09.04.2014 / 22:05

Спадчына беларускай эміграцыі: значкі з Пагоняй, маркі, бел-чырвона-белыя медалі ФОТЫ 14

Калекцыю артэфактаў перадалі ў Мінск.

Паэт Сяргей Панізнік зацікавіўся маркамі.

Гісторык Наталля Гардзіенка.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч адразу знайшоў для сябе цікавыя матэрыялы.

Ганна Запартыка паказвае строй Раісы Жук-Грышкевіч.

У такіх канвертах Наталля Гардзіенка атрымлівала матэрыялы з БІНІМу.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі — адзін з аўтараў «Запісаў БІНІМ».

Архіўныя матэрыялы і музейныя экспанаты перадаў Беларускі інстытут навукі і мастацтва з Нью-Ёрка ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, што ў Мінску.

Гэты тыя матэрыялы, якія атрымлівала гісторык Наталля Гардзіенка ў прыватным парадку. Але было прынята рашэнне перадаць калекцыю ў спецыялізаваную ўстанову, каб даць магчымасць працы з імі большай колькасці навукоўцаў.

«БІНІМ ствараўся з ідэяй гуртавання беларускіх інтэлектуалаў у эміграцыі. І з ідэяй збірання ўсяго беларускага, што знаходзілася за мяжой. Калекцыя БІНІМа — гэта не толькі ліставанні, гэта і розныя архівы пісьменнікаў, мастакоў.

Калекцыі паштовак, марак, значкаў, медалёў, бланкаў з беларускай сімволікай. Усё, што выдавалася ў беларускіх асяродках: Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Вялікабрытаніі… Ідэя сённяшняга кіраўніка БІНІМу Вітаўта Кіпеля ў тым, што беларускія скарбы павінны захоўвацца ў Беларусі і быць даступныя для даследчыкаў», — адзначыла Наталля Гардзіенка.

Ганна Запартыка, дырэктар архіва-музея, заўважыла, што да іх і раней паступалі матэрыялы пра беларусаў з-за мяжы — з БІНІМа, іншымі шляхамі. Гэта і архіў Масея Сяднёва, Міхася Забэйды-Суміцкага, сямейны фонд Максіма Багдановіча…

Што ж перадалі цяпер?

Аўтографы беларускіх літаратараў 1920-х гадоў, якія вучыліся разам з Антонам Адамовічам у педтэхнікуме. Гэта Паўлюк Трус, Тодар Кляшторны… Тут і рукапісны варыянт кнігі Алеся Салаўя, якія ён рабіў у Аўстрыі ў канцы 1940-х. Анкеты дзеячаў эміграцыі, якія ўступалі ў БІНІМ — больш за пяць дзясяткаў (Кастусь Акула, Мікола Равенскі, Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў). Фрагменты архіваў Арсенневай, Юркі Віцьбіча… Паштоўкі пачатку ХХ ст. з беларускімі тэмамі. Нацыянальны строй Раісы Жук-Грышкевіч. Саматканыя паясы. Усяго шэсць скрыняў.

На жаль, гэтыя дакументы яшчэ тры-чатыры гады будуць апрацоўвацца перад тым, як трапяць у рукі даследчыкаў.

Падчас перадачы артэфактаў быў прэзентаваны чарговы выпуск альманаха «Запісы БІНІМу», дзе, у тым ліку, расказваецца пра перададзеныя калекцыі. Да альманаха прыкладзены дыск, на якім у электронным варыянце знаходзяцца некаторыя матэрыялы.

У гэтым выпуску «Запісаў», між іншым, друкуецца дзённік Кастуся Езавітава, які ён вёў у апошнія месяцы ў Нямеччыне да арышту СМЕРШаўцамі.

Па словах Наталлі Гардзіенкі, БІНІМ гатовы яшчэ перадаваць матэрыялы. Але рабіць тэхнічна гэта не заўжды проста.

І гісторык заклікала спецыялістаў, якія бываюць у Нью-Ёрку, звязвацца з ёй і прывозіць у Мінск дакументы. Бо, на жаль, пошта працуе не так спраўна, і здараліся выпадкі, калі нешта не даходзіла да Беларусі.

Сяргей Макарэвіч, фота Насты Храловіч

0
Ромпер Стомпер / Адказаць
09.04.2014 / 23:28
А што на трэцім фота 3,4,6,7,8,9,10,12? Хто падкажа адкуль гэта, што гэта?
0
Pavel_Tadevush / Адказаць
09.04.2014 / 23:44
Хто гэтая прыгажуня на фотаздымку з Панізьнікам?
0
чад / Адказаць
09.04.2014 / 23:46
Хацеласяб пабачыцьусю калекцыю беларускіх марак разам
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру