74% расіянаў гатовыя падтрымаць дзеянні кіраўніцтва РФ у выпадку пачатку ваеннага канфлікту ва Украіне. Пра гэта сведчыць апытанне расійскай некамерцыйнай арганізацыі Левада-цэнтр, праведзенае 21-24 сакавіка.
Пры гэтым пачатак вайны паміж дзвюма дзяржавамі больш за палову жыхароў Расіі лічаць малаверагодным (53%). Яшчэ 13% катэгарычна адмаўляюць яго магчымасць, а 23% усё ж такі лічаць, што такі варыянт развіцця падзей цалкам верагодны.
77% апытаных упэўненыя, што адказнасць за пагаршэнне адносін паміж Украінай і Расіяй цалкам або ў большай меры ляжыць менавіта на кіраўніцтве першай. Больш за траціну з іх (36%) лічаць, што ўнутраныя канфлікты на Украіне прывядуць да грамадзянскай вайны, і толькі 14% перакананыя, што новыя ўлады стабілізуюць сітуацыю. 12% лічаць, што «увядзенне расійскіх войскаў прывядзе да стабілізацыі становішча ў краіне».
Пры гэтым 73% схільныя лічыць новую ўладу ў Кіеве нелегітымнай.
Пратэставаць супраць ўмяшання Расіі ў справы Ўкраіны расійцы пераважна не настроеныя. 28% падтрымліваюць ці хутчэй падтрымліваюць падобныя акцыі, прымаць у іх удзел гатовыя 13% апытаных.
У апытанні прынялі ўдзел 1603 чалавека ва ўзросце 18 гадоў і старэй ў 130 населеных пунктах 45 рэгіёнаў краіны, статыстычная хібнасць дадзеных гэтых даследаванняў не перавышае 3,4%.