Гарадскія новабудоўлі
Вулічная ежа
Гарадскі рынак
Смог над горадам
Юрый Навуменка, фота Аксаны Якупавай
Кітай дагэтуль застаецца адной з самых незвычайных краінаў свету. «Наша Ніва» папрасіла беларускага музыку Юрыя Навуменку, які месяц правёў у Кітаі, расказаць, як і чым жыве Паднябесная.
Гастролі
Я правёў у Кітаі месяц разам з аркестрам Белтэлерадыёкампаніі — за гэты час мы праехалі ля 20 гарадоў. Арганізаваў тур кітаец, які жыве ў Расіі. Калі мы прыехалі ў Кітай, гэты чалавек унёс карэктывы ў наш спіс твораў для выканання, бо лепей ведаў, што мясцовай публіцы спадабаецца. У выніку мы гралі некалькі твораў Штраўса, урыўкі з «Лебядзінага возера», а таксама кітайскія творы — «Наша армія», «Вясёлы салдат», такія сабе патрытычныя хіты. Але апафеозам кожнага вечара была песня «Лотас у ставочку» —гэта агульнакітайскі хіт, які ведае кожны.
Галоўны кітайскі хіт.
Правінцыя
У асноўным мы выступалі ў правінцыйных гарадах, аднак у выпадку Кітая — гэта горад ад мільёна і вышэй. Было такое адчуванне, што некаторыя шэрагі займалі выключна супрацоўнікі кампартыі. У правінцыі ўсім было надзвычай цікава — як высветлілася, некаторыя з гледачоў упершыню ў жыцці бачылі сімфанічны аркестр.
Найчасцей выступалі ў кінатэатрах — вось цікава, у Кітаі нам амаль не сустракаліся памяшканні з ацяпленнем, у залах было надзвычай холадна, і награвалі іх пры дапамозе вялікіх кандыцыянераў. Да таго ж падлога на большасці пляцовак — з бетону.
Дарэчы, у маіх пекінскіх сяброў падлога каменная, і гэта лічыцца плюсам — дапамагае ў спёку летам. Звычайнага ацяплення ў кітайскай правінцыі мы не бачылі, звыклыя батарэі мы бачылі толькі ў Пекіне.
Перад пачаткам канцэртаў і ў антракце была неймаверная колькасць рэкламы: алкаголь, аўтамабілі ці проста нават ролікі пра светлую будучыню краіны. Культура праслухоўвання зусім іншая: у правінцыйных гарадах амаль усе гледачы прыходзілі з ссабойкамі, елі ўвесь час, размаўлялі па мабільніках, што для нас было нязвыкла. Пасля канцэрта імкнуліся сфатаграфавацца з аркестрантамі, смецця ў залах заставалася шмат.
Кітай і камунікабельнасць
У Кітаі я сустрэў свайго сябра, француза Давіда, які шмат гадоў пражыў ва Украіне, Венгрыі, а вось цяпер жыве ў Пекіне, выкладае ва ўніверсітэце французскую мову. Зарабляе ён, дарэчы, больш чым у Еўропе — у Кітаі вельмі цэняцца еўрапейскія выкладчыкі.
Па ягоных словах, кітайцы надзвычай камунікабельныя, аднак трымаюць адзін аднаго на адлегласці. Напрыклад, калі я прыехаў у Пекін, Давід мусіў святкаваць сканчэнне сезона разам з бейсбольнай зборнай, у якой гуляе, папрасіў у трэнера дазвол запрасіць мяне. Той адмовіў. Нічога сакрэтнага на сустрэчы не было — проста бейсбольная зборная адпачывала ў адным з мясцовых бараў. Увогуле, у кітайцаў не прынята праводзіць час з сябрамі, абсалютная большасць адразу пасля працы адпраўляецца дадому.
Аднак мушу заўважыць, што кітайцы надзвычай ветлівыя і заўсёды імкнуцца табе дапамагчы, вельмі добразычлівыя людзі.
Мао Цзэдун
Мао ў Кітаі дагэтуль паўсюль — ягоныя выявы сталі своеасаблівай фішкай, яго можна ўспрымаць як брэнд, кітайцы гэтым актыўна карыстаюцца. Выявы былога правадыра вы ўбачыце паўсюль. Ён стаў мясцовай экзотыкай, як Ленін у Беларусі.
Культ працы
Працуюць з ранку і да вечара, любы горад нагадвае мурашнік да 22й гадзіны. Да культу працы дадаецца іншы — культ сям’і. Там прынята пасля працоўнага дня адразу ісці дадому, быць з сям’ёй. Пры гэтым праца можа не спыняцца нават ноччу — у Пекіне можна пачуць, як сярод ночы працуюць адбойнымі малаткамі на якой-небудзь будоўлі. Раней у Кітаі ўвогуле не было выхадных, і калі еўрапейцы здзіўляліся, то кітайцы казалі: «А навошта?»
Вось цікавы факт: два-тры тыдні на год тэмпература на вуліцы ўздымаецца вышэй за 40 градусаў, аднак па тэлевізары будуць паведамляць, што тэмпература трымаецца на ўзроўні +39, бо калі яна ўздымецца да +40, давядзецца спыняць вытворчасць, таму афіцыйна 40 градусаў там не бывае. Калі кітайцы дзе і адпачываюць, то гэта караоке-бары — такія вялікія забаўляльныя цэнтры са стрыптызам, алкаголем і іншымі рэчамі.
