«Красавік — той месяц, калі носьбіты прэзыдэнцкіх амбіцыяў мусяць заявіць пра гэта публічна. Далей цягнуць ня трэба», — такую заяву зрабіў сёньня на паседжаньні з экспэртамі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Апазыцыйныя палітыкі і палітолягі абмеркавалі вынікі мясцовай выбарчай кампаніі і вызначылі, што карыснага зь яе можна ўзяць у будучую прэзыдэнцкую кампанію.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін лічыць, што пакуль апазыцыя ідзе ня ў той бок:

«Для мяне непрымальная сытуацыя, калі шмат гавораць пра працэдуру вызначэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, ня маючы саміх кандыдатаў. Пакуль, наколькі я ведаю, пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў заявіў толькі Ўладзімер Някляеў. І калі ён застанецца адзіным, дык навошта гарадзіць усе гэтыя кангрэсы, праймэрыз і таму падобнае? А можа, акрамя Някляева, зьявіцца яшчэ адзін дэмакратычны кандыдат — тады яны сядуць удвух за стол і дамовяцца паміж сабой. А калі яны не дамовяцца, дык ніякі кангрэс тут не дапаможа», — заявіў Сяргей Калякін.

Аглядальнік Паўлюк Быкоўскі выказаў меркаваньне, што часу для вызначэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў застаецца мала, і таму трэба заканчваць бясконцыя размовы пра «адзінага». Прэтэндэнты на гэтую ролю павінны аб’явіцца ўжо зараз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?