Спэцыялісты з дасьледчыцкай групы Global Firepower склалі сьпіс 106 краінаў паводле ўзроўню іх баявой магутнасьці. Першыя тры месцы займаюць ЗША, Расея і Кітай.

Сьпіс складаецца паводле больш як 50 парамэтраў, якія дазваляюць комплексна ацаніць вайсковую магутнасьць краінаў. У разьлік не бярэцца ядзерны патэнцыял. Індэкс вылічваецца на падставе ацэнкі звычайных ваенных узбраеньняў, разьмешчаных на зямлі, на моры і ў паветры. Карэктыроўкі (бонусы або мінусы) праводзяцца паводле дадатковых крытэраў, напрыклад, высокага або нізкага ўзроўню спажываньня гаручага.

Топ-10 найбольш магутных краін:

1. ЗША

2. Расея

3. Кітай

4. Індыя

5. Вялікабрытанія

6. Францыя

7. Нямеччына

8. Турцыя

9. Паўднёвая Карэя

10.Японія

Беларусь займае 52-ю пазыцыю паміж Румыніяй і Партугаліяй. Паводле зьвестак Global Firepower, у Беларусі штогод прызыўнага ўзросту дасягаюць 100 615 юнакоў, у арміі праходзяць службу 62 000, у рэзэрве знаходзяцца 290 000, усяго вайсковаабавязаных 3 706 027 чалавек. У Беларусі 1756 танкаў, 2321 браніраваных баявых машын, 180 самалётаў, 56 верталётаў. Бюджэт абароны складае 750 мільёнаў даляраў на год (для параўнаньня: ў Расеі — 76,6 мільярдаў).

Украіна займае 21 радок. Адметна, што суседка Беларусі — Літва, якая ўваходзіць у НАТО, мае армію з 15 тысяч вайскоўцаў і траціць на абарону 430 мільёнаў даляраў. Літва знаходзіцца амаль у самым канцы сьпісу — на 103 месцы са 106.

Сьпіс складаецца спэцыялістамі пад эгідай аднаго з найстарэйшых брытанскіх унівэрсытэтаў Сьвятога Эндру (University of St Andrews).

Публікацыю на сайце суправаджае эпіграф Бэртрана Расэла, брытанскага матэматыка, філёзафа, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры: «Вайна не вырашае, хто мае рацыю, толькі тое, хто застанецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?