Экалогія
З экалогіяй у Кітаі вялікія праблемы — знакаміты смог над горадам не легенда: аднойчы нас папярэдзілі — надвор’е дрэннае, аранжавы ўзровень небяспекі. Гэта значыць, што смог не рассейваецца і варта надзяваць марлевую павязку, без яе адчуваеш дыскамфорт, дыхаць становіцца цяжка. Дарэчы, калі едзеш аўтобусам праз краіну, кідаецца ў вочы, што нават у стэпах нідзе няма ніводнага «дзікага» кавалачка, уся зямля апрацоўваецца. А калі сустракаецца лес — ён расце роўным радком, нават дзіўна. Пасля нам растлумачылі, што гэта спецыяльна пасажаныя дрэвы, каб хоць трошкі падраўняць экалогію.
Сельскія могілкі
Калі едзеш у аўтобусе, часам на вочы трапляюцца маленькія курганочкі сярод раллі. Ён можа быць адзін, можа быць два-тры. Высветлілася, што гэта мясцовая традыцыя пахавання. У Кітаі пахаванне — гэта надзвычай дорага. Па некаторых звестках, пахаванне тут абыходзіцца ў $1200. Дарэчы, звыклыя могілкі мы, праехаўшы вялікую частку краіны, бачылі толькі адзін раз.
Еўрапейская культура
Вось мы там еўрапейскай культурай і былі — еўрапейскі аркестр, які грае класіку. Дарэчы, «Блакітны Дунай» наш імпрэсарыа забракаваў, сказаў, што надта манатонны.
У правінцыі з еўрапейскай культурай цяжка. У сталіцах ёсць «еўрапізаваныя» бары ў стылістыцы 60х гадоў, з назвамі кшталту SchoolBar. Туды прыходзіць крэатыўная моладзь, слухае музыку.
Гандаль
У Кітаі ёсць цэлая індустрыя турызму — будуецца на адмысловай праграме, разлічанай на еўрапейцаў. Напрыклад, мы едзем у маўзалей Мао і імператарскі палац. Пасля — чайная цырымонія. Пад’ехалі да чайнай крамы, а адтуль ужо папярэдняя група спускаецца.
Я разбіраюся ў гарбаце, таму ведаў, што пасля цырымоніі яе прадаюць па завышаных цэнах. Але нашыя турысты купляюць. Пасля бачаць розніцу.
Наступны пункт — шоўк, спецыялізаваная крама. Нашыя кажуць, пасля гарбаты мы ўжо вучоныя, аднак у пэўны момант пачынаюць купляць бялізну і падушкі, якія каштуюць у іншым месцы ў чатыры разы танней. Пасля тыя самыя падушкі нам паспрабавала прадаць усё тая ж дзяўчына з крамы, толькі прыйшла ў аўтобус, і цэны былі зусім іншыя.
Брэнды і падробкі
Нашыя аркестранты набылі на рынку гадзіннік «Ролекс» за 10 юаняў — гэта трохі меней за два даляры. На пытанне «А ён сапраўдны?» прадавец адказваў:«Сапраўдны». «А чаму стрэлка не працуе?» Высвятляецца, што такіх «Ролексаў» у яго поўная кішэня. Дарэчы, цікава: у Кітаі ўсе ходзяць у «брэндавым» адзенні, кшталту Gucci, хоць усе ведаюць, што яно не сапраўднае — мне падаецца, гэта такі момант удзелу ў заходняй цывілізацыі. Дарэчы, тыя самыя крамы з гарбатай маюць відавочнае адрозненне — ёсць крамы для бяднейшых, ёсць для багатых людзей, дзе «колца» гарбаты 300 грамаў каштуе 1 300 даляраў. Адрозніць іх лёгка — дарагія крамы аздобленыя, у іх на ўваходзе будзе папугай, які з вамі павітаецца, і грае жывая музыка.
Калектыўны адпачынак
Што яшчэ ўразіла — калектыўны адпачынак. У індустрыяльных гарадах у парках збіраецца шмат пенсіянераў, гуляюць у нарды, у даміно, запускаюць паветранага змея: уявіце, дзядуля запускае паветранага змея паміж 20-павярховікамі. Ці збіраюцца бабулькі разам і спяваюць песні пад акампанемент народных інструментаў ці сінхронна робяць гімнастыку — у нас такога, на вялікі жаль, няма. У гіпермаркетах папулярныя кніжныя аддзелы — людзі проста садзяцца там і чытаюць, і такіх людзей адразу дзесяць чалавек.
Што трэба памятаць?
Хіба што пра экалогію — з ёй там цяжка. Увогуле, Кітай — надзвычай цікавая краіна, з унікальнай культурай, і зараз ён адкрыты для турыстаў, хай і не танны. Яшчэ пра што лепей памятаць: не вельмі добра ў кітайцаў з англійскай мовай, але людзі яны адкрытыя і заўжды паспрабуюць вам дапамагчы.
Юрый Навуменка беларускі кантрабасіст, нарадзіўся ў Мазыры ў 1980м. Грае ў шэрагу беларускіх аркестраў, у тым ліку выступаў з Эніа Марыконэ ў складзе прэзідэнцкага аркестра. Удзельнік гуртоў «Нагуаль», «МаланкаOrchestra» і Big Daddy Blues, выкладчык музыкі.
У складзе гурта «Нагуаль»
Віза
каштуе ад $90. Пералёт ад Мінска да Пекіна і назад каштуе каля 500—700 еўра. З Варшавы ці Масквы можна знайсці акцыю за 200—300 еўра.
Колькасць працоўных гадзін — 40
Афіцыйна працоўны дзень складае пяць дзён, як і ў Еўропе. Але ў рэчаіснасці сярэдні кітаец працуе нашмат больш. Сярэдні заробак афіцыйна складае $620, аднак, да прыкладу, сельская гаспадарка, у якой занятая большая частка насельніцтва, не мае заробку, а жыве на ўласны даход. Заробак рабочых моцна вар’іруецца ад правінцыі да правінцыі.