Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 336 ад 10 красавіка 2014 года, паведамілі ў прэс-службе ўрада. 

«У сувязі са святкаваннем 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і аб`яўленнем 2014 года Годам гасціннасці рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, якія падначалены ўраду Беларусі, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці 12 красавіка 2014 года рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан мемарыяльных комплексаў, помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона», — гаворыцца ў дакуменце. 

Грашовыя сродкі, заробленыя на працоўных месцах у дзень рэспубліканскага суботніка, будуць накіраваныя Міністэрству аховы здароўя для будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі на базе дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава». 

Гэты цэнтр патрэбны для ранняга выяўлення і дакладнай дыягностыкі злаякасных утварэнняў па сучасных стандартах. Пазітронна-эмісійная тамаграфія — гэта самы сучасны і дакладны метад ядзернай медыцыны і ў анкалогіі дазваляе аб`ектыўна вызначаць ракавыя пухліны з памеру 5 мм, выяўляць схаваныя для іншых метадаў аддаленыя метастазы, ацэньваць эфектыўнасць хіміятэрапіі і прамянёвай тэрапіі. Дапаможа гэты цэнтр таксама ў кардыялогіі і неўралогіі пры дыягностыцы і лячэнні хворых з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы і галаўнога мозгу. 

Будаўніцтва цэнтра ўжо пачата ў межах дзяржаўных інвестыцыйных праграм, і накіраванне сродкаў, заробленых на суботніку, паскорыць яго стварэнне і дазволіць палепшыць умовы аказання дапамогі анкалагічных хворым, мяркуюць ва ўрадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?