19.04.2014 / 09:58

У сталічнай бальніцы памерла 26­-гадовая парадзіха 12

26­-гадовая Надзея Куцэнка памерла праз 100 дзён пасля родаў. І гэта адбылося не ў правінцыі, дзе часта не хапае спецыялістаў. Маладой мамы не стала ў сталічнай бальніцы, вакол яе былі дзясяткі медыкаў. Але ўратаваць не здолелі.

«Дачка нам сама тэлефанавала, а тут няма званкоў. Я набраў яе. Адказала доктарка: дачка ў цяжкім стане — у коме, ёй зрабілі кесарава, дзіця ўратавалі. Чакалі машыну «хуткай», каб перавезці яе ў іншую бальніцу. Гэта было дзесьці ў 17 гадзін, — прыгадвае той дзень Віктар Самойлаў. — Доктарка, як пасля сказала, разгубілася. І адзначыла, што яна не адна вінаватая».

24 чэрвеня 2013 Надзея ўпала ў кому. 1 кастрычніка яна памерла. У Віктара ж пасля сямейнай трагедыі здарыўся інсульт.

Зноў сталі бацькамі

Мы сустрэліся ў Бабруйску на кватэры ў Таццяны Куцэнкі, свекрыві Надзеі. Жанчына даглядае ўнука — зноў давялося стаць мамай. У Бабруйску жывуць і другія бабуля з дзядулем. Бацька ж працуе ў Мінску, а да сына прыязджае кожныя выхадныя.

Максім нарадзіўся на два месяцы раней за тэрмін і важыў толькі 990 грамаў. Сёння яму 9 месяцаў, і адчувае ён сябе добра.

«Сын вучыўся ў Мінску ў РТІ, Надзя — тут у медвучылішчы. А пазнаёміліся яны на адным дні нараджэння, — расказвае гісторыю знаёмства дзяцей Таццяна. — Ажаніліся ў 2006. Пераехалі ў Мінск. Іван працаваў інжынерам, Надзя медсястрой у стаматалагічным цэнтры. Моцна кахалі адно аднаго. Мы дапамаглі ім набыць кватэру. Затым яны купілі машыну. І вырашылі, што трэба дзіця нарадзіць — сем гадоў усё­ткі пражылі ў шлюбе.

Калі Надзя зацяжарыла, пачалі балець суставы — і дактары дыягнаставалі артрыт. Лячылі гарманальнымі прэпаратамі.

«Яе стан горшаў. Цяжарныя павінны дадаваць у вазе, а яна худзела. І калі ў маі пайшла ў дэкрэт, важыла ўсяго 38 кілаграмаў! Ёй цяжка было хадзіць. Увесь час задыхалася і крыху пакашлівала. У маі яна ляжала ў 7­-й гарадской бальніцы. Неяк заехала да маёй дачкі (яна доктар), а тая заўважыла, што на твары ў Надзі нібыта чырвоны «матылёк» — як пры ваўчанцы. Сказалі ёй, каб папрасілася ў дактароў здаць аналізы. З гэтага ўсё і пачалося. Аналіз не пацвердзіўся, але дактары пачалі лячыць яе і ад ваўчанкі — таксама гармонамі. Ёй палепшала», — працягвае Таццяна.

22 чэрвеня яна наведала нявестку ў бальніцы. Гэта была субота. Праз два дні дзяўчына патэлефанавала і сказала, што 25­га ёй зробяць кесарава сячэнне, бо плод ужо не развіваўся. А ўвечары прыйшла страшная вестка.

Прамарудзілі

Што ж адбылося ў бальніцы? Аднавіць карціну трагічнага дня дапамагла суседка па палаце.

«Каля 15-­й гадзіны Надзея пайшла ў душ. Яна, відаць, паслізнулася і стукнулася галавой (я ў душы не была, але бачыла ў следчага фотаздымкі — усё ў плітцы, ні сіліконавага дыванка, ні ручак). Калі суседка пачула шум і зайшла, Надзя ляжала беспрытомная. Дактары прывялі яе ў прытомнасць. Яна пасля гэтага яшчэ пазваніла мужу і расказала пра здарэнне. Затым ёй стала кепска, і яе забралі ў рэанімацыю».

