Беларусь у красавіку абвесціць конкурс па прыцягненні інвестара для мадэрнізацыі прадпрыемства «Гродна Азот». Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка пасля адкрыцця VI Міжнароднай выставы «Атамэкспа-Беларусь — 2014». Удзелу ў «Гродна Азоце» даўно дабівалася Расія. Новым інвестарам можа стаць «Газпром», бо азотныя ўгнаенні вырабляюцца з газавай сыравіны, а «Газпром» — манапаліст у яго пастаўках у Беларусь.
Уладзімір Сямашка удакладніў, што гаворка ідзе аб прыцягненні не проста інвестара, але і акцыянера, якому за ўдзел у інвестпраектах «Гроднаазота» будзе перададзены пакет акцый у памеры 25% плюс адна акцыя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле словаў Сямашкі, цяпер на прадпрыемстве рэалізуюцца два інвестпраекты. Адзін з іх накіраваны на павелічэнне на 20% ужо існуючых магутнасцяў па вытворчасці азотных угнаенняў. Другі — гэта будаўніцтва новай вытворчасці побач з існуючай.
Сямашка распавёў, што ёсць пэўныя зрухі і па іншых так званых «інтэграцыйных праектах», якія запланаваны да рэалізацыі паміж Беларуссю і Расіяй. Сёння ў Мінску знаходзіцца намеснік старшыні ўрада Расіі, старшыня Вайскова-прамысловай камісіі пры ўрадзе РФ Дзмітрый Рагозін. Ён правёў перамовы з Лукашэнкам і цяпер наведвае беларускія прадпрыемствы. «Адразу пасля выставы я далучуся да яго і мы працягнем прадметныя перамовы», — сказаў Уладзімір Сямашка.
Акрамя «Гродна Азота», Расія хацела б атрымаць удзел у МАЗу, МЗКЦ, «Пеленгу», «Інтэграле». Апошнія тры прадпрыемствы маюць значэнне перадусім для ВПК.