Старшыня савета рэспублікі, акадэмік Анатоль Рубінаў прапаноўвае стварыць тры буйныя гуманітарныя цэнтры замест асобных інстытутаў.

Аб гэтым ён заявіў 31 сакавіка на нарадзе з вядучымі вучонымі па пытанні перспектыў развіцця навукі, якая адбылася ў Нацыянальнай акадэміі навук з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. 

На думку акадэміка, гэта павінны быць цэнтры беларускай культуры і літаратуры, гісторыка-сацыяльных праблем і стратэгічных даследаванняў. Апошні, на яго думку, «асабліва важны для прапрацоўкі перспектыўных планаў развіцця Беларусі і павінен забяспечыць аналітыку, прагнозы ў галіне эканомікі, краіназнаўства, міжнародных зносін, іншых пытанняў, звязаных з развіццём краіны, прычым даследаванні павінны насіць незалежны характар». У гэтым плане вельмі значная дзейнасць вучоных для тлумачэння насельніцтву працэсаў, што адбываюцца ў краіне і свеце. 

Ён таксама лічыць, што сёння для краіны важная канцэнтрацыя на такіх пытаннях, як фарміраванне ідэалогіі, самаідэнтыфікацыя грамадзян, што, на яго думку, павінна вырашацца ў комплексе. 

Рубінаў спыніўся на праблемных пытаннях функцыянавання Нацыянальнай акадэміі навук. На яго думку, НАН Беларусі «павінна выпрацаваць аптымальныя формы арганізацыі навуковай працы».

Гаворачы аб магчымасцях павышэння матэрыяльнага забеспячэння вучоных, Анатоль Рубінаў адзначыў, што гэта «можа быць вырашана за кошт пазбаўлення ад дробнатэм'я і неперспектыўных кірункаў і істотнага скарачэння персаналу». Ён таксама дадаў, што НАН павінна самастойна зарабляць грошы на навуковых даследаваннях. 

Першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка лічыць важным развіваць магутныя нацыянальныя лабараторыі, а таксама галіновую навуку, «ствараць цесную сувязь навукі з вытворчасцю». На яго думку, неабходна ствараць часовыя калектывы, кластары, куды ўвойдуць і дзяржаўныя, і прыватныя прадпрыемствы і якія будуць вырашаць задачы, актуальныя для Беларусі на сёння. Акрамя таго, ён прапанаваў стварыць пры Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях «нейкую структуру, якая будзе выконваць функцыі своеасаблівага адбору ў навуцы тых распрацовак, якія запатрабаваныя ў вытворчасці, і, наадварот, фарміраваць патрэбны для практыкі заказ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?