Барыкады ў цэнтры Кіева павінны стаяць да выбараў прэзідэнта, перакананы сотнік Самаабароны Майдана Уладзімір Парасюк.

«Майдану не трэба разыходзіцца: гэта адзіны ў краіне кантралюючы орган, сіла, якая прымушае ўладу працаваць. Гэта цэнтр рэвалюцыі, гэта месца, дзе выспявае грамадзянская супольнасць», — заявіў камандзір асобнай баявой сотні Майдана Уладзімір Парасюк.

Актывіст настойвае: разбіраць ці не намётавы гарадок і барыкады ў цэнтры Кіева павінен вырашыць толькі народ, а не ўлады або якія-небудзь арганізацыі.

«Наконт таго, што хтосьці кідае заявы, быццам Майдан павінен разысціся і што трэба разабраць барыкады, — дык я хачу звярнуцца да тых, хто гэта заяўляе: не вы іх будавалі, не вам іх разбіраць! Не вы адны вырашаеце. Барыкады будаваў ўвесь украінскі народ, таму ні адна арганізацыя ніякага права не мае браць на сябе такое рашэнне», — перакананы Парасюк.

Сотнік настойвае, што Майдан павінен прастаяць да 25 мая — дня выбараў прэзідэнта Украіны.

«Майдан павінен стаяць да выбараў прэзідэнта, а далей — час пакажа. У мяне такая пазіцыя: да выбараў прэзідэнта ён павінен стаяць, а пасля выбараў — як гаворыцца, пераможцаў не судзяць, вось і ўсё», — падсумаваў Парасюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?