Датэрміновы запуск Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС) будзе мець станоўчы эфект для эканомікі краіны, заявіў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк на прэс-канферэнцыі 1 красавіка ў Мінску.

«Я б пажадаў нашым будаўнікам, мантажнікам, субпадрадным арганізацыям, каб мы ўвялі другі энергаблок датэрмінова», — сказаў ён.

Галоўны інжынер прадстаўніцтва ААТ «НІАЭП» (генеральны праекціроўшчык БелАЭС) Юрый Нярэцін паведаміў, што работы на другім блоку электрастанцыі вядуцца з апярэджаннем графіка на шэсць-восем месяцаў.

Паводле яго слоў, падрыхтоўчы перыяд будаўніцтва АЭС фактычна завершаны. «Гэты перыяд уключаў падрыхтоўку катлавана, стварэнне інфраструктуры для будаўніцтва АЭС. З лістапада 2013 года пачаўся асноўны перыяд будаўніцтва станцыі, які ўключае стварэнне неабходнага фундамента, будынкаў і пабудоў», — сказаў Нярэцін.

Як зазначыў эксперт, на гэты час укладзена каля 54 тыс. кубаметраў бетону і каля 13 тыс. тон металу. «Адначасова вядуцца работы па арміраванні фундаментаў другога блока», — сказаў Нярэцін.

У 2011 годзе Беларусь пачала будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Першы блок станцыі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі — у 2020-м. Сумарная магутнасць двух энергаблокаў складзе каля 2,4 тыс. МВт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?