Гэты год будзе складаным для Беларусі. Такое меркаванне выказаў на брыфінгу ў Мінску 31 сакавіка віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Андраш Шымор. 

«Захоўваецца значны дэфіцыт рахунка бягучых аперацый плацежнага балансу. Мабыць, у краіне існуюць пытанні з канкурэнтаздольнасцю вырабленай прадукцыі, і трэба неяк іх вырашаць», — адзначыў Шымор. 

Ён звярнуў увагу таксама на складанае міжнароднае становішча.

«І ў Беларусі, і ў рэгіёне многае змяняецца. Таму беларускі экспарт павінен стаць канкурэнтаздольным для таго, каб краіна дасягала больш высокіх тэмпаў эканамічнага росту», — сказаў віцэ-прэзідэнт ЕБРР. 

Як паведамлялася раней, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе, што рост ВУП Беларусі ў 2014 годзе складзе 1%. Прагноз банка ў студзені гэтага года быў апублікаваны ў справаздачы «Рэгіянальныя эканамічныя перспектывы ў краінах аперацый ЕБРР». 

«У 2013 годзе эканамічны рост у Беларусі заставаўся вялым і адлюстроўваў скарачэнне экспарту, валацільную эканамічную палітыку і адсутнасць структурных рэформ, што перашкаджала павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі», — гаворыцца ў справаздачы ЕБРР. 

Эканамісты банка адзначаюць, што экспартныя перспектывы Беларусі могуць крыху палепшыцца за кошт гандлёвых адносін з Расіяй і павольнай дэвальвацыі беларускага рубля.

Эксперты ЕБРР таксама чакаюць, што беларускія ўлады ў 2014 годзе «сціснуць макраэканамічную палітыку» з мэтай скарачэння ўнутранага попыту. 

«Знешнія рызыкі Беларусі, якія раслі на працягу 2013 года, крыху аслаблі пасля заявы Расіі выдаць Беларусі крэдыт. Новая пазыка можа пакрыць значную частку плацяжоў, якія павінны быць накіраваны ў 2014 годзе на пагашэнне знешняга дзярждоўгу», — гаворыцца ў справаздачы ЕБРР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?