Таму я і вырашыў напісаць артыкул. Большасць людзей, якая выказаліся ў каментарах, — не спецыялісты ў анамастыцы, таму і прыводзіліся шматлікія версіі, ад літоўскай апелятыўнай лексікі да рускіх прозвішчаў. Адзначу адразу, што назвы населеных пунктаў ад апелятыўнай лексікі (за рэдкім выключэннем) не ўзнікалі. Таму самая вялікая памылка, якую робяць недасведчаныя ў анамастычных даследаваннях людзі, — наступная: бяруць за аснову слоўнік любой мовы (няважна, беларускай, літоўскай, польскай, фінскай), знаходзяць там падобныя словы і лічаць, што назва ўтварылася менавіта ад гэтай лексемы. Насамрэч гэта далёка не так. Як быць тады са словамі, агульнымі для розных моваў? Таксама важная рэч, а дзе гарантыя, што гэтая назва аўтэнтычная? Тэарэтычна яна магла стаць новай, таксама прыстасавацца пад фанетычныя, марфалагічныя асаблівасці мовы, якая панавала на гэтай тэрыторыі. Многія незразумелыя назвы проста прыстасоўваліся пад зразумелыя лексемы. І праз гэта ва ўсе часы ўзнікала шмат непаразуменняў.

Вядома, што айконімы ў сваёй большасці другасныя і ў асноўнай масе ўтвораныя ад антрапонімаў, ад саміх айконімаў, ад гідронімаў, а астатняя невялікая колькасць мае рознае паходжанне. Згодна з апошнімі даследаваннямі, лічыцца, што большасць назваў на –шчына маюць антрапанімічнае альбо патранімічнае паходжанне. І таму на першы погляд яго паходжанне адназначнае — утворанае ад адпаведных прозвішчаў з асновай шарк-. На жаль, сама форма назвы Шаркаўшчына не дае магчымасці рэканструяваць само прозвішча, на аснове якога ўзнік сам айконім. Вось тут і блытаніна. Прагучалі шматлікія версіі, ад літоўскіх да рускіх прозвішчаў. Таму далей паспрабуем разгледзець розныя гіпотэзы ўзнікнення назвы і разабрацца, якая найбольш праўдападобная.

Даследчык беларускіх прозвішчаў М. Бірыла прыводзіць у сваіх працах беларускае прозвішча Шарко, сумнеў выклікае канчатак –о. На яго думку, яно магло суадносіцца са словамі «шаргун» ці «шэры, шарак». На жаль, даследчык не прыводзіць дадзеных адносна арэала распаўсюджання імені, што вельмі важна. Таму мы не маем дастаткова абгрунтаванняў, каб выводзіць імя ад гэтага прозвішча.

Далей разгледзім прозвішча Шаркоў. І тут звернемся крыху да гісторыі. Шаркаўшчына ўпершыню згадваецца ў 1503 г., г.зн. Шарковы ўжо да гэтага часу не толькі павінныя былі жыць у гэтым населеным пункце, але і насіць дадзенае прозвішча ці мянушку. Давайце паспрабуем паглядзець па розных гістарычных крыніцах, ці зафіксаваная гэтая форма антрапоніма ў нашым рэгіёне. З даступных на сённяшні дзень крыніцаў, на жаль, Шарковы сярод жыхароў рэгіёна не сустракаюцца. Таксама глянем на саму форму. Антрапонімы з канчаткам на –оў характэрныя для рускіх прозвішчаў, а таксама для ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. Да Шаркаўшчыны тут далёка. Да таго ж, рускія прозвішчы толькі ў ХІХ ст. (больш падрабязна гл. артыкул «Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расійскія: усё пра іх»). Зноў не падыходзіць храналагічна. Таму наўрад ці магло гэтае рускае па форме прозвішча стаць топалексемай у дадзеным рэгіёне ў XVI ст.

Калі паглядзець на наш рэгіён з гістарычнага пункту гледжання, звернем увагу на тое, што самыя архаічныя назвы ў нас фінскага паходжання. Іх на тэрыторыі рэгіёна захавалася вельмі мала, але нам варта разгледзець і гэтую гіпотэзу. Самае цікавае, што ў дыскусіі яна ні разу не прагучала. У той жа час знакаміты даследчык тапаніміі Ю. Трусман дадзеную назву лічыць фінскай і як аргумент прыводзіць цэлы шэраг апелятываў, якія сустракаюцца ў фінскіх мовах: эстонскае sӓrg ‘плотка’, фінскае sӓrki ‘тое самае’, куршскае і ліўскае sӓrg ‘чырвонае ці рыжае вока’. Як бачым, апелятыў цалкам мог паслужыць словаўтваральнай мадэллю для топалексемы, на аснове якой узнік вышэйзгаданы айконім (у нашых вадаёмах водзіцца шмат плоткі). Але наўрад ці магла назва населенага пункта захоўвацца больш чым дзве тысячы гадоў. Зразумела, што назва айконіма захавацца не магла, праўда, магла пазней узнікнуць на аснове гідронімаў, утвораных з вышэйзгаданай топалексемы. Але ў Шаркаўшчыне і паблізу падобныя назвы вадаёмаў не зафіксаваныя. Такім чынам, мы чарговы раз не маем дастатковых доказаў, каб пацвердзіць фінскі след у паходжанні імені.

