У пятніцу ў кнігарні «логвінаЎ» прайшла першая сустрэча з лонг-лістэрамі літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Падчас першай сустрэчы сваю кнігу прэзентавала Людміла Рублеўская.

«Ночы на Плябанскіх млынах» Людмілы Рублеўскай уяўляе з сябе зборнік розных рэчаў — у вялікі том увайшлі гатычны раман «Скокі са смерцю», аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах» (своеасаблівае пераасэнсаванне гарадскіх міфаў Мінска), апавяданні і цэлы шэраг іншых тэкстаў.

Рублеўская не першы раз трапляе ў лонг-ліст Гедройца, у мінулым годзе яе раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» дабраўся да «кароткага спісу», і шансы на перамогу ў пісьменніцы былі вельмі значныя. Сёлета шансы, з-за спецыфікі «Млыноў» нават вышэйшыя.

«Некаторыя з гэтых твораў напісаныя ў 2005-2006 годзе, але я не лічу іх састарэлымі, яны ўсе мне дарагія,- кажа пісьменніца. – Калі я зараз адкрываю цыкл «Старасвецкія міфы», які ўвайшоў у зборнік, то разумею, што сёння б магчыма так і не напісала».

Сустрэчы ў «логвінаве» праходзяць у цікавым фармаце – у намінантаў на прэмію бярэ інтэрв’ю пісьменнік, двойчы фіналіст Гедройца і сёлетні сябар журы Альгерд Бахарэвіч.

«Ці не здаецца вам, што за гэтыя некалькі год змяніўся сам чытач, літаратурны працэс?» — пытаецца Бахарэвіч.

Па меркаванні Рублеўскай, працэс змяніўся і моцна, не ў апошнюю чаргу дзякуючы інтэрнэту.

«Там кожны можа адчуць сябе пісьменнікам, тэкстаў вельмі шмат, не ўсе яны добрыя, мне падаецца, сама прафесія пісьменніка дэсакралізавалася, — кажа Рублеўская. — Але асабіста я веру, што існуе нейкі гамбургскі рахунак, па якім будуць ацэньвацца тэксты ў будучыні».

Далей гаворка заходзіць пра тое, ці не зашмат у Беларусі гістарычнай літаратуры. Людміла Рублеўская з такім тэзісам пагадзіцца не можа.

«Гэта ў нас шмат гістарычнай літаратуры? Тры-пяць аўтараў гэта надзвычай мала, іх павінна быць больш, хай яны будуць стаяць на супрацьлеглых пазіцыях, хай іх абмяркоўваюць, параўноўваюць.

Надзвычай шмат старонак беларускай гісторыі дагэтуль не вербалізавана. – кажа пісьменніца. – Вось як рабілі палякі і чэхі, яны масава пачыналі пісаць гістарычную літаратуру, якая, зразумела, была не роўнай па якасці, прайшла праз белетрызацыю, аднак у выніку яны маюць цэлы шэраг высокамастацкіх твораў. Таму яшчэ б чалавек дзесяць пісьменнікаў-»гісторыкаў» нам бы не зашкодзіла».

Як спадарыня Рублеўская абірае сваіх персанажаў?

«Гэта алхімія, гэта тое, ува што я веру, - кажа пісьменніца. – Калі б мне замовілі кнігу пра якую-небудзь выбітную гістарычную постаць, якую я не магла б адчуць, персаніфікавацца з ёй, стварыць якасны менавіта мастацкі твор бы ў мяне не атрымалася. Значныя гістарычныя постаці ёёсць у маіх творах, але яны найчасцей не галоўныя персанажы».

Далей размова заходзіць пра актуальнасць кніг, для спадарыні Людмілы актуальныя тэмы, гэта тое, што працягвае хваляваць – як тэма рэпрэсій 20-х і 30-х гадоў, да якой яна яшчэ вернецца ў будучыні.

«Зараз перачытваеш аўтараў старажытнай Грэцыі і Рыма, і разумееш, што яны цяпер нават больш актуальныя, чым цяперашнія найактуальнейшыя пісьменнікі, - кажа Рублеўская. – Я лічу, што прагрэсу ў мастацтве няма. І сапраўды значныя творы становяцца актуальнымі перыядычна. То бок якасныя кнігі могуць стаць актуальнымі раптоўна яшчэ раз – для наступнага пакалення».

Асобнае пытанне датычыцца цыкла «Гісторыі пані», які ўвайшоў у зборнік «Ночы на Плябанскіх млынах».

«Гэты цыкл цалкам аўтабіяграфічны, - кажа спадарыня Людміла. – Так, я сапраўды калісьці была прывідам парка Чалюскінцаў, вазіла транзістары ў Шаўляй, і ўсе іншыя гісторыі – чыстая праўда. Увогуле для мяне зборнік «Ночы..» надзвычай важны, бо некаторыя з гэтых твораў спачатку выходзілі па-расійску, ці па-ўкраінску, а цяпер выйшлі па-беларуску. Тут ёсць і аўтабіяграфічныя «Гісторыі..», і гарадскія легенды, і готыка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?