У Беларусі 1 красавіка вырасла тарыфная стаўка першага разраду. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў ад 25 сакавіка 2014 года № 256. 

Для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, тарыфная стаўка першага разраду ўстаноўлена ў 262 тыс. рублёў. 

Наступнае павышэнне чакаецца 1 мая. Яна будзе павышана да 275 тыс. рублёў. 

Рэспубліканскім органам дзяржкіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, кіраўнікам бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, неабходна забяспечыць пераразлік зарплаты работнікаў у адпаведнасці з устаноўленай тарыфнай стаўкай першага разраду і каэфіцыентамі Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў Беларусі з улікам карэкціруючых каэфіцыентаў. 

«Павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду дазволіць у пэўнай ступені павялічыць заработную плату работнікаў бюджэтнай сферы. Павялічацца таксама памеры дзржаўных стыпендый навучэнцам і іншыя выплаты, памеры якіх залежаць ад памеру тарыфнай стаўкі першага разраду», — пракаментавалі ва ўрадзе. 

Летась павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду ажыццяўлялася тройчы (1 студзеня — з 225 тыс. да 240 тыс. рублёў, 1 красавіка — з 240 тыс. да 250 тыс., 1 верасня — з 250 тыс. да 260 тыс. рублёў). У параўнанні са снежнем 2012 года яна павялічылася на 15,6%. 

Сярэднегадавая тарыфная стаўка першага разраду склала летась 250,8 тыс. пры прагнозе 250 тыс. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?