Анатоль Рубінаў

Рэлігія дапамагае пабудаваць больш гуманны сучасны свет. Такую думку выказаў сёння на адкрыцці ў Мінску Міжнароднай канферэнцыі «Дыялог Хрысціянства і Іслама ва ўмовах глабалізацыі» першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў.

Правядзенне форуму ў Мінску ён назваў важнай падзеяй не толькі для рэлігійнага свету. Пры гэтым ён адзначыў, што «рэлігія з’яўляецца аб’ядноўваючай асновай грамадства, дапамагае ўдасканальвацца духоўна, нясе свету высокія маральныя агульначалавечыя каштоўнасці».

Анатоль Рубінаў падкрэсліў недапушчальнасць таго, каб паміж канфесіямі ўзнікалі супярэчнасці, якія непазбежна вядуць да напружанасці паміж дзяржавамі. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што наадварот, атмасфера ўзаемаразумення і супрацоўніцтва паміж рознымі канфесіямі дапамагае наладжваць і захоўваць дружалюбныя адносіны паміж краінамі свету. Анатоль Рубінаў выказаў надзею, што міжнародны форум пройдзе ў Мінску вельмі паспяхова, бо, паводле яго слоў, сталіца і Беларусь у цэлым маюць асаблівую аўру.

«На беларускай зямлі ніколі не было супярэчнасцей паміж канфесіямі», — сказаў ён.

У якасці прыкладу верацярпімасці Анатоль Рубінаў прывёў падзеі Другой сусветнай вайны, калі людзі розных нацыянальнасцей, рызыкуючы ўласнымі жыццямі і жыццямі сваіх родных і блізкіх, прадастаўлялі прыстанішча яўрэям. На думку першага намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, верацярпімасць — адметная рыса беларускага народа.

Сярод удзельнікаў форуму — беларускае праваслаўнае свяшчэнства, а таксама прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій Беларусі. У ліку запрошаных — хрысціянскія дзеячы краін СНД (Расія, Украіна) і далёкага замежжа (Ватыкан, Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Італія, Бельгія, Аўстрыя, Швейцарыя, Фінляндыя, Латвія). Дэлегацыю Ватыкана ўзначальвае архіепіскап Станіслаў Хачэвар. У рабоце форуму таксама прымаюць удзел мусульмане з Беларусі, Расіі, Польшчы, Азербайджана, Турцыі, Ірана і Казахстана, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі.

Канферэнцыя, работа якой прадоўжыцца да 27 кастрычніка, арганізавана Інстытутам рэлігійнага дыялога і міжканфесіянальных камунікацый пры Сінодзе Беларускай праваслаўнай царквы і Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам імя св. Мяфодзія і Кірылы пры падтрымцы Папскага савета па Хрысціянскаму адзінству і Папскага савета па Міжрэлігійнаму дыялогу.

БЕЛТА

Глядзі яшчэ:
Залішняя актыўнасьць царквы, імкненьне пранікнуць у сярэднюю і вышэйшую адукацыю, выклікаюць заклапочанасьць. Узмацненьне ўплыву рэлігіі азначае адначасова аслабленьне ўплыву дзяржаўнай ідэалогіі. (Анатоль Рубінаў. «Навука і грамадзтва»/ «Атэізм вяртаецца як дзяржаўная ідэалёгія»)

Мітрапаліт адказаў Рубінаву

Вульгарны рэдукцыянізм акадэміка Рубінава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0