29.03.2014 / 20:37

Сасіскі: чаму лепш ніколі іх есці 14

Не падумайце, што я супраць прадукцыі канкрэтнага завода. Проста на маю просьбу знаёмыя купілі першыя лепшыя сасіскі. Склад прадукту вельмі тыповы для дадзенай катэгорыі мясных вырабаў. Разьбіраем аб’ектыўна.

Поўная назва: «Выраб каўбасны вараныя мясны сасіскі доктарскія вышэйшага гатунку астуджаныя».

Складнікі:

· Сьвініна

· Ялавічына

· Тлушч-сырэц ялавічны

· Мэлянж

· Малако сухое абястлушчанае

· Сумесь пасолачна-нітрытная (соль ёдаваная, стабілізатар колеру нітрыт натрыю)

· Соль ёдавая харчовая (агент супраць зьлежваньня Е536)

· Комплексная харчовая дабаўка (прыправы і экстракты прыправаў часнок, перац, мушкатавы арэх, кардамон)

· Эмульгатары пірафасфаты, трыфасфаты

· Цукар

· Соль

· Узмацняльнік густу і водару глютамат натрыю 1 — замешчаны

· Антыакісьляльнік аскарбінавая кіслата

· Комплексная харчовая дабаўка (загушчальнікі: гуаравая камедзь, ксантанавая камедзь)

· Комплексная харчовая дабаўка (загушчальнікі: карагінан, карагінан з водарасьцяў, ксантанавая камедзь, гуаравая камедзь, соль)

· Харчовая дабаўка (цукар, соль, фарбавальнік натуральны кармін)

Такім чынам, мясны выраб налічвае каля 20 складнікаў, у тым ліку 8 штучных дабавак. Спынімся падрабязьней на трох з іх. Але спачатку — кароткае тлумачэньне наконт штучных дабавак, або так званых Е-нумароў.

Е-нумары зьяўляюцца кодамі для рэчываў, якія могуць быць выкарыстаны ў якасьці харчовых дабавак у Эўропе. «Е», дарэчы, абазначае Europe. Ацэнка бясьпекі і зацьвярджэньне дабавак уваходзяць у абавязкі Эўрапейскага ведамства бясьпекі харчовых прадуктаў.

Адзіны сьпіс для штучных харчовых фарбавальнікаў быў упершыню узгоднены ў 1962 годзе. У 1964 да сьпісу дадаліся кансэрванты, у 1970 — антыаксыданты, а у 1974 — эмульгатары, стабілізатары, загушчальнікі і гелеўтваральныя агенты.

Заканадаўства патрабуе, каб дабаўкі і іх функцыі былі выразна пазначаныя ў сьпісе інгрэдыентаў. Вытворца можа выбіраць сам — указваць на этыкетцы поўную назву дабаўкі або толькі яе нумар. E-код азначае, дарэчы, што ён прайшоў выпрабаваньні на бясьпеку і быў ухвалены для выкарыстаньня.

Соль ёдаваная харчовая (агент Е536)

На дадзенай этыкетцы вытворца назваў ўсяго толькі адну дабаўку E-кодам: агент супраць зьлежваньня Е536. Магчыма, перавага была аддадзена коду, паколькі альтэрнатыўнае назва гэтага кампанэнта — фэрацыяністы калій. Так, (у азначаных дазволеных межах) фэрацыяністы калій ухвалены да выкарыстаньня ў харчовай прамысловасьці Эўрапейскім ведамствам бясьпекі харчовых прадуктаў. Сам па сабе Е536 моцна таксычны.

Стабілізатар колеру нітрыт натрыю: падвышае рызыку захворваньня на рак тоўстай кішкі

У 2007 годзе быў апублікаваны даклад Сусьветнага фонду дасьледаваньняў раку (WCRF). У гэтым дакладзе былі сабраныя і апрацаваныя вынікі тысяч глябальных дасьледаваньняў. На аснове вынікаў дасьледаваньняў WCRF зрабіў пэўныя высновы і вынес 10 рэкамэндацый, перакладзеных на простую спажывецкую мову. Рэкамэндацыя нумар 5 гучыць наступным чынам:

«Прадукты жывёльнага паходжаньня: абмежаваць спажываньне чырвонага мяса і ўвогуле пазьбягаць спажываньня апрацаванага мяса. Людзі, якія ядуць чырвонае мяса, павінны імкнуцца спажываць менш за 500 г (18 унцый) на тыдзень, пры гэтым пажадана, каб гэтае мяса было падвержана мінімальнай прамысловай апрацоўцы.»

