Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным супрацьстаяць у гістарычных даследаваннях спробам перакручвання і палітызацыі гісторыі Беларусі, тэндэнцыйнай ацэнкі асобных яе перыядаў, у тым ліку Вялікай Айчыннай вайны.
Пра гэта ён заявіў 31 сакавіка на нарадзе з вядучымі навукоўцамі па пытанні перспектыў развіцця навукі.
«Навукоўцам таксама трэба ўсяляк папулярызаваць гістарычную спадчыну як аснову патрыятычнага выхавання грамадзян», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён прызнаў, што грамадазнаўчым даследаванням і гуманітарнай адукацыі надаецца неабгрунтавана мала ўвагі. На яго думку, сітуацыю неабходна мяняць.
«Трэба адкрыта прызнаць, што гуманітарныя навукі — гэта перш за ўсё навукі ідэалагічныя. Бо ідэалогія з'яўляецца дарожнай картай грамадскага развіцця.
Дзяржаўную ідэалогію мы фармавалі па большай частцы эмпірычным шляхам. Надышоў час абагульніць вопыт існавання суверэннай Беларусі, вылучыць, сістэматызаваць і выкарыстоўваць у ідэалагічнай працы ўсё тое, што дапаможа кансалідацыі грамадства і ўмацаванню адзінства нацыі», — лічыць Лукашэнка.