Гульнара Карымава, дачка прэзідэнта Узбекістана, была адной з самых уплывовых асоб у Цэнтральнай Азіі. Летась яна трапіла ў няласку, але заставалася актыўнай у інтэрнэце – пакуль пяць тыдняў таму раптоўна і таямніча не змоўкла.

Некалькі дзён таму журналістка Бі-Бі-Сі Наталля Антэлава знайшла ў паштовай скрыні доўгі няўцямны ліст. «Я пад моцным псіхалагічным ціскам, мяне збівалі, усе мае рукі ў сіняках», — гаворыцца ў адным з радкоў. Іншы абзац апісвае жыццё пад хатнім арыштам, штодзённыя пагрозы і пастаянны нагляд з боку паліцыі.

Ліст быў адпраўлены з Узбекістана, адной з самых ізаляваных і рэпрэсіўных дзяржаў свету, разам з запіскай ад «чалавека, які спрабуе аднавіць справядлівасць». Ананім сцвярджае, што ліст быў перададзены яму таемна, але падрабязнасцяў не раскрывае.

Ліст не падпісаны, але эксперты-графолагі, параўнаўшы почыркі, сцвярджаюць, што аўтаркай з высокай доляй верагоднасці з’яўляецца Гульнара Карымава, якую некалі лічылі будучай пераемніцай свайго бацькі — прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. На карысць гэтай версіі сведчаць таксама ўзровень дасведчанасці і мудрагелісты стыль аўтара ліста.

Фрагмент ліста і ўзор почырку Гульнары Карымавай

Фрагмент ліста і ўзор почырку Гульнары Карымавай

«Якая ж наіўная я была, мяркуючы, што ў гэтай краіне існуе закон», — піша яна.

У дыпламатычнай перапісцы, апублікаванай WikiLeaks, Карымаву называлі «крымінальнай баранэсай» і «самым ненавісным чалавекам» ва Узбекістане. Апошнія 14 месяцаў яна публікавала твіты пра свой канфлікт з бацькам і наступствы гэтага канфлікту: закрыццё бізнесу і тэлеканалаў, дабрачынных фондаў і арышты яе набліжаных.

Пасля падзення сваёй імперыі Карымава стала адкрыта крытыкаваць ключавыя фігуры рэжыму, асабліва шэфа бяспекі яе бацькі Рустама Інаятава, якога яна абвінавачвае ў спробе захопу ўлады ў краіне.

У краіне, дзе СМІ і інтэрнэт падвяргаюцца цэнзуры, яе твітэр быў бясцэннай крыніцай інфармацыі, пра якую раней можна было толькі здагадвацца. Але 16 лютага яна змоўкла. З таго часу акаунт Карымавай заблакаваны.

Чалавек з завязанымі вачыма

Апошні твіт Карымава апублікавала за дзень да таго, як узбекская паліцыя штурмавала раскошныя апартаменты ў Ташкенце. Там была арыштаваная група людзей, якіх раней паліцыя і крануць бы не адважылася. Ліст змяшчае інфармацыю з першых рук аб гэтай паліцэйскай аперацыі.

«Што страшней за ўсё, немагчыма заставацца чалавекам, калі за табой назірае камера, калі навокал узброеныя людзі і калі ты знаходзішся ў дэпрэсіі, бачачы ўсё, што адбываецца вакол. Спецназ на даху, ператрус асабістых рэчаў, выбітыя вокны, і горш за ўсё — чалавек з завязанымі вачыма, якога цягнуць па падлозе», — гаворыцца ў лісце.

«Чалавек з завязанымі вачыма» як мяркуецца, можа быць Рустамам Мадумаравым, бізнэс-партнёрам Карымавай і, па наяўных звестках, яе бойфрэндам. Ён быў арыштаваны ў тую ноч разам з двума бліжэйшымі паплечнікамі Карымавай. У той жа дзень ім былі прад'яўленыя абвінавачванні ў растраце маёмасці, нявыплаце падаткаў, незаконным захоўванні замежнай валюты і адмыванні грошай.

