19:52
Лідар «Правага сектара» Дзмітрый Яраш заклікаў да поўнай мабілізацыі і рашучых дзеянняў, а міліцыю — не замінаць
19:41
Заяўлена аб хуткім стварэнні «Усходняй Украінскай Федерацыі» ў саюзе з Беларуссю і Расіяй
19:36
Цароў падтрымаў сепаратыстаў: Выбары трэба перанесці на восень
19:34
У горадзе Краматорск над выканкамам зараз вывесілі сцяг «Данецкай рэспублікі».
Сёння, 12 красавіка, на плошчы горада прайшоў мітынг па-прарасейску настроеных жыхароў. Падчас яго прадстаўнікі ініцыятыўнай групы, аддзяліўшыся ад 1,5 тысячнага натоўпу, прайшлі праз канвой праваахоўных органаў. Прабраўшыся ў выканкам, яны павесілі над будынкам сцяг Данецкай народнай рэспублікі.
19:24
У Данецку прарасейскія актывісты захапілі будынак абласнога ГУ МУС Украіны.
Начальнік рэгіянальнага глаўка міліцыі Канстанцін Пажыдаеў пасля перамоваў з дэманстрантамі заявіў, што падаў у адстаўку. Пасля гэтага актывісты пачалі разыходзіцца. Па дадзеных агенцтва, група дэманстрантаў будзе знаходзіцца ля будынка да прыбыцця экс-начальніка ГУ МУС Рамана Раманава, якога яны лічаць законным кіраўніком абласной міліцыі.
***
Уранку ўзброеныя людзі ў зялёным камуфляжы захапілі райаддзел міліцыі ў горадзе Славянск Данецкай вобласці.
Відэа захопу райаддзела міліцыі ў Славянску можна пабачыць тут.
Пазней такія ж людзі занялі будынкі міліцыі і СБУ ў гарадах Чырвоны Ліман і Краснаармейск. Каля будынкаў дзяжураць узброеныя да зубоў людзі, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Захопленыя гарады (пазначаныя чырвонымі кропкамі) знаходзяцца на трох асноўных дарогах, што вядуць з цэнтра Украіны ў Данецк і Луганск — абласныя цэнтры Данбаса. Выбеленым абазначана тэрыторыя, дзе значную долю насельніцтва (ад 10 да 40%) складаюць этнічныя рускія.
Камандас у Данбасе экіпіраваныя гэтаксама, як у свой час «зялёныя чалавечкі» ў Крыме. Там, як пазней выявілася, дзейнічаў спецназ ГРУ Расіі. Імаверна, ён задзейнічаны і ў Данбасе.
Яго дзеянні скаардынаваныя з мясцовай «пятай калонай».
Захопнікі знялі ўкраінскія сцягі і гербы з будынкаў. Кіраўніца раённай адміністрацыі Славянска падтрымала дзеянні захопнікаў.
На ўездзе ў Славянск з'явіўся блок-пасты з узброенымі людзьмі, якія кантралююць рух транспарту на ўезд і выезд з горада.
Людзі на блок-пастах узброеныя.
Падпарадкаваныя Кіеву сілавыя структуры бяздзейнічаюць. У самім Данецку «пятая калона» сёння заняла будынак абласнога ўпраўлення міліцыі. Іх падтрымліваюць байцы раней расфармаванага «Беркута», якія надзелі георгіеўскія стужачкі.
Расійскія інфармацыйныя агенцтвы называюць данецкіх зялёных чалавечкаў «прадстаўнікамі афганскіх і казачых арганізацый».
Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў паабяцаў жорсткі адказ на дзеянні захопнікаў, аднак па стане на сярэдзіну суботы верныя кіеўскаму ўраду сілавыя структуры ніяк сябе не праявілі.
Эскалацыя падзей у Данбасе адбываецца на фоне глыбокага эканамічнага крызісу ў краіне. Урад былога прэзідэнта Віктара Януковіча растраціў усе валютныя рэзервы краіны. Не засталося ў сховішчах і патрэбных запасаў газу. Грыўня ўпала з 8 да 13 адносна даляра за апошнія два месяцы.
Украіна толькі распачала стварэнне баяздольных частак Нацыянальнай гвардыі, але ім бракуе ўсяго.
Расія ж выбрала «стратэгію салямі». Яна адкройвае ад Украіны па кавалку. Нестабільнасць тым часам паралізуе астатнюю частку Украіны.