Украінскаму бізнэсоўцу Дзмітрыю Фірташу прад'яўлена абвінавачванне ў даванні хабару індыйскім чыноўнікам для атрымання дазволаў на распрацоўку радовішчаў тытана ў Індыі.

Reuters.com

Reuters.com

Аб гэтым паведамляецца ў распаўсюджаным у сераду прэс-рэлізе міністэрства юстыцыі ЗША.

Усяго ў рамках справы пра расследаванне міжнароднай карупцыйнай схемы пад следствам знаходзяцца шэсць чалавек, у тым ліку Дзмітрый Фірташ, венгерскі прадпрымальнік Андраш Кноп, грамадзянін Украіны Сурэн Геваргян, індыйскі палітык Рамачандра Рао і два камерсанты з Індыі і Шры-Ланкі.

Расследаванне паказала, што пачынаючы з 2006 года, у якасці хабару індыйскім чыноўнікам было перададзена каля $18,5 млн у абмен на атрыманне дазволу на распрацоўку горназдабыўной шахты ў індыйскім штаце Андхра-Прадэш.

Штогадовы прыбытак ад праекту мог дасягнуць $ 500 млн. Частка тытана мела прадавацца фірме Company A, якая базуецца ў Чыкага.

Па дадзеных следства, Фірташа вёў перамовы з індыйскімі чыноўнікамі і даваў распараджэнне аб выдзяленні ім сродкаў у абмен на прэферэнцыі ў прадастаўленні дазвольных дакументаў.

Таксама па яго ўказанні, як сцвярджаецца, падраблялі дакументы на перадачу гэтых грошай з мэтай маскіроўкі незаконных выплат пад звычайныя камерцыйныя плацяжы.

Расследаванне было праведзена сіламі падраздзялення ФБР ў Чыкага, разгляд вядзецца спецыялістамі суд паўночнай акругі штата Ілінойс.

21 сакавіка Дзмітрый Фірташ быў звольнены зямельным судом Вены з турмы пад заклад у 125 млн еўра. Там ён апынуўся пасля таго, як яго затрымала паліцыя па запыце праваахоўных органаў ЗША.

Фірташ займаў 4-е месца ў рэйтынгу самых багатых людзей Украіны (2013). Ягонае багацце ацэньваецца ў $3,5 млрд. Яго актывы аб'яднаныя ў міжнародную групу кампаній «Group DF», асноўнымі кірункамі дзейнасці якой з'яўляюцца азотны, тытанавы, газавы і банкаўскі бізнэсы. Ён узначальвае Федэрацыю працадаўцаў Украіны, якая аб'ядноўвае ўвесь буйны ўкраінскі бізнэс.

Вялікі рэзананс у пачатку 2013 года выклікала набыццё групай Фірташа кампаніі Inter Media Group, у якую ўваходзяць тэлеканалы «Інтэр», НТН, К1, «Мега», «Энтэр-фільм», К2, «Піксель» і MTV.

Яго тэлеканалы былі ключавымі ў прапагандзе Януковіча. Напярэдадні ўцёкаў Януковіча «Інтэр» рэзка памяняў тон.

Лічыцца, што Фірташ звязаны ценевымі сувязямі з Уладзімірам Пуціным. Прынамсі, менавіта з удзелам прэзідэнта Пуціна было вырашана, што пастаўкі газу ва Украіну «Газпром» будзе ажыццяўляць не наўпрост, а праз структуры Фірташа.

Для гэтага ў 2004 годзе ўкраінскі бізнэсмэн супольна з «Газпромам» стварыў кампанію «Расукрэнерга» для ажыццяўлення транзіту газу ва Украіну і ў краіны Еўрасаюза. У тым жа годзе была набыта аўстрыйская кампанія Zangas Hoch-und Tiefbau GmbH, якая спецыялізуецца на будаўніцтве газаправодаў.

Кансалідаваная выручка Group DF за 2012 год складала прыкладна $6 млрд, а EBITDA — $ 1,3 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?