Пасля таго як Расія анэксавала Крым, частка літоўскіх пакупнікоў перастала купляць некаторыя расійскія тавары. Такую тэндэнцыю фіксуюць гандлёвыя сеткі Maxima і Iki.

Спецыяліст па маркетынгу Мігле Шантайтэ-Петкявічэне выказала здагадку, што рашэнне большай часткі пакупнікоў залежыць ад кошту на прадукт. Аднак яна не выключыла, што частка спажыўцоў можа свядома адмаўляцца ад расейскіх тавараў, піша ru.delfi.lt.

Акрамя таго, праведзенае ёю з калегам даследаванне паказала, што літоўскія пакупнікі адмоўна ацэньваюць Расею як вытворцу харчовых тавараў.

Купляюць менш гарбаты, алею і піва. Прэс-сакратар сеткі Maxima Рэната Саулітэ сказала, што ў апошні час памяншаюцца продажы расейскіх тавараў.

«Прыкладна на 10% зменшыліся продажы расейскай рыбы, на 20% — рознага печыва, закусак да піва, на 30% — гарбаты, сланечнікавага алею, цукерак, сухіх сняданкаў. На 25% знізіліся продажы расейскага піва, крыху больш чым на 10% — фруктовых напояў», — сказала яна.

Праўда, ёсць і прадукты, продажы якіх у апошні час раслі - прыкладна на 20% павялічыліся продажы арэхаў і семак, моцных алкагольных напояў, у два разы - вады і сокаў. Растуць аб'ёмы продажаў нехарчовых тавараў - тавараў для нованароджаных і аўтамабіляў.

Дадзеныя гандлёвай сеткі паказваюць, што ў першым квартале гэтага года, у параўнанні з тым жа перыядам мінулага, аб'ём продажаў расейскіх тавараў павялічыўся на 14%. Аднак, па словах Саулітэ, гэта ў асноўным з-за росту абароту продажаў прамысловых тавараў.

«Цяжка сказаць, які ўплыў на аб'ёмы продажаў аказалі падзеі ва Украіне і пазіцыя Расеі. Быць можа, частка патрыятычна настроеных пакупнікоў, якія сочаць за падзеямі і падтрымліваюць украінцаў і адмаўляецца ад расейскіх тавараў, выбіраючы іншыя. Аднак зніжэнне продажаў можа быць абумоўлена тым, што сетка не робіць зніжкі на гэтыя тавары, а гэта для літоўцаў вельмі важна», - сказала Саулітэ.

Падобныя тэндэнцыі адзначае і гандлёвая сетка Iki. Яе прэс-сакратар Андрус Пятрайціс сказаў, што дадзеныя за сакавік паказалі, што сталі менш купляць расейскі алкаголь, гарбату, рафінаваны сланечнікавы алей.

Нагадаем, украінцы актыўна байкатуюць раснйскія тавары. За апошні час попыт на тавары з Расеі панізіўся на 40%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?