Доказы таго, што спажываньне чырвонага мяса і перапрацаванага мяса могуць выклікаць рак тоўстай кішкі, досыць пераканаўчыя. Адна з тэорый наконт суадносінаў паміж спажываньнем мяса і ўзьнікненьнем раку датычыцца нітрытаў. Нітрыты выкарыстоўваюцца для захаваньня апрацаванага мяса, бо яны надзвычай таксычныя для бактэрый^; яны таксама надаюць мясу пэўны колер і смак. Нітрыты могуць рэагаваць з прадуктамі раскладаньня амінакіслот і ўтвараць так званыя N-нітразлучэньні (нітразаміны ці нітразаміды). Гэтыя злучэньні могуць быць сфарміраваныя ў мясе як падчас апрацоўкі, так і ў арганізьме (асабліва ў страўніку) ад нітрытаў або нітратаў, якія прысутнічаюць у харчаваньні. Некалькі N-нітразазлучэньняў вядомыя як жывёльныя і чалавечыя канцэрагены (рэчывы, якія могуць справакаваць узьнікненьне раку).

Узмацняльнік густу і водару глютамат натрыю

Глютамат натрыю (E621) уяўляе сабой крышталі або крышталічны парашок белага колеру практычна бяз паху з характэрным смакам.

Добра вядомы так званы «сындром кітайскіх рэстаранаў» (шчодра ўжываецца у кітайскіх харчоўнях), зьвязаны з ужываньнем у якасьці прыправы вялікай колькасьці глютамата натрыю. Гэты сындром выяўляецца ў слабасьці, сэрцабіцьці, страце адчувальнасьці ў вобласьці патыліцы і сьпіны.

Дасьледаваньні паказваюць, што рэгулярнае спажываньне E621 можа выклікаць неспрыяльныя пабочныя эфэкты, такія як мігрэнь, дэпрэсія, пашкоджаньні вачэй, стомленасьць. Акрамя гэтага, кажучы проста, E621 выключае мэханізм насычэньня, з усімі вынікаючымі наступствамі — пераяданьнем, атлусьценьнем.

Іншыя крыніцы глютамату натрыю: булённыя кубікі, хуткарастваральныя супы і локшына, чыпсы, печыва.

Тыя, каго цікавяць такія загушчальнікі як ксантанавая камедзь Е415, могуць прачытаць пра іх у маім ранейшым артыкуле пра ёгурт.

Нягледзячы на вялізную колькасьць кансэрвантаў, тэрмін захоўваньня сасісак доктарскіх усяго 10 дзён.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Ромпер Стомпер / Адказаць
29.03.2014 / 20:46
Кэп! Быццам бы ў Эўропе нейкія іншыя сасіскі, ды сёння любы паўфабрыкат бяры і чытай, нават прыгожыя акарачкі сёння ружовыя не з таго, што свежыя, а ўзгадайце сініх кур у ссср на іх глядзець без жаху было немагчыма, затое натуральнае мяса было. Даёш сініх кур!
0
Мінак / Адказаць
29.03.2014 / 21:17
а дзе спасылкі на даследванні? без спасылак гэты артыкул - палец у неба. прынамсі чытаў інфармацыю пра глутамат натрыя - нічога падобнага. гэта - адна з найбольш распаўсюджаных прыродных амінакіслот, больш затое, сусьветна прызнана пятым густам (дакладна не памятаю назву). што тычыцца небяспечнага ўздеяньня, то для яго наступленьня неабходна штодня ўжываць ня менш як 1 грам, здаецца, на кілаграм вагі цела. вынікі даследваньнў у свабодным доступе. а ўвогуле - жыцьцё ў прынцыпе шкодная штука - ад яго паміраюць.
0
Антиогурец / Адказаць
29.03.2014 / 21:34
Сосиски - ерунда. Огурцы! Вот, что действительно СТРАШНО! От нас скрывают, но статистика потребления огурцов воистину УЖАСНА. - 99,9% всех людей, умерших от рака, при жизни ели огурцы. - 100% всех солдат ели огурцы. - 99,7% всех лиц, ставших жертвами автомобильных и авиационных катастроф, употребляли огурцы в пищу в течение двух недель, предшествовавших фатальному несчастному случаю. - 93,1% всех малолетних преступников происходят из семей, где огурцы потребляли постоянно.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру