Чым патлумачыць той прэсінг, пад які падпалі дэмакратычныя актывісты, што пажадалі адзначыць у Сьвіслачы Дзень памяці паўстанцаў 1863 году? Адкуль такі імпэт у "органаў"? Гэта ж не "Сацыяльны марш", калі апазыцыя наступае ўладзе на балючы мазоль!

Наадварот, калі ўжо на тое, дык лёзунгі Кастуся Каліноўскага, здавалася б, цалкам дапасуюцца да задачаў сёньняшняга супрацьстаяньня "энэргетычнай імпэрыі". Хто-кольвек нават прадракае: вось-вось улада адумаецца ды пачне беларусізавацца. Бо йначай як жа выбудоўваць дзяржаву ды нацыю?

Але тут адбываецца якая-небудзь чарговая прэсавая канфэрэнцыя — і атрымайце, панове, халодны душ! Зноў чуецца, што расейцы і беларусы — адзін народ і ўсё такое (мяне, дарэчы, кожны раз цікавіць, зь якім канкрэтна этнасам Расеі нас ідэнтыфікуюць — башкірамі, чукчамі, чачэнцамі, комі-пермякамі ці яшчэ кім? :)

Наўрад ці мерапрыемствы органаў у такіх выпадках, як вось гэтая "Апэрацыя "Сьвіслач", каардынуюцца з самага верху. Але арганізатары прэсінгу пэўна адчуваюць, што дзейнічаюць у рэчышчы генэральнай лініі. І што за перабор ніхто іх не папракне.

Генэральная ж лінія палягае ў тым, што апанэнтам улады нельга даваць узьняць галаву ні пад якай маркай. Гэта — звышзадача. Ну а дзяржаву й нацыю хоцькі-няхоцькі будуць ляпіць паводле сурагатнага праекту. Без улучэньня нацыянальна сьвядомых сілаў і без звароту да поўнафарматных варыянтаў айчыннай гісторыі ды культуры.

Наверсе нутром адчуваюць, што ў гэтых фарматах яны не гульцы. Адукавацца позна, дый на чорта? Мяркуецца, што "забеларусам" зь лішкам хопіць хакейнага заўзятарства пад чырвона-зялёным сьцягам, "Лініі Сталіна" і "Дажынак".

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?