«Дачка прыйшла са школы засмучанай. 
— Мам, нам зноў будуць прамываць мазгі… 
— Што такое? 
— У панядзелак ва ўсёй школы будуць класныя гадзіны па тэме «Крым наш». А яшчэ сачыненне задалі пісаць. Трэба абгрунтаваць, чаму гэта гістарычна справядліва…»

Гэта допіс з фэйсбука Ірыны Несцеравай, дачка якой вучыцца ў школе №20 у Хімках. Выпадак гэты далёка не адзінкавы. Паводле інфармацыі радыё «Свабода», цяпер у расійскіх школах паўсюдна праходзяць класныя гадзіны «Мы разам», прысвечаныя, паводле афіцыйнай версіі, «уз'яднанню Крыма з Расіяй».

Чыноўнікі хочуць растлумачыць дзецям «сэнс ўсіх падзей, якія адбываюцца ў Крыме і ва Украіне, і пазіцыю прэзідэнта».

Для тлумачэння прычын анэксіі Крыма падрыхтаваныя спецыяльныя метадычкі з красвордамі і гістарычнымі даведкамі.

На перадавых рубяжах прапагандысцкай працы — дэпутаты ад «Адзінай Расіі», якія разам з настаўнікамі праводзяць у школах палітінфармацыі аб сітуацыі ў Крыме.

Метадычныя матэрыялы, якія рассылаюцца па школах, носяць рэкамендацыйны характар. У іх, у прыватнасці, адзначаецца, што

рэферэндум, які адбыўся 16 сакавіка ў Крыме, прайшоў «у поўнай адпаведнасці з дэмакратычнымі працэдурамі і міжнародна-прававымі нормамі», а «ўз'яднанне Крыма з Расіяй — гэта знакавая падзея, якая адкрывае новую старонку гісторыі».

У якасці дадатковых матэрыялаў класным кіраўнікам даслалі крыжаванкі пра Крым і зварот Уладзіміра Пуціна да Савета Федэрацыі 18 сакавіка гэтага года.

На адным з такіх урокаў ва Ульянаўску пабываў карэспандэнт Радыё Свабода:

Урок «Мы разам» у 10 «А» класе 28-й сярэдняй школы прайшоў па дакладна напісаным сцэнары. Вучні адзін за адным выходзілі да дошкі і выкладалі завучаныя звесткі па геаграфіі, гісторыі і эканоміцы Крыма. Было бачна, што ўрок патрэбны не столькі вучням, колькі прысутнай тут жа супрацоўніцы гарадской адміністрацыі. Калі дайшлі да тэмы нядаўняга далучэння Крыма, стала ясна, што настаўніца гісторыі Любоў Маскалёва займае ідэалагічна верную пазіцыю:

«Вядома, не ўсім дзяржавам патрэбная вось такая моцная Расія, якая праводзіць сваю знешнюю палітыку ў сваіх уласных інтарэсах (а знешняя палітыка заўсёды павінна праводзіцца зыходзячы з таго, што выгадна ў дадзены момант дзяржаве) — вядома, такая Расія не патрэбна, таму назіраецца канфрантацыя».

Сваю патрыятычную пазіцыю настаўніца адстойвае зрывістым ад хвалявання голасам:

«Я радая за Расію, я ганаруся сваім прэзідэнтам!»

Ніякай дыскусіі на тэму Крыма ў гэтым класе не адбылося. А вось ўрок гісторыі ў 10 «Б» класе школы-гімназіі №1 атрымаўся больш жывым. Сучасныя крымскія падзеі арганічна ўпісаліся ў тэму геапалітычных заваёў Кацярыны Другой. Патрыётаў і тут аказалася больш. Вучань Ягор Цвяткоў, напрыклад, лічыць, што вяртанне Крыма Расіі — толькі першы крок, наступным крокам павінна стаць далучэнне ўсходняй Украіны:

«Трэба гэтак жа правесці рэферэндумы, дзе будзе высветлена, колькі адсоткаў жыхароў галасуюць за далучэнне да Расіі. Я ўпэўнены, што гэта будзе пераважная большасць».

Ягору блізкая пазіцыя сілы, ён нават кажа, што гатовы асабіста ваяваць за ўсходнія тэрыторыі Украіны. А вось у яго аднакласніка Арсенія ў Еўропе і ў Амерыцы жывуць сваякі і сябры, што адлюстроўваецца на пазіцыі юнака па крымскім пытанні:

«Я больш негатыўна да гэтага стаўлюся, таму што ёсць прорва паміж чалавекам і геапалітыкай краіны, у якой ён жыве. Я падтрымліваю сваю краіну, але думаю, што супрацьстаянне з Захадам — гэта дурасць. Спадзяюся, што знойдзецца нейкае мірнае ўрэгуляванне».

Вось што думае пра патрыятычныя ўрокі, якія праводзяцца ў расійскіх школах, заслужаны настаўнік Расіі, выкладчык гісторыі маскоўскай гімназіі №1567 Тамара Эйдэльман:

«Гэта проста абуральна! Гэта чарговае прамыванне мазгоў дзецям. Метадычкі, якую разаслалі, поўная грубых памылак, падтасоўванняў. Там нічога не гаворыцца аб дэпартацыі крымскіх татараў. Што сказаць?»

Яшчэ да анексіі Крыма настаўнік гісторыі гімназіі №3 з Архангельска Міхаіл Капіца на адным са сваіх урокаў патлумачыў дзецям, што расцэньвае тое, што адбываецца ва Украіне, як рэвалюцыю, а таксама выказаўся супраць расейскай ваеннай прысутнасці ў Крыме.

Нехта са школьнікаў падзяліўся гэтым дома, і на настаўніка настрачылі данос, абвінаваціўшы яго ў «бандэраўскай» і «махноўскай» прапагандзе.

Міхаіл напісаў тлумачальную, і яго пакінулі ў спакоі. Патрыятычныя ўрокі ў гімназіі пакуль не праводзіліся, але тэма анексіі Крыма перыядычна ўсплывае ў размовах з вучнямі:

«Я бачу сваю ролю ў тым, каб хоць крыху процідзейнічаць таму патоку прапаганды, які цяпер зыходзіць з СМІ. А СМІ, у першую чаргу тэлебачанне, як высвятляецца, грае значную ролю ў фарміраванні грамадскай думкі. Дзецям вельмі цяжка з-за ўзросту свайго, яшчэ ня сфармаванага светапогляду, супрацьстаяць гэтаму інфармацыйнаму прапагандысцкаму патоку, а ён аднабокі. Я стараюся звярнуць на гэта ўвагу, спрабую растлумачыць гэта «.

Як кажа настаўнік, у пераважнай большасці выпадкаў, калі старшакласнікі выказваюць нейкія меркаванні, то гэта не іх асабістае меркаванне. Гэта, як правіла, праецыраванне таго, што яны недзе пачулі, даведаліся, прачыталі, з кімсьці пагаварылі.

Магчыма, менавіта таму расейскія чыноўнікі так спяшаюцца данесці «адзіна правільны» пункт гледжання на крымскія падзеі да юнага пакалення…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?