12.04.2014 / 10:10

Лёс сям’і пана падлоўчага: Ядвіся з трылогіі «На ростанях»: што з ёй стала 7

Ядвіга Бахенская (Баранцэвіч), в. Тухавічы(?), канец 1920-х. На жаль, гэта найбольш ранні вядомы здымак Ядвісі.

Габрыэля Баранцэвіч, 1908 год.

Герб «Ляліва» на сямейных дакументах Баранцэвічаў, першая палова ХІХ ст.

Габрыэля Серафін (Баранцэвіч) з наймалодшым унукам Раманам, Канада, 1982 год.

Магіла Ядвігі Бахенскай (Баранцэвіч) і яе дачкі на могілках «Долы» ў Лодзі. Фота Барбары Мацяшчык, 2013.

Афіша польскага дакументальнага фільма «Афрыка майго дзяцінства» (2009), адным з герояў якога з’яўляецца Крысціна Прыёмка-Серафін, унучка пана падлоўчага.

«Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся. «Я — ліцвін», — з нейкаю гордасцю зазначаў пан падлоўчы і сваю належнасць да ліцвіноў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча — Баранкевіч — мела канчатак на «іч», тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на «скі»: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі».

Гэтая «дэкларацыя ліцвінскасці» ўрэзалася мне ў памяць яшчэ ў сярэдняй школе, дзе трылогію Якуба Коласа «На ростанях» мы падрабязна разбіралі на ўроках беларускай літаратуры. Урок за ўрокам мы сачылі за жыццёвым шляхам маладога настаўніка Лабановіча, які прыехаў вучыць дзяцей палескай вёскі Цельшына, абмяркоўвалі вобразы старожкі бабкі Мар’і, настаўніка Саханюка, падлоўчага Баранкевіча і ягоных дачок Габрысі і Ядвісі. Памятаю, колькі юнацкіх эмоцый выклікала гісторыя кахання маладога Лабановіча да «лепшай, прыгажэйшай казкі Палесся» — да Ядвісі.

З часам я даведаўся, што правобразам Лабановіча быў сам пісьменнік, а Цельшына — гэта насамрэч Люсіна, што ў сённяшнім Ганцавіцкім раёне. Прататыпам Ядвісі Баранкевіч была Ядвіга Баранцэвіч. Беларускі паэт Сяргей Новік-­Пяюн пісаў, што Ядвіга жыла ў 1930­-я ў Слоніме, а пасля з’ехала ў Польшчу. Новік-­Пяюн, спасылаючыся на Гальяша Леўчыка, сцвярджаў, нібы Ядвіга нават друкавала вершы ў «Нашай Ніве» пад псеўданімам Юстына…

Нядаўна, дзякуючы выпадковым супадзенням, мне ўдалося адшукаць нашчадкаў падлоўчага Баранцэвіча. Іх аповеды, пісьмовыя ўспаміны Габрыэлі Баранцэвіч, сястры Ядвігі, разам з архіўнымі звесткамі дазволілі больш даведацца пра сям’ю пана падлоўчага і яе лёс.

 * * *

«Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гарадзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду».

11 лютага 1856 у маёнтку Міронім Слонімскага павета ў сям’і

Яна­ Станіслава Баранцэвіча і Францішкі з Камароўскіх нарадзіліся двайняты. Дзяўчынку назвалі Філаменай, хлопчыка — Ігнацыем. Пра маці двайнятаў вядома няшмат. Паводле ўспамінаў унучкі, бабуля Францішка мела добрую адукацыю, ведала некалькі моваў, скончыла музычную школу ў Вільні. Нашчадкі Францішкі перакананыя, што Камароўскія мелі графскі тытул. Калі гэта так, то паходзіла яна з тых жа Камароўскіх, што і сённяшні прэзідэнт Польшчы.

Баранцэвічы графскага тытула не мелі, але род гэты сапраўды быў старым. Напаўлегендарныя звесткі пра пачынальнікаў адносяцца да пачатку XVI ст.

Міронім, або па-­іншаму Ваўчовыя, — прататып таго маёнтка, куды «да сваякоў на Гарадзеншчыну» ездзіла коласаўская Ядвіся. Ян­Станіслаў, бацька Ігнацыя, памёр рана, і Францішка пераехала з дзецьмі ў маёнтак Устронь, які належаў ёй яшчэ да шлюбу. Ва Устроні прайшлі маладыя гады Ігнацыя, пры гэтым ён і надалей часта бываў у Міроніме: там жыла сям’я роднага дзядзькі Тэафіла.

У сярэдзіне 1880­-х ва Устроні адгулялі вяселле — Ігнацый ажаніўся з Марыяй Немчыновіч. У 1888 у сям’і нарадзілася першая дачка Ядвіга. Праз два гады — Габрыэля, пазней — яшчэ чацвёра дзяцей: дзяўчынкі Вацлава і Зося, якія памерлі маленькімі, і сыны Ян і Чэслаў. У 1895 Баранцэвічы прадалі Устронь і пераехалі ў Люсіна, дзе Ігнацый паступіў на службу ў лясную гаспадарку графа Патоцкага. Праз два гады пасля пераезду жонка памерла, пакінуўшы падлоўчага з чатырма дзецьмі. Выхоўваць іх Ігнацыю дапамагала маці — яна зноў пасялілася ў Міроніме і забрала туды старэйшых унучак. У 1900 Ігнацый ажаніўся другі раз, і дочкі вярнуліся ў Люсіна. Яшчэ праз два гады працаваць у Люсіна прыехаў малады настаўнік рускай мовы Канстанцін Міцкевіч…

* * *

Другая частка трылогіі пачынаецца з таго, як настаўнік Лабановіч вырашае з’ехаць. Пачуцці да Ядвісі ды яе нечаканы ад'езд з вёскі — галоўная прычына рашэння настаўніка. «Яна была, і там было жыццё, там жыла радасць, нейкая паўната гэтага маладога жыцця. А цяпер яе няма там — і ўсё зблекла, як бы замерла…» — так апісваў Колас думкі Лабановіча ў той момант.

Што ж сталася з Ядвісяй і яе сям’ёй пасля?

У 1906 Ядвіся выйшла замуж за Канстанціна Бахенскага, ляснічага ў графа Патоцкага. У сям’і нарадзілася трое дзяцей: дочкі Зося, Аліна і сын Багдан.

Крысціна Грыневіч, унучка Ядвігі, расказвала, што яе дзядуля з бабуляй жылі ў леснічоўцы Тамашоўка, але дзе дакладна была тая мясцовасць, 82­гадовая спадарыня Крысціна не памятала.

Габрыся таксама пакінула Люсіна, уладкаваўшыся на службу ў маёнтак Вейна каля Магілёва. Адпрацаваўшы год, яна вярнулася дадому і заклала ўласную пасеку. У 1913 выйшла замуж за ляснічага Юзафа Баевіча. Праз год пачалася вайна, і Баевіча як аўстрыйскага падданага выслалі ў Сібір. Габрыэля, застаўшыся з маленькім сынам Тадэвушам на руках, паехала да сястры. Калі праз год мужа вызвалілі, Габрыэля паехала да яго ў Расію. Пасля некалькіх пераездаў сям’я пасялілася ва Украіне, дзе на свет прыйшлі дочкі Юля і Галіна. Муж уладкаваўся ляснічым, і жыццё пакрысе наладзілася.

Спакой парушылі рэвалюцыя і чарговая вайна. У 1919 бальшавікі забілі мужа Габрыэлі, яе саму чакаў тыф, расcтанне з дзецьмі, голад і блуканні. У 1920 Кіеўшчыну занялі палякі, з іх дапамогай Габрыэлі з дзецьмі ўдалося дабрацца да Баранавічаў і ў рэшце рэшт да сястры. Гасцяваць у Бахенскіх прыйшлося нядоўга — ратуючыся ад бальшавікоў, сёстры падаліся на захад. Габрыэля згадвала, што ісці часта трэба было пешкі, а ў дождж спаць пад вазамі не распранаючыся. Бежанцы дабраліся ажно да польскага Радама.

Калі фронт адкаціўся за Менск, дочкі падлоўчага вярнуліся ў родныя мясціны. Ядвіга з мужам і пасяліліся ў Тухавічах між Слонімам і Баранавічамі, дзе і жылі наступныя 20 гадоў.

Ці жыла Ядвіга ў Слоніме, як пісаў Новік­Пяюн? У Слоніме атрымлівалі адукацыю дочкі Ядвігі, а сын Багдан вучыўся на ляснічага ў Жыровічах. Хутчэй за ўсё, Ядвіга прыязджала ў Слонім да дзяцей.

Габрыся ж пасялілася з дзецьмі на Лунінеччыне — родны брат Ян атрымаў там пасаду ляснічага. Другі брат, Чэслаў, не вярнуўся з франтоў Першай сусветнай. А каля 1925 памёр і Ян. Род пана падлоўчага па мужчынскай лініі згас…

Прыкладна ў той жа час Габрыэля выйшла замуж за адстаўнога вайскоўца Стэфана Серафіна. У другім шлюбе ў Габрыэлі было чацвёра дзяцей. Новая сям’я жыла бедна, працуючы на зямлі і спрабуючы пракарміцца з хатняй гаспадаркі.

Бахенскія жылі ў большым дастатку. Ядвіга не забывала матэрыяльна падтрымліваць сястру. Пад канец 1930-­х Бахенскія амаль скончылі будаваць новы дом, дзе планавалі сустрэць старасць. Гэтыя планы перакрэсліла чарговая вайна.

* * *

Нічога добрага ад савецкай улады ані сям’я Ядвігі, ані Габрыэлі чакаць не маглі. Польскіх ляснічых савецкая ўлада па азначэнні адносіла да ворагаў, як і тых, хто ваяваў з бальшавікамі ў 1920­-я. А Стэфан Серафін акурат быў уланам, удзельнікам савецка­польскай вайны.

Узімку 1939—40 года Ядвіга з мужам паехалі ў Баранавічы — пагасціць у дачкі. На наступны дзень з Тухавічаў прыйшла трывожная вестка: іх новы дом спалілі невядомыя. Баючыся за свае жыцці, Ядвіга з мужам засталіся ў Баранавічах.

Серафінаў пачатак вайны заспеў у Пінску. Аднаго дня, едучы ў цягніку, Габрыэля падслухала размову двух энкавэдзістаў пра планаваны арышт свайго мужа. Папярэджаны Стэфан уцёк праз дэмаркацыйную лінію ў нямецкую акупацыйную зону.

Пра саму Габрыэлю з дзецьмі новая ўлада прыгадала на пачатку 1940 года. Усё адбывалася, як і ў дзясятках тысяч іншых дамоў Заходняй Беларусі: мінімум часу на зборы, мінімум рэчаў з сабой, доўгая паездка ў халодным вагоне­цялятніку…

Сям’я Серафінаў апынулася ў пасёлку Уйма пад Архангельскам, на лесапавале. Ад непазбежнай смерці жанчыну і яе дзяцей выратавала маладзейшая пара, якая прапанавала замяніцца працай. Так Габрыэля пачала працаваць на цагельні.

Жанчына не ведала, дзе шукаць дапамогі. І напісала ліст да… Якуба Коласа.

Крысціна Прыёмка­-Серафін, малодшая дачка Габрэлі, згадвае, што маці не падала на канверце адрас. Аднак ліст дайшоў. У адказ прыйшла пасылка з рэчамі, прадуктамі і кнігай «У палескай глушы». Прачытаўшы, Габрыэля пераслала кнігу сястры. Пасылкі ад Якуба Коласа прыходзілі да чэрвеня 1941, да пачатку вайны. Прыкладна ў той жа час перасталі даходзіць лісты і пасылкі ад сястры. Наступны год Серафіны жылі перад абліччам галоднай смерці.

У ліпені 1941 было падпісанае пагадненне паміж СССР і эміграцыйным урадам Польшчы, і рэпрэсаваныя «былыя польскія грамадзяне» былі «амніставаныя». У 1942 сям’я Серафінаў трапіла ў туркменскі порт Краснаводск, на адзін з апошніх параходаў, які забіраў з СССР жанчын і дзяцей разам з арміяй генерала Андэрса. Фармаванні Андэрса сталі часткай брытанскіх войскаў, жанчыны і дзеці адпраўляліся ў розныя часткі Брытанскай Імперыі. Сям’я Габрыэлі трапіла ў Афрыку, у Танганьіку, дзе ў мясцовасці Тангеру (на тэрыторыі сучаснай Танзаніі) была створана вёска для польскіх перасяленцаў. Там у 1947 Габрыэля напісала ўспаміны, дзе, згадваючы сястру, пісала: «Няхай Найвышэйшы Бог дасць ёй здароўе альбо вечны супакой, калі яе няма ў жывых».

А Ядвіга жыла ўжо ў сацыялістычнай Польшчы.

Пахаваўшы ў Баранавічах у 1944 мужа, які памёр ад раку, яна не чакала на «другія саветы» і падалася з сям’ёй дачкі на захад. Новым і апошнім месцам жыхарства Ядвігі стала Лодзь. Яна памерла ў верасні 1955, так і не пабачыўшыся з сястрой. Якуб Колас перажыў яе менш чым на год…

Габрыэля, дзякуючы свайму сыну, які быў рэкрутаваны ў брытанскую армію, змагла пераехаць з Афрыкі ў Вялікабрытанію. Пазней яна некалькі разоў была ў Польшчы, але так і не змагла пабываць там, дзе прайшлі яе юнацтва і маладосць. Бог адмераў ёй пакутнае, але доўгае жыццё. Габрыэля памерла ў Канадзе, маючы 96 гадоў, яе прах пахаваны ў горадзе Хадэрсфілд у цэнтральнай Англіі, побач з сынам…

* * *

Нашчадкі Ядвігі і Габрыэлі жывуць у Польшчы, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Канадзе.

Крысціна Прыёмка­Серафін, дачка Габрыэлі, пасля паездкі ў Танзанію заснавала фонд, а ў ваколіцах афрыканскай вёскі, дзе сама вырасла, — прытулак для танзанійскіх дзяцей, маці якіх знаходзяцца ў турмах. У 2008 за сваю грамадскую дзейнасць унучка пана падлоўчага стала лаўрэатам Узнагароды імя Высокага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віейра ды Мелу.

Сяргей Кузняцоў нарадзіўся ў 1982 у Гродне. Юрыст, палітолаг. Дактарант польскай Акадэміі навук. Жыве ў Варшаве.

Сяргей Кузняцоў

0
Корч / Адказаць
12.04.2014 / 12:14
Дзякуй!
0
Барадаты Літвін / Адказаць
12.04.2014 / 14:38
Штосьці я не бачу з'едлівага каментара Ортодокса пра літвінаў, якія пазлазілі з дрэваў!
0
мэніпэя / Адказаць
12.04.2014 / 15:48
Міронім - чароўнае слова. Там ёсьць царква прыгожая вельмі. Каб жаж яе не скалечылі сучасныя беларусы... Ну чаму так? Што гэта, такое нялюдзкае, нас пераследуе? Чаго мы пра сябе ня ведаем?
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру