У нядзелю 30 сакавіка ў розных гарадах Украіны прайшлі мітынгі, удзельнікі якіх патрабавалі федэралізацыі Украіны. Некаторыя нават выступалі з заклікамі да Віктара Януковіча, каб той вярнуўся.

Каля 1500 чалавек выйшлі на мітынг за федэралізацыю Украіны ў Харкаве. Людзі ля помніка Леніну на плошчы Свабоды трымаюць сцягі Украіны, Расіі, Савецкага Саюза, георгіеўскія сцягі, сцягі Кампартыі Украіны і некалькіх грамадскіх арганізацый, перадае УНІАН.

Таксама ўдзельнікі мітынгу разгарнулі плакаты і транспаранты з надпісамі: «Расія — выратуй нас», «Наша мова — расейская», «Беркут — слава», «Правы сектар — забойцы», «Харкаў патрабуе рэферэндуму», «Харкаў за Мытны саюз», «Януковіч, здраду трэба выкупаць».

Прадстаўнікі са сцэны выказалі патрабаванне сфармаваць каардынацыйны савет паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Украіны і «выступіць адзіным фронтам» супраць цяперашняй улады. «За спіной у нас Расія, і яна дапаможа», — падкрэсліў прамоўца са сцэны.

Акрамя таго, удзельнікі мітынгу выказаліся за неабходнасць увядзення расейскай мовы як другой дзяржаўнай, а таксама за стварэнне паўднёва-ўсходняй аўтаноміі на ўкраінскіх землях.

У той жа час у Данецку таксама праходзіць сепаратысцкі мітынг, на які сабралася каля 1500 чалавек. Партыя Рускі блок праводзіць сход грамадзян з патрабаваннем правесці рэферэндум аб вызначэнні далейшага статусу Данбаса.

На ім прысутнічаюць пераважна пажылыя людзі. У руках яны трымаюць сцягі Расіі і шэрагу грамадскіх прарасейскіх арганізацый. Галоўным лейтматывам мітынгу з'яўляецца патрабаванне правядзення рэферэндуму аб статусе Данецкай вобласці з перспектывай далучэння яе да РФ.

Мітынгоўцы вырашылі, як і ў мінулыя разы, рухацца па вуліцы Арцёма, заблакаваўшы такім чынам дарожны рух. Людзі ідуць па вуліцы, скандуючы традыцыйныя лозунгі аб тым, што «Данецк — рускі горад» і патрабуюць правядзення рэферэндуму. 

У Адэсе прыкладна дзве тысячы прыхільнікаў Расіі мітынгавалі на Куліковым полі.

Луганскія сепаратысты таксама праводзяць свой мітынг у нядзелю. Яны патрабуюць «скідаць сіяністаў» і просяць аб расійскай акупацыі. Мітынгоўцаў каля 500 чалавек. У сквер каля Луганскай аблдзяржадміністрацыі мітынгоўцы прывялі прадстаўнікоў Францыі і ЗША, якія знаходзяцца з візітам у абласным цэнтры, паведамляе сайт 0642. Натоўп абступіў іх шчыльным колам і на падвышаным тоне скардзіцца на адключэнне расейскіх каналаў.

Міліцыі на плошчы амаль няма, а тыя некалькі чалавек, якія назіраюцца, бяздзейнічаюць.

А ў Днепрапятроўску на мітынгу прыхільнікі Расіі заявілі, што па-ранейшаму лічаць Віктара Януковіча «адзіным легітымным прэзідэнтам Украіны» і патрабуюць правядзення рэферэндуму па статусе вобласці ў складзе Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?