У 17.50 дактары вырашылі рабіць Надзеі кесарава сячэнне. У яе пачаліся сутаргі.

«З 5-­й гарадской бальніцы выклікалі нейрахірурга з інструментам. Ён мусіў прасвідраваць дзве дзірачкі ў чэрапе і выпусціць кроў. Але пабаяўся гэта рабіць без магнітна­рэзананснай тамаграфіі (МРТ): было не зразумела, унутрычарапны крывацёк у яе альбо ўнутрымазгавы. МРТ у 1-­й бальніцы знаходзіцца проста ў двары. Ніхто не паварушыўся, каб адвезці яе туды. Пасля ўжо дактары казалі, што МРТ было зачынена. Мы праверылі — працавала да 20 гадзін. А там медыкі сказалі нам, што маглі б і затрымацца ў такой сітуацыі. Калі б да іх звярнуліся».

«Калі раніцай мы прыехалі ў 5­-ю бальніцу, доктар сказаў, што яе надта позна прывезлі да іх», — дадае Віктар.

Калі Надзея ўпала ў кому, яе маці праводзіла амаль увесь час з дачкой. Бацька прыязджаў у Мінск кожныя выхадныя. Максімка яшчэ два месяцы знаходзіўся ў бальніцы. І менавіта Таццяна звярнулася ў пракуратуру, Міністэрства аховы здароўя. Кансультавалася з медыкамі, супастаўляла. І лічыць, што Надзею не выратавалі толькі праз нясвоечасовае аказанне дапамогі, праз нядбайнасць — страцілі час, калі ёй рэальна можна было дапамагчы. А яшчэ няправільны дыязназ: ваўчанка, якой не было.

Жанчына паказвае дакументы, у якіх ледзь не па хвілінах прапісаныя дзеянні медыкаў.

15.00 — Надзея стукнулася галавой; 15.10 — 15.40 — кансіліум дактароў; 17.00 — Надзею абследаваў неўролаг; 17.50 — 17.55 — пагоршаў стан, дактары правялі кансіліум і вырашылі рабіць кесарава сячэнне; 18.10 — 18.35 — зрабілі кесарава; 19.10 — 20.20 — пашыраны кансіліум у аперацыйнай, прынята рашэнне перавезці ў іншую бальніцу для аператыўнага лячэння; 21.05 — выкліканы рэанімабіль. «Але з улікам надзвычай цяжкага і нестабільнага стану пацыенткі выклікана дадатковая рэанімацыйная брыгада, якая прыбыла ў 22.19», — гэта з высноў камісіі Мінздароўя. Таццяна расказвае пра іншае: «Падалі кардыялагічны рэанімабіль, а ёй патрэбны быў са штучнай вентыляцыяй лёгкіх (ШВЛ). Як яго замаўлялі тады? Дыспетчар вінаваты? І чаму пасля кансіліуму амаль гадзіну чакалі, каб выклікаць рэанімабіль?»

«Зрабілі адну аперацыю, другую. І ўжо тады было позна. Кроў гусла, і, як расказалі самі медыкі, яны тую кроў проста выкалупвалі з мозгу. 90 працэнтаў мозгу ў яе загінула. У такім стане яна пражыла яшчэ 100 дзён. Ніякіх шанцаў яны нам не давалі, але мы ж верылі», — са скрухай заўважае Таццяна.

Дзве дзірачкі

«Перад тым, як легчы ў 1-­ю гарадскую бальніцу, Надзя зрабіла паўторны аналіз на ваўчанку — зноў не выявілі. А дактары, калі яна нават была ў коме, лячылі ад ваўчанкі. Нам сказалі, што ў яе гэтай хваробай «з’едзена» ўсё — нават мозг. І калі б яна не павалілася, усё адно памерла б».

