікаў акцыі і іх рэчы.

19:33

Падчас руху дэманстрантаў па вуліцы Сурганава двое людзей нападпітку пачалі крычаць «Не падабаецца ў гэтай краіне — валіце ў іншую!» і нецэнзурна лаяцца, паведамляе БелаПАН.

Калі адзін з супрацоўнікаў міліцыі спыніўся каля іх, тыя сказалі: «Усё-ўсё, мы свае». Дэманстранты, што праходзілі міма, пачалі апладаваць.

На прыпынку грамадскага транспарту ля ўніверсама Рыга некалькі чалавек у цывільным паспрабавалі схапіць некалькі анархістаў. Тыя паспелі заскочыць у тралейбус, невядомыя ў цывільным таксама заскочылі за імі, паведамляюць праваабаронцы.

Пасля 19:00 праца сайта «Наша Ніва» была на некаторы час блакавана.

19.01

«Не — маскалькім акупантам!», «Не — махлярскім акупантам!», «Не — крамлёўскім акупантам!», «Жыве Беларусь!» — скандуе шэсце.

Зміцер Хведарук прыйшоў у вышыванцы

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

19.00

Каля Дома друку аднаго з правакатараў перадалі міліцыянтам, паведамляе «Вясна» ў сваім твітары.

18.51

Толькі што бачылі правакатара (у кепцы з цыгарэтай). Хлопец троху п’яны, ў спартовым. Называў людзей падонкамі і лаяўся па-рознаму. Ён стаяў побач з амапам на Сурганава. Яго не затрымлівалі, перадаюць карэспандэнты НН. На анлайн-трансляцыі радыё «Свабода» чуваць, як ён кажа пра ўдзельнікаў шэсця: «У нас многа лясоў і палёў, няхай туды ідуць і жывуць».

.18.50

18.42

Шэсце ідзе вуліцай Сурганава. Колькасць удзельнікаў можна ацаніць у дзве тысячы чалавек, паведамляюць карэспандэнты НН з месца падзеі.

18.40

18.35

Калона рушыла. Наперадзе нясуць расцяжку з надпісам «Дзень Волі», плакат з надпісам «Гэць!»

18.33

Удзельнікі скандуюць «Расія — акупант!», спяваюць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

18.30

Шыхтуюцца ў калону, неўзабаве шэсце рушыць праспектам.

18.29

Людзі скандуюць «Банду гэць!»

18.28

Агулам, адзначаюць удзельнікі, гэты Дзень Волі вельмі яскравы. Людзі прынеслі шмат сцягоў, самаробных плакатаў, лозунгаў. З вялізным бел-чырвона-белым сцягам прыйшоў падпалкоўнік Казлоў, які выкрыў фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах. Настрой у людзей прыўзняты, святочны.

18.27

Да акцыі далучыліся ўдзельнікі з гіганцкімі звязкамі бел-чырвона-белых балонікаў, штук па 20-30.

18.24

Фота з Твітара Антона Матолькі.

18.22

18.18

Сярод удзельнікаў ходзяць правакатары. Яны чэпяцца да ўдзельнікаў акцыі з пытаннямі: колькі вам заплацілі? а ў вас спайсы ёсць? Яны ў цёмнай вопратцы, не дужа моцнага целаскладу.

18.17

Ахвотным раздаюць жоўта-блакітныя стужкі на знак салідарнасці з Украінай. Раздаюць і тэкст гiмна «Мы выйдзем шчыльнымi радамi».

18.16

Аўтамабілісты, якія едуць праспектам, падтрымліваюць удзельнікаў акцыі сігналамі.

18.12

З мегафона — песня «Ляпісаў» «Не быць скотам!» Людзі пляскаюць і ўголас падпяваюць.

18.08

Людзі скандуюць «Слава Украіне! Героям слава!»

18.04

Маладзёны трымаюць расцяжку з партрэтамі Бандэры, Шухевіча, Булак-Балаховіча, Вітушкі і Гадлеўскага і надпісам «Героі не паміраюць».

18.03

 

17.58

17.55

Цяжарная Наста Палажанка прыйшла на Дзень Волі разам з мужам — Змітром Дашкевічам. У Дашкевіча украінская стужачка на пінжаку.

17.53

Праз мегафон уключаюць «Паветраны шар» Вольскага і песні «Акіяна Эльзы», людзі скандуюць «жыве Беларусь!» Ёсць плакаты салідарнасці з Украінай.

17.49

Як паведамляе карэспандэнт НН, толькі што асобы ў цывільным затрымалі дваіх чалавек на выхадзе з станцыі метро «Акадэмія навук». Гэта назіральнікі ад БХК Гурскі і Анісся Казлюк. Іх адвялі ў міліцэйскі пакой у метро. Пацікавіліся, што яны пішуць і навошта, перапісалі звесткі і адпусцілі.

17.45

На пляцоўцы перад кінатэатрам «Кастрычнік» збіраюцца людзі. Іх ужо каля двухсот чалавек. Над грамадой узняліся першыя бел-чырвона-белыя сцягі.

17.40

У Алеся Кіркевіча, гарадзенскага актывіста, журналіста, міліцыянты вырашылі зрабіць агляд кватэры, паведамляе радыё «Свабода».

Алеся выклікалі сёньня на 15 гадзінаў ў аддзяленьне міліцыі «Цэнтар» на прафіляктычную гутарку.

Яго пратрымалі больш за паўтары гадзіны, пасьля чаго даставілі на кватэру, дзе ён жыве, і праводзяць яе агляд.

Алесь Кіркевіч — былы палітвязень. Быў арыштаваны за Плошчу ў сьнежні 2010 году

17.36

Каля выхадаў з метро «Акадэмія навук» дзяжураць міліцыянты і асобы ў цывільным.

17.35

Аўтазакі за кінатэатрам «Кастрычнік». Фота з Фэйсбуку.

17.25

На вуліцы Дарашэвіча каля праспекта— звычайным месцы дыслакацыі сілавікоў перад акцыямі — шэсць аўтобусаў з міліцыяй, прычым тры з іх — без нумароў. Таксама прыпаркаваны аўтазак.

17.21

Як паведамляюць нашы карэспандэнты, у дварах за «Лідо» на Якуба Коласа стаяць два аўтобусы з міліцыяй і некалькі меншых транспартных спецсродкаў.

Усё самае цікавае са святкавання Дня Волі ў Мінску будзе публікаваць сайт НН ў анлайнавым рэжыме. Нашыя карэспандэнты ўжо знахозяцца на месцы падзей. Сачыце за абнаўленнямі на старонцы.

Збор удзельнікаў акцыі пачнецца ў 18.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», затым адбудзецца шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе з 19.30 да 20.00 павінен прайсці мітынг.

0
Прыхільнікі / Адказаць
25.03.2014 / 17:34
Аксана Рудовіч самая лепшая! :-)
0
Тадзiк / Адказаць
25.03.2014 / 17:38
Са Святам! Жыве Беларусь! Бог! Беларусь! Воля!
0
Ван Хельсiнг / Адказаць
25.03.2014 / 17:59
Памятаю гэты сцяг там, над Домам Урада!..
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру