10.04.2014 / 20:30

Міхалок: «Я сказаў, што ва Украіну паедзем у любых абставінах»  9

Гурт «Ляпіс Трубяцкі» праехаў з турам па Украіне. Разам з «ляпісамі» па маршруце Менск – Кіеў – Палтава – Харкаў – Луганск – Данецк – Днепрапятроўск пракаціўся журналіст 34mag Антон Кашлікаў.

 Па купэйных вагонах цягніка Менск – Кіеў шарохаюцца 30-гадовыя пацыкі ў спартовых касцюмах і з паўтарахамі піва ў руках.

«Ты глядзі, цітушкі з намі едуць, – заходзячы ў купэ абураецца Сяргей Міхалок. – Відаць, прыкрылі расійска-ўкраінскую мяжу, дык яны праз Беларусь шчэмяцца.

А то я думаю, чаго раптоўна квіткоў было не купіць?»

«Ляпіс Трубяцкі» стартуе ў тур па васьмі гарадах Украіны (Палтава, Харкаў, Луганск, Данецк, Днепрапятроўск, Адэса, Хмяльніцкі, Львоў) – у той самы час, калі большасць музычных калектываў кшталту «Алісы» свае гастролі адмяняюць. Медыі поўняцца навінамі аб сцягванні расійскай ваеннай тэхнікі да ўкраінскіх межаў.

«Арганізатары нам яшчэ месяц таму закідвалі вудачкі, маўляў, давайце лепш адмяняць далей ад граху, але я сказаў, што паедзем у любых абставінах, —

распавядае Міхалок. — Навошта загадзя панікаваць? Сітуацыя змяняецца кожны дзень. Да таго ж,

я ўяўляў сабе якога-небудзь хлопца ў Луганску, які слухае дома «Не быць скотам» і думае, што ён такі адзін. Мне хацелася, каб ён прыйшоў на канцэрт і пабачыў, што такіх, як ён, толькі ў ягоным горадзе як мінімум некалькі тысяч».

Дабраўшыся да Кіева, «ляпісы» фоткаюцца на Паўднёвым вакзале і скачуць у бус. Фотку посцяць у сацсетках гурту, і фанаты, паверыўшы, што канцэрты ўсё-такі адбудуцца, кідаюцца ў касы і размятаюць рэшту квіткоў. На працягу наступных дзён мы чуем паведамленні ад арганізатараў: «Харкаў, Данецк, Дняпро — sold out, у астатніх гарадах засталося па 50 квіткоў».

Аўтобус, у якім мы коцім па вольнай Украіне, адмыслова зроблены для такіх тураў. Апошнія шэсць шэрагаў крэсел знялі, замест іх — нешта накшталт king-size ложка, дзе адначасова могуць пакемарыць чатыры–пяць мужыкоў.

Міхалок завальваецца ў кут гэтага лежбішча, уключае плэер і спрабуе заснуць. Туды ж, скінуўшы кросы, запаўзаюць «дудары» Цыбуля і Краб. Астатняя частка гурту размяшчаецца наперадзе. Бубнач Шуруп і басіст Дыня пачынаюць валіцца ў гульні на сваіх мабілках. Паша Булатнікаў глядзіць кіно з айпэда.

Разам з гуртам едуць Віталь Гуркоў (прыяцель Міхалка і шматразовы чэмпіён свету па муай-тай) і яго растатуяваны сябар Сяргей aka Бразіл, самбіст, рукапашнік і зацяты вегетарыянец. Едуць у якасці, так бы мовіць, «спартова-танцавальнай падтрымкі».

Іх задача — рэгуляваць стэйдж-дайвінг падчас канцаў і наогул быць напагатове, калі пачнецца нешта непрадбачнае. 

Але нічым такім і не пахне. За акном — сонечна і спакойна.

На працягу ўсяго туру ва Усходняй Украіне мы не сустракаем аніводнага чалавека, які б сказаў нам, што хоча ў Расію,

ці парадаваўся за тое, што Крым акупавалі расіяне. Я свядома шукаў кантактаў з мясцовымі: прыставаў да таксістаў, работнікаў гатэляў, афіцыянтаў у кафэ, спадарожнікаў у цягніку і проста людзей на вуліцах. Ніхто не сказаў мне «Слава Расіі» ці «Пуцін — малайчынка». Пра Пуціна ва Украіне наогул выказваюцца цяпер іншымі, зусім не памяркоўнымі словамі.

За тыдзень ва Усходняй Украіне я на свае вочы пабачыў, што праславутыя ўсходнеўкраінскія сепаратызм і русафільства — не больш чым расійскі ваенна-палітычны трук, які мае мала агульнага з рэальнымі жаданнямі мясцовых жыхароў.

Ёсць гэбэшны сцэнар, медыя-напалм і гопнікі-цітушкі са спітымі ўшчэнт пысамі — пытанне ў тым, ці дастаткова сілы ва ўлады і смеласці ў жыхароў Усходу, каб гэты сцэнар зламаць.

Паведамленні апошніх дзён кажуць пра тое, што расійскі «брат ля варот» пайшоў у атаку.

«Нават мы, тыя, хто лічаць сябе незамбаванымі, суперпрагрэсіўнымі, тыя, хто тэлефануе сябрам у Кіеў, Адэсу і Харкаў, каб атрымаць інфармацыю з першакрыніц, ехалі ўсё роўна з нейкім сумневам, з хваляваннем, – разважае Міхалок, калі мы пераязджаем з Данецка ў Днепрапятроўск. – А высветлілася, што тут усё зусім не так, як нам падавалася праз прызму інфармацыі СМІ. Што краіна жыве нармальным звычайным жыццём, нягледзячы ні на што».

 

«Ляпісы» ўкочваюцца ў тур, як футбольная каманда ў важную гульню – практычна без разведкі.

«Матрёшка» — магчыма, найлепшая і адназначна самая бранябойная канцэртная праграма за гісторыю гурту.

У сэт-лісце з 27 нумароў амаль ніякай лірыкі (перадыхнуць можна хіба толькі на песнях «Африка» і «Я верю»), толькі панк-рок. Моцны відэашэраг жыўцом ад Лёшы Церахава і Сашы Галушкі. Перааншлагі ў зале. Сцягі свабоднай Беларусі і ўкраінскія прапары.

Адзінае жаданне пасля канца — выціснуць футболку ды ўстаць пад халодны душ.

Пасля інтра «Трубецкой» Міхалок чытае верш, які публіка слухае ўважліва, амаль у цішыні. Верш заканчваецца словамі: «Протянем соседям руку дружбы, но Рим четвертый нам нах*й не нужен». Зала ўзрываецца авацыяй, пачынае валіць «Матрёшка», а на відэаэкранах «карлік картавы» скача па мапе былога Саўка.

«Дзякуй, што выбралі светлы бок», — звяртаецца да гледачоў франтмэн. І нагадвае, што «ў Беларусі, Расіі, Казахстане ў вас ёсць шмат сяброў, якім цяпер складана, якія таксама, як і вы, прагнуць свабоды і змагаюцца за свае правы».

Публіка перадае ім прывітанне доўгімі апладысментамі.

«Ляпісы» запісалі, можа, і не галоўны свой альбом, але менавіта такі, якім можна завяршаць дыскаграфію. Яснасць выказвання, памножаная на чарговае пападанне ў час. Хаця песні для плыткі пісаліся яшчэ год-два таму. «На задуму «Матрёшка» павінна была стаць самым фантастычным нашым альбомам, — кажа Міхалок. — Па тэкстах гэта павінна было быць як у Цоя — рамантыка, гераізм, па музыцы — як у Летава». Але час зноў падстроіўся пад фантазію, і «вожди Гулага» сапраўды прачнуліся.

З «Воинами света» наогул здарылася вельмі асобная гісторыя. Якраз у той час, калі «Ляпісы» калясілі па Украіне, фанаты футбольнага «Дняпра» ўсім стадыёнам выканалі «Воинов», канчаткова замацаваўшы іх у якасці песні, з якой фактычна пачалася новая старонка ўкраінскай гісторыі. Да гэтага тых жа

«Воинов» праспявалі маракі з украінскага тральшчыка «Чаркасы» незадоўга да штурму расійскімі ваеннымі.

Дарэчы, звярніце ўвагу — гімнам новай Украіны зрабілася песня на рускай мове. «Мне дзіка прыемна, што хлопцы спяваюць гэтую песню, што яна дае ім сілы», — кажа Міхалок.

Печыва «Мурашнік»

Тур, наогул, гэта не тое, каб вялікая забаўка. Хутчэй руціна. Пад’ём у гатэлі, сняданак, аўтобус, пераезд у іншы горад. Гатэль, гадзінка–паўтары на душ і абед. Пераезд у клуб. Саўнд-чэк, чаканне ў грымёрцы, пакуль у залу трапіць уся публіка. Канцэрт. Біс. Чаканне ў грымёрцы, пакуль гледачы разыдуцца. Аўтографы. Вяртанне ў гатэль. Вячэра, адбой.

Часам у грымёрку прабіраюцца госці. Напрыклад, у Харкаве прыйшла жанчына гадоў пяцідзесяці, апранутая ў скуранку. З ёй дачка, таксама ў скуранцы. Яны прынеслі хатняе печыва «Мурашнік», каб пачаставаць музыкаў. Жанчына паведаміла, што прадстаўляе бацькоўскі камітэт харкаўскага рок-клуба. Сказала, што арганізоўвала першы ў Харкаве рок-фестываль, і ў якасці доказу паказала на мабільным чорна-белыя здымкі, дзе яна была сфатаграфаваная ў кампаніі Летава і Янкі.

Печыва, дарэчы, было вельмі смачнае. Міхалок абураўся, што не можа пакаштаваць – безвугляводка, трэба разумець.

Пасля двух–трох канцэртаў запар – дзень адпачынку. Гэтым разам выходны прыпаў на Харкаў. Палова гурту пайшла ў бліжэйшы кінатэатр, паглядзелі «Ной» – большасці не спадабалася. Заадно паспаборнічалі ў сіле – пакалацілі грушу-сіламер. Нечакана найбольшую лічбу выбіў відэамэйкер Саша Галушка, не тое каб самы здаровы хлопец у ляпісаўскай бандзе. Што трохі абурыла трубача Уладзіка (ён жа Краб).

«Вяртаешся дамоў і праз пару дзён адчуваеш, што вось гэтых усіх аўтобусаў, гатэляў і клубаў вельмі не стае, усе ўжо звыклі за гады вось так жыць», – кажа мне Паша Булатнікаў,

калі мы выходзім папаліць на ганак гатэля ў Данецку. Хачу спытаць, што будзе з гуртом пасля 1 верасня, але чамусьці не пытаю. Усё роўна не скажуць. Але нешта яны ўсё ж такі муцяць.

«Хачу паказаць, што беларусы для мяне — браты, таму пашыў ваш сцяг»

«Дарэчы, Сярога, даўно хацеў табе сказаць, — звяртаецца да Міхалка гітарыст Пан. — Вось ты спяваеш: «Бойцовское сознанье не воспитать у таксы». А таксама ж крыўдна. Яны ж якраз даволі баявыя сабакі, паляўнічыя». «Разумееш, — апраўдваецца Сярога, — слова «пудзель» не пасавала, ну слухай сам: «Бойцовское сознание не воспитать у пуделя». Чуеш? Не працуе. Ай, ідзіце вы ўсе, самі сабе песні пішыце».

Міхалок сыходзіць у іншы бок грымёркі, каб пачаць размінку перад канцэртам. Але

прыносяць пачак постараў і паштовак: «Серы, падпішы». Серы адказна бярэцца за справу,

вымалёўвае на кожным плакаце слова «Матрёшка» і ставіць подпіс.