Але пасля смерці эксперты знайшлі ў Надзеі іншае захворванне — сухоты. «Калі яна ўжо ляжала ў коме, яе не адзін раз аглядаў галоўны пульманолаг краіны. Рэнтгенаскапію лёгкіх рабілі ледзьве не праз дзень. І ніхто не бачыў. Мне патлумачылі, што ваўчанка падобная з сухотамі — і іх цяжка адрозніць. Але ж два аналізы паказалі, што ваўчанкі не было. Чаму б не праверыць на сухоты? І патолагаанатам да прычыны смерці «мазгавая траўма» дапісаў яшчэ сухоты».

Па выпадку з Надзеяй Куцэнкай праведзена некалькі камісій, экспертыз.

Але і цяпер, праз дзевяць месяцаў пасля трагедыі, няма адзназначнага адказу на пытанне: ці была віна медыкаў у смерці дзяўчыны? Следчы камітэт чакае чарговую экспертызу Міністэрства аховы здароўя, толькі пасля гэтага вырашыцца пытанне з завядзеннем крымінальнай справы.

«Я хачу, каб адказалі па законе. Я размаўляла са спецыялістам, які ў мінулым займаўся памылкамі медыкаў. І ён сказаў, калі б нейрахірург прасвідраваў дзве адтуліны — яна б цяпер была з намі. Магчыма, у інвалідным вазку», — Таццяна мае намер давесці справу да суда.Справа будзе няпростай для суддзі, устанавіць ісціну тут цяжка.

«Час быў страчаны…»

Мы паказалі адказ з Мінздароўя гінеколагу адной з раённых бальніц, каб пачуць меркаванне спецыяліста, не заангажаванага ў гэтую гісторыю.

— Па ідэі, павінны былі адразу зрабіць МРТ. Але калі насамрэч, як напісана ў заключэнні, пасля падзення не было ні сінякоў, ні драпін — падстаў для гэтага не ўбачылі. Кожнаму МРТ рабіць жа не будуць.

Надзея, відаць, была зусім ніякая, калі ёй рабілі кесарава — ратавалі дзіця. У першую чаргу ратуюць дзіця, а не маці.

Хаця ўсё залежыць, канечне, ад розных фактараў. Як разумею, яе стан быў надта цяжкі.

Прасвідраваныя дзірачкі ў чэрапе не заўсёды даюць гарантыю станоўчага выніку. Бывае, што гэта нават не залежыць ад самой гематомы — гледзячы якія цэнтры галавы закранутыя. Так, калі б гэта зрабілі раней, было больш шансаў выратаваць маму. Калі прыдзірацца, то толькі да таго, што адразу, як западозрылі пашкоджанне мозгу, не зрабілі здымак.

Апараты ШВЛ — дарагія, і яны стаяць толькі ў некаторых рэанімабілях. І калі Надзея ўжо на апараце была ў бальніцы, то яе трэба было перавозіць толькі з ШВЛ.

Памылка пры замове рэанімабіля магла быць. Звычайна такая патрэба перадаецца дыспетчару — не сам доктар выклікае. Але гэта, як я бачу, не грала ролі. Час быў страчаны яшчэ раней — у першыя гадзіны.

Сяргей Макарэвіч

0
Zljuka / Адказаць
19.04.2014 / 10:51
Вельмi сумная гiсторыя. Цяпер бацькам памерлай ёсьць дзеля каго жыць - дзеля часцiнкi iх дачки, якую яна заставiла пасля сябе.
0
фрог / Адказаць
19.04.2014 / 14:53
социальноориентированное государство. жизнь в беларуси как лоттерея: кому-то повезет, кому-то нет. риск не так уж велик, но никогда не знаешь кому именно "подфартит" с такими обстоятельствами.
0
галина / Адказаць
19.04.2014 / 17:34
КАЖДОМУ ___СВОЕ!
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру