Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч вярнуў на дапрацоўку падрыхтаванае Міністэрствам эканомікі палажэнне аб парадку арганізацыі распрацоўкі, зацвярджэння і разгляду бізнес-планаў інвестыцыйных праектаў. Аб гэтым паведамляе прэс-служба ўрада.

На думку прэм'ер-міністра, падрыхтаваны праект не дасць мяркуемага эфекту.

«Бізнес-план канкрэтнага праекта ва ўмовах адкрытага рынку і адкрытай эканомікі, а гэта, у сваю чаргу, свабодная канкурэнцыя і свабодныя, часта непрадказальныя цэны, не можа быць дакументам, на аснове якога дзяржорганы могуць прыняць неабходныя кіраўніцкія рашэнні», — заявіў Мясніковіч.

На яго думку, без балансаў вытворчасці і спажывання, як глабальных, так і рэгіянальных, немагчыма зрабіць выснову аб эфектыўнасці праекта. «Менавіта попыт і прапанова з'яўляюцца вызначальнымі. Таму ў бізнес-плане павінны быць разлічаны балансы вытворчасці і спажывання (продаж)», — паведамляе прэс-служба ўрада.

Акрамя таго, прэм'ер-міністрам даручана прадугледзець у адпаведным праекце пастановы ўрада персанальную адказнасць распрацоўшчыкаў і ўзгадняючых дзяржаўных органаў за якасць бізнес-планаў. 

Міхаіл Мясніковіч таксама настойвае на ўдзеле ў іх падрыхтоўцы прафесійных юрыстаў, якія змогуць мінімізаваць рызыкі яшчэ на стадыі падрыхтоўкі інвестыцыйнага праекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?