Вывад наяўных грошай будзе суправаджацца татальнай «электранізацыяй» разлікаў. У будучым аплату карткамі будуць таксама прымаць павільёны, кіёскі, санаторыі, дамы адпачынку, аздараўленчыя комплексы, спартовыя комплексы, фітнэс-клубы, дыягнастычныя станцыі тэхагляду машын, таксі. 

Паводле словаў начальніка ўпраўлення развіцця банкаўскіх плацежных картак і электронных грошай Нацыянальнага банка Людмілы Стэфановіч, у краіне падрыхтаваны праект указа прэзідэнта «Аб зніжэнні долі наяўных грошай». 

«Мы гэтую мяжу ўсталявалі ў памеры 1 тысячы базавых велічынь, або 130 мільёнаў рублёў. Гэта значыць звыш гэтай сумы разлікі павінны ажыццяўляцца толькі безнаяўным плацяжом», — адзначыла Стэфановіч. 

Яна падкрэсліла, што Нацбанк і іншыя дзяржорганы праводзяць планамерную працу па павелічэнні долі безнаяўных плацяжоў. Для гэтага распрацаваны план па развіцці сістэмы безнаяўных плацяжоў у рознічнай сферы. 

«Мэта адна — зніжэнне наяўнага грашовага звароту, каб садзейнічаць зніжэнню ценявой эканомікі і празрыстасці фінансавых патокаў суб'ектаў гаспадарання і фізічных асоб», — сказала начальнік упраўлення. 

«Мы працуем над тым, каб павялічыць долю безнаяўных разлікаў. На сёння яна складае 17%», — адзначыла Стэфановіч. Паводле яе словаў, увесь час пашыраецца пералік аб'ектаў, якія павінны быць абсталяваныя аплатнымі тэрміналамі. 

Падрыхтаваны праект пастановы, згодна з якім дадзеныя прылады павінны будуць усталёўвацца ў павільёнах, кіёсках, санаторыях, дамах адпачынку, аздараўленчых комплексах, спартыўных комплексах, фітнес-клубах, дыягнастычных станцыях тэхаглядаў машын, аўтамабілях-таксі. 

«Гэта не значыць, што з выхадам пастановы усё гэта будзе ўстаноўлена. Там ідзе градацыя тэрмінаў у залежнасці ад горада, вобласці, раёна. Але ў любым выпадку гэтыя патрабаванні будуць выкананыя», — кажа спецыяліст. 

«І мы з вамі не будзем думаць пра наяўныя грошы у кашальку, а будзем расплачвацца карткай», — адзначыла Стэфановіч. 

Паводле яе інфармацыі, сёння ў Беларусі банкамі эмітавана 11.800.000 картак, з якіх 11.400.000 з'яўляюцца дэбетавымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?