«Я сюды працаваць прыехаў, але не тое што не зарабляю – нават грошы, якія мне з дому дасылаюць, зняць не магу,

бо няма пашпарта», – на ўмовы жыцця паскардзіліся бангладэшскія гастарбайтары, якія прыехалі працаваць на баваўнянае аб’яднанне. Сярод агучаных праблем – мізэрныя заробкі і адхіленасць кіраўніцтва ад іх праблем.

Версія падзей паводле ткачоў

Натоўп з дзясятка цемнаскурых чалавек, якія прагнуць справядлівасці, сустрэў карэспандэнта «ІР» недалёка ад месца «расквартыроўкі» прыезджых.

«Я хоць сюды працаваць прыехаў, але не тое што не зарабляю – нават грошы, якія мне з дому дасылаюць, зняць не магу, бо няма пашпарта», – абурана распавядае Шамір. Побач з ім яшчэ некалькі чалавек крычаць наперабой: маўляў, дакументаў няма – адабралі, а намагаемся вярнуць – адказваюць нешта незразумелае.

Са слоў замежных ткачоў, умовы працы ім падабаюцца, вось толькі хацелася б мець і большы заробак – у месяц ім плацяць крыху больш за мільён.

Дэталі ўдакладняе Махамад:

– Калі нас сюды на працу запрашалі, то фірма 1000 долараў абяцала! Ужо пасля прыезду сказалі, што плаціць будуць толькі 500, а на самой справе – амаль нічога, –

паказваючы ў доказ разлікоўку, кажа расчараваны ткач.

Заробку мігрантам ледзь хапае на тое, каб месяц пракарміцца – ткачы пераважна жывуць за прывезеныя з Бангладэш грошы:

– Я сюды ўзяў некалькі сотняў долараў – ежу купляць, неабходныя рэчы. Усе прыехалі з грашыма. А калі б не?! – задаецца пытаннем Махамад.

Некаторыя ўвогуле не паспелі зарабіць нічога – 5 чалавек адаслалі дадому пасля 2 месяцаў працы.

Прычына адмовы ад паслугаў прапісана ў маленькай паперцы, якую выдалі кожнаму адасланаму: «У вас адсутнічаюць навыкі працы па спецыяльнасці дапаможнік майстра, а менавіта: Вы не можаце ажыццявіць пуск ткацкага станка…».

Самі працоўныя з такою фармулёўкаю цалкам не згодныя:

– Гэта ўсё лухта, – сцвярджае Махамад, з якім «ІР» пагаварыла напярэдадні ад'езду. – Я думаю, што яны (хто менавіта, суразмоўца не ўдакладняе) зарабляюць на такіх афёрах грошы.

Бангладэшцы лічаць, што адна група працоўных будзе кожны месяц змяняцца другою, працуючы амаль задарма – так, з іх слоў, яшчэ 40 чалавек неўзабаве прыедуць на працу ў Баранавічы.

Пытанні выклікаюць у ткачоў і дакументы з прычынаю адмовы.

– Я подпіс на той паперцы, дзе сказана, што мяне выганяюць, не ставіў. Але ён стаіць – у вас што, падрабляць дакументы не забаронена? – с іроніяй усміхаецца Махамад.

У сваёй рашучасці падманутыя бангладэшцы нават спрабавалі звярнуцца па дапамогу ў міліцыю – толькі там іх не прынялі,

параіўшы спачатку звярнуцца да кіраўніцтва прадпрыемства. Аднак трапіць у кабінеты адміністрацыі бангладэшцам амаль немагчыма:

– Калі ў нас нейкія праблемы, то мы звяртаемся да свайго «боса», які з намі працуе і разумее ангельскую, – распавядае Махамад, – але ён кажа: нешта не падабаецца – ніхто тут вас не трымае.

Аб тым, каб трапіць ўласна да дырэктара, не ідзе нават гаворкі, – сцвярджаюць бангладэшцы.

Каментар Івана Турчака, дырэктара ВБПА

 Са слоў кіраўніцтва баваўнянага аб’яднання, усе недарэчнасці выкліканы адсутнасцю досведу зносін з чужаземцамі, а маштабы апісаных праблем вельмі перабольшаныя.

– Ну так, грошы за першыя два месяцы мы ім плацім вельмі малыя. Але гэта не таму, што шкадуем, – запэўнівае дырэктар ВБПА Іван Турчак, – такая была дамова, што першыя два месяцы – гэта выпрабавальны тэрмін.

Калі чалавек спраўляецца, то атрымлівае ўвесь заробак. А калі не, то за заробленыя грошы мы высылаем яго на радзіму – хіба несправядліва? Не за свае ж грошы ткачы туды-сюды лятаюць. Ім гэта ўсё казалі, і кожны дзень працягваем казаць. Але разумець адзін аднаго цалкам яшчэ не навучыліся.

Тое, што ў некаторых бангладэшцаў адсутнічаюць пашпарты, дырэктар пацвердзіў:

– Мы параіліся з прадстаўнікамі іх агенцтва і вырашылі, што лепей будзе, калі пашпарты будуць захоўвацца ў нас на прадпрыемстве.

Мовай чужаземцы не валодаюць, можа рознае здарыцца, – разважае Іван Турчак, – але ўсе, хто здаў, распісваліся за тое, што добраахвотна пакідаюць нам свае дакументы. Ёсць і такія, хто не здаў, мы іх гвалтоўна не прымушалі.

Са слоў Івана Турчака, бангладэшцы ў любы момант могуць забраць свае пашпарты – дастаткова толькі напісаць заяву. У доказ дырэктар прыводзіць такія словы:

– А як бы яны вам патэлефанавалі? У нас жа падключэнне сім-карты толькі па пашпарце, а яны амаль усе з тэлефонамі ходзяць!

З’яўленне праблем з бангладэшцамі на прадпрыемстве звязваюць з фірмаю, якая іх прыслала.

– Разумееце, мы ж першы раз паспрабавалі прыцягнуць да працы замежных грамадзян, – працягвае аповед дырэктар, – да нас дзве партыі прыляцела – першую мы самі адбіралі – гэта 10 чалавек, а астатніх 20 па дамове прыслалі бангладэшскія фірмы. Вось тут і пачалося невядома што: іх не тое што давучваць трэба, але і адсылаем некаторых, уяўляеце?

На якіх умовах працоўных мігрантаў прывабліваюць ехаць у Беларусь, Іван Турчак не ведае і падкрэслівае, што абяцанкі ў 1000 долараў – гэта плён фантазіі бангладэшскіх вярбоўшчыкаў – на прадпрыемстве заробкі пачынаюцца з 4,5 млн.

– Мы плацім столькі, колькі чалавек зарабіў. А калі ён ні на што не здольны, то хоць бы ён і працаваў задарма, але навошта такі тут патрэбен? – смяецца дырэктар.

Адзінае пытанне, на якое не здолеў адказаць Іван Турчак, дык гэта падроблены подпіс на паведамленні аб скасаванні працоўнай дамовы:

– Я гэтага не бачыў і нічога сцвярджаць не буду. Калі сапраўды так, то хай звяртаюцца ў кампетэнтныя органы – гэта крымінальнае злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?