У Беларусі прапаноўваецца спаганяць з вінаватых у рамках крымінальнага і адміністрацыйнага працэсу затраты, якія цяпер нясе дзяржава на правядзенне судовых экспертыз.

Такую прапанову на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 7 красавіка абнародаваў старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэй Швед, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Швед унёс шэраг прапаноў па ўдасканаленні судова-экспертнай дзейнасці без дадатковых бюджэтных затрат, якія ў асноўным былі падтрыманыя кіраўніком дзяржавы. Даручэнне прапрацаваць адпаведныя заканадаўчыя змяненні будзе дадзена Вярхоўнаму суду, Дзяржкамітэту судовых экспертыз і Следчаму камітэту.

Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўваліся фарміраванне, першыя вынікі і праблемныя моманты ў дзейнасці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, які пачаў працаваць менш чым год таму. Лукашэнка таксама нагадаў аб задачы па аптымізацыі структуры і колькасці гэтага новага органа. 

Паводле слоў Шведа, «аналіз службовай дзейнасці за мінулы перыяд паказвае высокую эфектыўнасць і выніковасць прынятага рашэння пра аб'яднанне экспертных падраздзяленняў у адзін дзяржаўны орган». Аб гэтым, адзначыў ён, сведчаць і асноўныя паказчыкі працы Дзяржкамітэта — у некалькі разоў павысілася якасць і скараціліся тэрміны правядзення экспертыз. «Ёсць толькі адзінкавыя факты, калі паўторныя экспертызы ўстанаўліваюць недакладнасць раней праведзеных, тады як раней падобных выпадкаў былі дзясяткі і нават сотні», — сказаў Швед. Значна палепшыліся паказчыкі працы і па іншых кірунках, адзначыў ён. 

«Новая структура трывала заняла сваё месца ў сістэме праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. Хранічныя шматгадовыя праблемы, якія накапіліся ў сферы судова-экспертнай дзейнасці, цяпер у асноўным вырашаны», — сказаў старшыня Дзяржкамітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0