Фэстываль завяршыўся канцэртамі на Беластоцкім радыё і ў горадзе Гайнаўцы. У нядзелю гэта была ўжо праграма «Бардаўскай восені». Асноўныя падзеі разгортваліся ў горадзе Бельску‑Падляскім, што на Беласточчыне.

26 кастрычніка тут выступалі восем канкурсантаў. Дар’я Кадамская зь Менску атрымала гран‑пры, Тамаш Суліма зь Бельску — другую прэмію, акустычны менскі гурт «Босае Сонца» — трэцюю.

Сярод гасьцей‑выступоўцаў былі прадстаўнікі Беласточчыны, напрыклад, Ілона Карпюк, а таксама беларускія зоркі: Лявон Вольскі, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Мельнікаў.

«Бардаўская восень» ладзіцца ад 1991 году Зьвязам беларускай моладзі Польшчы. Арганізатар сёлетняга і шэрагу папярэдніх фэстываляў Ігар Лукашук адзначае, што фармат фэстывалю пашыраецца. І само паняцьце «бард» — зьмяняецца. Таму, напрыклад, на сцэне можна было пабачыць ня толькі чалавека зь гітарай, але і зь іншымі інструмэнтамі, напрыклад, з скрыпкай.

«Бардаўская восень» — другі фэстываль беларускай музыкі, які ладзіцца на Беласточчыне. Крыху раней,у 1990‑м тут распачаўся фэстываль рок‑музыкі «Басовішча», на які едуць зь Беларусі сотні, а часам тысячы людзей. «Бардаўская восень» больш камэрнае мерапрыемства, якое ладзіцца не на адкрытым паветры, а ў залі бельскага дому культуры.

Сёлета ўся заля была запоўненая, а ўвага прэсы да «Бардаўскай восені» надзвычайная. «Бардаўская восень« застаецца адным зь нямногіх непадцэнзурных культурных мерапрыемстваў для беларусаў.

Севярын Квяткоўскі, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0