Усе будаўніча-мантажныя работы ў сталічным аквапарку «Лебядзіны», які знаходзіцца на вадасховішчы Дразды, завершаныя, паведаміў 2 красавіка намеснік начальніка інвестыцыйнага ўпраўлення ДВА «Мінскбуд» Аляксандр Крачко.

«Зараз вядуцца пусканаладачныя работы 16 горак, басейны ўжо напаўняюцца вадой, па 20 см у дзень, — зазначыў ён. — 5 красавіка да нас прылятаюць міжнародныя эксперты сертыфікацыі ТЮФ, якія і выдадуць першыя рэкамендацыі па выпрабаваннях аквапарку».

Аквапарк плануецца адкрыць для наведвальнікаў 1 мая. Усяго тут будзе 16 горак і атракцыёнаў, два цэнтры — дзіцячы і сямейны, дзе размесцяцца спа-комплекс, трэнажорная зала, сауны, зона грамадскага харчавання, дзіцячая забаўляльная зона. У інтэр'еры будзе шмат зялёнага дэкору — пальмы, вісячыя ліяны і іншае. У дажджавых гротах — імітацыя скал, з якіх цячэ вада, з падлогі будзе ўзнімацца пара, паветра будзе араматызаванае. Унутры труб горак праведзена святлодыёдная падсветка, прадугледжана музыка.

У вялікую спа-зону ўваходзяць восем лазняў. Апрача рускай парыльні, фінскай саўны, турэцкага хамама тут будуць і лаконіум (сухая лазня), тэпідарыум (фізіялагічна рэгенерыруючая), калдарыум (цеплавая кабіна з павышанай вільготнасцю і тэмпературай 37—45 °С), а таксама саляны і «снежны» пакоі. Побач — кабінеты рэлаксацыйных, антыстрэсавых, аднаўляючых спа-праграм.

На базе аквапарку пабудаваны амерыканскі атракцыён «Дарк райд», які прапаноўвае ажыццявіць міжгалактычнае падарожжа на іншую планету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?