Вядомыя расійскія выканаўцы Алег Газманаў, гурт «Любэ», Надзея Бабкіна, Валерыя, Леанід Агуцін і Анжаліка Варум, Барыс Маісееў, хор Турэцкага дадуць у Беларусі шэраг канцэртаў пад назвай «Рускія і беларусы — навекі разам. 1514 — 2014 — сяброўства праз гады».
Канцэрты запланаваныя на канец красавіка — май і прымеркаваныя ў тым ліку да чэмпіянату свету па хакеі, што пройдзе з 9 па 25 мая ў Мінску.
У Віцебску канцэрт адбудзецца 28 красавіка, у Магілёве — 30 красавіка, у Гродне — 3 мая, у Гомелі — 4 мая, у Брэсце — 6 мая. Вялікі канцэрт на «Чыжоўка-Арэне» ў Мінску пройдзе 10 мая.
Мэта канцэртаў — даказаць партнёрскія сувязі беларускага і рускага народаў, якія пачаліся 500 гадоў таму, паведамляецца ў фэйсбуку Валерыі.
Цікава, што да акцыі далучыцца і шэраг вядомых украінскіх выканаўцаў у рамках акцыі: Расія, Беларусь, Украіна — адзіная Русь».
У межах мікратура па Палессі ў Пінску (27 красавіка), Брэсце (29 красавіка), Лельчыцах (30 красавіка), Мазыры (2 мая) і Гомелі (4 мая) пройдуць канцэрты Тараса Чубая, Сашко Палажынскага і Орэста Лютага.
«Наша Ніва» прэзентуе песню Ореста Лютага «Господа малоросы», якая можа стаць гімнам будучай адзінай украінска-расійскай федэрацыі.
Орест Лютий ідзе ў фарватэры ўкраінска-расійскай інтэграцыі.
Гэты артыкул быў апублікаваны 1 красавіка як жарт.