У фрагментарным, часам блытаным лісце Карымава апісвае, што адбывалася ў апошнія некалькі тыдняў: «сотні, ужо можа быць і тысячы» яе паплечнікаў і былых служачых падвергліся пагрозам і былі арыштаваныя.

Гламурная вязніца

Карымава кажа, што прычынай ізаляцыі стала тое, што яна распаўсюджвае «непатрэбную праўду». У яе доме няма тэлебачання, інтэрнэту, тэлефона. І яна непакоіцца пра сваю дачку, якая хварэе.

Крыніца ў Ташкенце, блізкая да Карымавай, пацвярджае, што яна знаходзіцца пад хатнім арыштам разам са сваёй 16-гадовай дачкой Іман.

У лісце Карымава абвінавачвае сваю маці, сястру і некаторых набліжаных бацькі у вымагальніцтве, шантажы і катаваннях.

«Адзіная прычына пераследу ў стылі Піначэта ў тым, што я адважылася казаць пра рэчы, пра якія маўчаць мільёны», — піша яна.

Але многім наступ Карымавай на ўласную сям'ю здаецца прытворствам. Гульнара доўгі час была «гламурным тварам» рэжыму, які сёння крытыкуе. Яна валодала велізарнай бізнес-імперыяй, была самай знакамітай поп-зоркай краіны (пад сцэнічным імем Гугуша), апякункай моды, мастацтваў і дызайну, стварыла ўласную парфумерную лінію, актыўна займалася дабрачыннасцю, а таксама была прадстаўніцай Узбекістана пры ААН у Жэневе.

 

У 2012 група шведскіх журналістаў высветліла, што шведска-фінская тэлекампанія TeliaSonera заплаціла 300 мільёнаў даляраў у якасці хабару ў 2008 годзе, каб патрапіць на рынак мабільнай сувязі Узбекістана. Гэта стала найбуйнейшай у Швецыі справай аб карупцыі, а Гульнара Карымава была ўключана ў спіс афіцыйных падазраваных.

Сама яна заўсёды адмаўляла свой удзел у справе TeliaSonera, а ў лісце зноў настойвае, што атака на яе была ініцыяваная шэфам бяспекі бацькі Інаятавым.

«Яна апісвае сябе ахвярай, а свайго бацьку — як чалавека, якім маніпулююць», — сказаў Данііл Кіслоў, рэдактар сайта Ferghana.ru.

Кіслоў упэўнены, што ніхто, акрамя самога Карымава, не мог аддаць загаду змясціць дачку пад хатні арышт ці затрымліваць яе бліжэйшых сяброў. Ён кажа, што такім чынам Карымаў жалезнай рукой карае дачку за празмернасць яе ладу жыцця.

«Апошнія пятнаццаць гадоў паказалі, што Карымава менш за ўсё хвалюе міжнародная крытыка стану правоў чалавека ў Узбекістане, катаванні ў турмах, прымусовая стэрылізацыя ў дзяржаўных бальніцах, дзіцячая праца на баваўняных палях», — кажа Данііл Кіслоў.

Але што сапраўды хвалюе Карымава, дадае Кіслоў, дык гэта тое, што рэпутацыя Гюльнары як «крымінальнай баранэсы» наносіць страты Узбекістану з пункту гледжання прывабнасці для замежных інвестыцый, прыток якіх яна ў апошні час здолела манапалізаваць. Кіслоў мяркуе, што арышт быў спробай паказаць дачцэ, што ва Узбекістане толькі ён адзін прымае рашэнні.

«Я ніколі не думала, што такое можа адбыцца ў цывілізаванай краіне, якой пазіцыянуе сябе Узбекістан, — піша Карымава ў сваім лісце. — Але пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што ўся гэтая мярзота, ўсё, чаму я раней не паверыла і з чым паспрачалася б, адбываецца тут ужо шмат гадоў».

Нягледзячы на тое, што толькі нямногія змогуць паверыць у ператварэнне Карымавай у праваабаронцу, відавочна, што ліст выкліча вялікі рэзананс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?