Калі мы паглядзім на аднакарэнныя назвы, якія сустракаюцца блізу Шаркаўшчыны, у Браслаўскім раёне знойдзем два айконімы Шаркішкі. Яны і дапамогуць нам раскрыць таямніцу паходжання імені. Літоўская айканамічная мадэль на –ішкі ўтвораная тым самым чынам, што і беларуская на –шчына: ад імёнаў альбо ўладальнікаў населеных пунктаў альбо ад назвы групы людзей, якая там пражывае. Такім чынам, літоўскія назвы на –ішкі ідэнтычныя беларускім на –шчына (антрапонім + патранімічны суфікс).

Прагледзім арэал распаўсюджання айконімаў Шаркішкі, бо длябольш дакладнай этымалогіі населенага пункта неабходна вывучыць арэал распаўсюджання ідэнтычных назваў. Большасць з іх акрамя Браслаўскага сустракаецца ў Варэнскім, Віленскім, Зарасайскім, Малецкім, Алітускім раёнах Літоўскай Рэспублікі, у тых, якія непасрэдна мяжуюць з Беларуссю і знаходзяцца блізка да Браслаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Такім чынам вымалёўваецца арэал распаўсюджання назвы: заходняя частка Віцебскай і Гродзенскай абласцей і ўсходняя частка Літвы. Гэта дае нам магчымасць сцвярджаць, што тут у значнай колькасці быў распаўсюджаны антрапонім, які паслужыў асновай для ўзнікнення дадзенага тыпу айконімаў.

Словаўтваральнай мадэллю для айконіма Шаркішкі хутчэй за ўсё сталі літоўскія антрапонімы Šárka, Šárkis, Šarkỹs. Ідэнтычнасць словаўтваральнай мадэлі, а таксама прыналежнасць да арэала распаўсюджання імені дае падставы сцвярджаць, што разгляданы айконім узнік на базе вышэйпрыведзеных айконімаў. Цвёрдасць гука к у аснове назвы ўказвае, што ў дадзеным выпадку асновай для ўтварэння паслужыў антрапонім Šárka.

Такім чынам, разгледзеўшы ўсе найбольш імаверныя версіі прыходзім да высновы, што назва Шаркаўшчына ўтварылася на базе балцкага (літоўскага) антрапоніма.

Нераскрытым засталося пытанне, як правільна: Шаркаўшчына ці Шаркоўшчына. Нягледзячы на тое, што айконім узнік з літоўскага антрапоніма, утварыўся ён па беларускай словаўтваральнай мадэлі: антрапонім + патранімічны суфікс –шчына. Само імя ўтрымлівае звесткі пра людзей (чалавека), якія далі яму назву, то паспрабуем прааналізаваць, як утвараліся такія назвы. Зразумела, што па пытанні «чый?». Чый дом, чый надзел, чый кавалак? Паспрабуем прасачыць, якія прыметнікі ўтвараліся ад мужчынскіх імёнаў на –а: Васька — васькаў, Пецька — пецькаў, Шэнда — шэндаў, Краська — краськаў і г.д. Разгледзім тое самае ў рускай мове: Васька — васьков, Петька — петьков, Ванька — ваньков і г.д. Няцяжка заўважыць, што ў беларускай мове атрымліваецца канчатак –аў, у рускай — –ов. Цяпер можам праілюстраваць дакладнае ўтварэнне нашага айконіма. У беларускай мове: Шарк+аў+шчына, у рускай мове: Шарк+ов+щина. І тут выразна вымалёўваецца, адкуль узялася Шаркоўшчына: гэта стопрацэнтны русізм, калька з рускай мовы.

На жаль, за апошнія часы, калі наша тапаніміка стала моцна зрусіфікаванай, мы вельмі часта, нават не задумваючыся, выбіраем зрусіфікаваныя варыянты, як і адбылося ў дадзеным выпадку.

Пры аналізе тапанімікі мы не павінныя забывацца, што наш раён знаходзіцца на балта-славянскім (беларуска-літоўскім) моўным і этнічным памежжы. Таму нам варта абапірацца на словаўтваральныя мадэлі, характэрныя для літоўскай і беларускай, а не беларускай і рускай тапанімікі.

Сам жа айконім Шаркаўшчына адлюстраваў у сабе этнічныя працэсы, якія адбываліся на гэтай тэрыторыі. У ім адгалосак балцкай цывілізацыі. Усё вышэйпададзенае ілюструе, як адбывалася паступовая асіміляцыя балцкага насельніцтва славянскім (у нашым выпадку асіміляцыя літоўскага насельніцтва беларускім): свядомасць яшчэ заставалася балцкай, але мова рэгіёна ўжо была беларускай.

У многіх застаецца пытанне, а як жа быць з Шаркаўшчынай ва Украіне. Так, гэтая назва ўтвораная па той самай мадэлі: антрапонім + патранімічны суфікс. Але ў аснове ляжаў зусім іншы антрапонім, і тут адбылося ўсяго толькі фармальнае супадзенне. Такім чынам, нягледзячы на тое, што гэтыя назвы фармальна супадаюць, знаку роўнасці паміж імі ставіць нельга.

Хочацца выказаць падзяку мясцовым чыноўнікам, у якіх хапіла розуму ўвесці ва ўжытак аўтэнтычную беларускую, а не зрусіфікаваную назву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?