Сумнавядомы апошнім часам расійскі тэлеканал НТВ абнародаваў сёння «шакуючыя кадры» ўкраінцаў, якія, маўляў, планавалі тэракты ў Расіі.

Па звестках спецслужбаў, сцвярджае расійскі тэлеканал, тэракты рыхтаваліся з 14 па 16 сакавіка ў сямі рэгіёнах — Растоўскай, Валгаградскай, Цвярской, Арлоўскай, Белгарадскай абласцях і ў рэспубліках Калмыкія і Татарстан.

Усе затрыманыя, 25 чалавек, сярод якіх трое актывістаў «Правага сектара», ужо пацвердзілі атрыманне інструкцый ад прадстаўнікоў СБУ.

Сярод іх задач была фотаздымка месцаў дыслакацыі і руху ваеннай тэхнікі ўзброеных сіл Расіі ў прыгранічных рэгіёнах, а таксама ўстанаўленне кантактаў з расійскімі радыкальнымі структурамі. Зараз у дачыненні да затрыманых праводзіцца дазнанне і папярэдняе следства.

Украінскія СМІ, паведамляючы пра гэту «сенсацыю», папярэджваюць, што рэпартажы НТВ апошнім часам адрозніваюцца часам хлуснёй і перакручваннем фактаў.

Так супала, што сёння кіраўнік Службы бяспекі Украіны Валянцін Налівайчанка і кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў далі брыфінг, дзе заявілі пра датычнасць ФСБ Расіі да спробаў крывавага разгону Майдану 18—20 лютага, дзе загінула больш за 90 чалавек.

Так, кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка зазначыў, што ў планаванні аперацыі на Майдане прымалі ўдзел 26 супрацоўнікаў ФСБ Расіі.

Паводле яго слоў, гэтыя асобы прыбылі ва Украіну ў сярэдзіне студзеня, і ёсць інфармацыя, што групы былі размешчаны пад Кіевам на тэрыторыі вучэбнага цэнтра СБУ. Больш за тое, адзначыў Налівайчанка, туды былі праведзены лініі ўрадавай сувязі, і тагачасны старшыня СБУ Аляксандр Якіменка асабіста прыязджаў да іх на даклад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?