Бачыць, што чагосьці не стае, і дамалёўвае аднаму з музыкаў на каленях і локцях зоркі, а іншаму — выразныя прычындалы. «Вось камусьці эксклюзіўны постар трапіць», —

радуецца прадавец ляпісаўскага мэрчу. «Гэты прадавай даражэй», — раіць Міхалок. Тым часам на кропцы з сувенірамі адэсіт Пятручча (адказны за гукавое абсталяванне падчас украінскага туру), якога нечакана для яго ж самога запрэглі на гандаль тышоткамі і дыскамі, даказвае аднаму з фанатаў: «Ды я табе кажу, гэта рэальна Міхалка аўтограф». «Ай, не гані», – сумняваецца той, але ў выніку ўсё ж бярэ пару постараў, футболку і бейсболку фірмовага ляпісаўскага брэнду L True.

Я выглядваю зірнуць на чаргу ў клуб — яна заварочвае за вугал, так што хвост нават немагчыма ўбачыць.

Пытаю ў хлопца з бел-чырвона-белым сцягам на ўваходзе, ці з Беларусі ён. «Не, я мясцовы, з Дняпра, — адказвае той. — Проста хачу паказаць, што беларусы для мяне – браты. Таму вось пашыў ваш сцяг».

Я сентыментальна цісну хлопцу руку і, здаецца, нават лезу абдымацца. Наогул, вось гэтыя моманты шчырасці і патрыятызму хвалямі накачваюць на мяне падчас усіх пяці канцэртаў, на якіх я пабываў. Напрыклад, у момант, калі публіка пачынае скандаваць «Жыве Беларусь!». Ці калі спявае хорам па-беларуску «Не быць скотам» і «Belarus Freedom». Ці калі сустракаю вось такіх хлопцаў, якія проста на знак павагі і сяброўства шыюць беларускія сцягі і прыходзяць з імі на канцэрты. Слязу выбівае, карацей. Але за такія слёзы не сорамна.

«Я мог бы распусціць гурт і раней, але не хацеў пакідаць пасля сябе касмічнага смецця, —

кажа мне Міхалок падчас аднаго з пераездаў. Пад касмічным смеццем маюцца на ўвазе песні ўзору «Ляпіс-98». — Няхай «Ляпіс Трубяцкі» запомніцца людзям вось такім — моцным, гучным і шчырым. А навошта распускаць? Бо

трэба заўжды вырывацца з уласнай зоны камфорту, з уласнага кантэксту. Энергія нараджаецца ў супраціве, як новыя мускулы з разрываў».

Мне падаецца, што пасля тыдня, праведзенага з гуртом, я трохі больш разумею, што Сяргей мае на ўвазе. Яму падабаецца быць у стане супрацьстаяння, канфлікту, на нейкай мяжы, рэальнай або ўяўнай: «Я люблю выклікаць у людзей рэакцыю, бо калі яны рэагуюць, то ўжо ўцягваюцца ў маю гульню, у маю варонку. А мне толькі гэта і трэба».

«…Добры вечар, сябры! Рэспубліка Беларусь, горад-герой Менск, гурт «Ляпіс Трубяцкі»», — вітаецца з публікай Булатнікаў на чарговым канцэрце. Браты Бабры (яны ж — Баброўкі), ляпісаўскія гукавікі, выкручваюць нейкія ручкі на сваіх пультах. Міхалок у чырвонай безрукаўцы ад канадскага брэнду Headrush і шортах колеру хакі падскоквае ўверх і па-заліхвацку свішча двума пальцамі ў мікрафон. Усіх накрывае сцяной. Слэм пачынаецца.

0
quechua / Адказаць
10.04.2014 / 21:47
дзякуй, добра напісана.
0
Петрыковец / Адказаць
10.04.2014 / 22:15
Прачытаў з задавальненнем. І дзякуй Кашлікаву за добры тэкст.
0
belariy / Адказаць
10.04.2014 / 22:17
класна ))
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру