Цэнтральная выбарчая камісія Украіны адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Дарту Вейдэру.

У рашэнні ЦВК адзначаецца, што Дарту Вейдэру адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе прадстаўлення непраўдзівых звестак пра месца і час правядзення з'езду Інтэрнэт-партыі Украіны.

Дарт Вейдэр падаў дакументы, дзе ўказвалася, што з'езд прайшоў 25 сакавіка ў вёсцы Мікалаеўка Адэскай вобласці, аднак выканаўчы камітэт гэтага сяла падаў ЦВК даведку, што па ўказаным адрасе, дзе павінен быў праходзіць з'езд, размешчаны жылы дом, і ніякія масавыя мерапрыемствы ў ім не праводзіліся 25 сакавіка.

У камісіі адзначылі, што СМІ паведамлялі пра з'езд Інтэрнэт-партыі Украіны ў Кіеве 29 сакавіка, аднак дакументы наконт гэтага з'езда ў ЦВК ад кандыдата не былі пададзеныя.

Прадстаўляючы праект рашэння па Дарту Вейдэру, член ЦВК Ігар Жыдзенка, адзначыў, што спробу рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты можна было б разглядаць як жарт, «калі б хтосьці не заплаціў за гэта 2,5 млн грн» (каля 250 тыс. даляраў).

Член камісіі выказаў здагадку, што такая акцыя рабілася з мэтай дыскрэдытацыі выбарчай кампаніі.

Пры гэтым Жыдзенка выказаў меркаванне, што гэта «брудная выбарчая тэхналогія», накіраваная на дыскрэдытацыю не толькі выбараў, але і краіны ў цэлым. Ён звярнуў увагу на тое, што гэтай персоне вельмі шмат увагі надаюць расійскія СМІ.

Ён таксама назваў сапраўднае імя Дарта Вейдэра — Віктар Шаўчэнка, якое ён змяніў 19 сакавіка ў Абалонскім райаддзеле міліцыі Кіева.

Жыдзенка паведаміў, што не адносіцца Дарт Вейдэр і да кампаніі, якая ўнесла заклад: ТАА «Цёмны бок сілы» зарэгістраванай толькі 24 сакавіка 2014 г.

Таксама ўстаноўлена, што кандыдат не ўласнаручна запаўняў дакументы, акрамя графы « Асабісты подпіс».

У пазачарговых выбарах прэзідэнта Украіны 25 мая 2014 г. возьмуць удзел 23 кандыдаты.

Сярод зарэгістраваных — Вольга Багамолец — галоўны доктар Майдану; член Партыі рэгіёнаў Юрый Бойка; нардэп, былы міністр абароны Анатоль ГрыцэнкаМіхаіл Добкін — экс-старшыня Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі; былы міністр сацыяльнай палітыкі Наталля Каралеўская, былы намеснік генпракурора Рэнат Кузьмін; незалежны дэпутат, кіраўнік Радыкальнай партыі Алег Ляшко; прадпрымальнік Пятро Парашэнка; прадпрымальнік, кіраўнік Усеяўрэйскага кангрэса Вадзім Рабіновіч, кіраўнік кампартыі Пятро Сіманенка; лідар партыі «Свабода» Алег Цягнібок, члены Партыі рэгіёнаў Алег Цароў, Сяргей Цігіпка, экс-прэм'ер і экс-палітвязень Юлія Цімашэнка, лідар «Правага сектара» Дзмітрый Яраш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?