Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла падрабязнасці крымінальнай справы былога першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Фёдара Лісіцы.
Фото БелаПАН.
Нагадаем, справа ў дачыненні да яго па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) была ўзбуджаная Генеральнай пракуратурай па матэрыялах ГУБАЗіК МУС і Камітэта Дзяржаўнага кантролю 9 красавіка.
Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС,
выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, Лісіца арганізаваў за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства лясной гаспадаркі неправамернае выкананне рамонту ў прадстаўленай яму двухузроўневай службовай кватэры ў аграгарадку Ждановічы.
Добраўпарадкаванне жылля агульнай плошчай 111 кв. м пацягнула незаконнае расходаванне бюджэтных грашовых сродкаў амаль на 300 млн. рублёў.
Ён жа, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, дзейнічаючы з карыслівай зацікаўленасці,
ад мая да верасня 2012 г. пражываў у нумары «люкс» ведамаснай гасцініцы без аплаты прадастаўленых паслуг.
Акрамя таго, устаноўлены супрацьзаконныя дзеянні, учыненыя падазраваным, калі ён быў дырэктарам дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Старобінскі лясгас» Салігорскага раёна Мінскай вобласці. У 2005 годзе, злоўжываючы службовым становішчам, ён незаконна завалодаў зямлёй агульнай плошчай 0,95 га і пабудаваў там катэдж. Участак знаходзіўся ў водаахоўнай зоне каля вёскі Яскавічы Салігорскага раёна і адносіўся да земляў дзяржаўнага ляснога фонду, якія займаюць лясы першай групы.
У выніку незаконнага заняцця і выкарыстання названага зямельнага ўчастка, з прычыны знішчэння надглебавага покрыва і дэградацыі зямель навакольнаму асяроддзю нанесена шкода на суму звыш 1,1 млрд рублёў.
У 2008 годзе Лісіца за кошт дзяржаўнай установы, якой кіраваў, пабудаваў для сябе службовае жыллё ў вёсцы Тычыны Салігорскага раёна агульнай плошчай 252 кв. м. У наступным дом у лік службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду не ўключаўся, а быў незаконна прыватызаваны і аформлены ў прыватную ўласнасць на льготных умовах.