Мінская Дзяржаўтаінспекцыя плануе ўвесці новае рашэнне ў арганізацыі руху веласіпедыстаў.
Як паведамляе ўпраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, на некаторых участках вуліц з'явяцца спецыяльныя велапераезды. Яны будуць выглядаць як пешаходныя пераходы, прызначаныя толькі для руху двухколавага немеханічнага транспарту. Асфальт у такіх месцах пафарбуюць у зялёны колер, а святлафоры будуць працаваць кругласутачна. Першы такі пераезд з'явіцца ўжо ў гэтым месяцы.
Цяпер згодна з ПДР усе веласіпедысты, якія рухаюцца па тратуары са спецыяльнай разметкай на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў, павінны спешвацца на пераходах. Новае рашэнне пазбавіць іх ад гэтай неабходнасці.
З прававога пункту гледжання, гэты ўчастак дарогі будзе лічыцца веладарожкай. У выпадку канфліктных сітуацый вадзіцель, згодна з правіламі, павінен будзе саступіць веласіпедысту. Пра зялёны пераезд будуць папярэджваць знакі.
Для веласіпедыстаў, якія накіроўваюцца па праспекце Незалежнасці, іх абуладкуюць на наступных вуліцах:
Купалы, Кісялёва, Казлова, Коласа, Дарашэвіча, Броўкі, Акадэмічнай, Сурганава, Чорнага, Калініна, Макаёнка — гэта значыць ад Белдзяржцырка да Маскоўскага аўтавакзала. На праспекце Пераможцаў падобны ўчастак не перасякае вуліцы, толькі праезды. Ён будзе пачынацца ад стэлы «Мінск — горад-герой». Да пачатку лета плануюць прымяніць такое рашэнне і на вуліцы Ташкенцкай.
Размова ідзе толькі пра рэгуляваныя пераходы, святлафоры там будуць працаваць кругласутачна. На нерэгуляваных веласіпедыстам трэба будзе спешвацца, як і раней. У гэтых месцах зніжаны бардзюры.