Пракуратура Мінска апратэставала рашэнне Мінгарвыканкама, якое тычыцца арганізацыі аўтамабільных парковак у дварах жылых дамоў. Аб гэтым паведамляецца на сайце некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр экалагічных рашэнняў» (ЦЭР).

Згодна з рашэннем Мінгарвыканкама № 2405 ад 11 жніўня 2011 года раённыя адміністрацыі сталіцы павінны былі прадаць тэрыторыі ў дварах шматкватэрных жылых дамоў «для ўсталёўкі на адкрытых пляцоўках пакрыццяў для часовага размяшчэння асабістых аўтамабіляў грамадзян». Так, у гэтым годзе ў кожным раёне Мінска павінна было з'явіцца па 2 тыс. дадатковых пляцовак для аўтамабіляў.

Пракуратура мае права апратэставаць рашэнне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, калі яно супярэчыць дзеючаму заканадаўству, цытуе сайт ЦЭР словы каардынатара прававой службы экалагічнага руху «Зялёная сетка» Марыны Дубінай. Дзеянне рашэння прыпыняецца да разгляду пратэсту і будзе адменена, калі пракурорскі пратэст будзе задаволены.

Як паведамляецца, адмена гэтага рашэння сталічных уладаў спыніць будаўніцтва дадатковых часовых паркавальных пляцовак, «якія змяшчаюць ад пяці да пяцідзесяці аўтамабіляў, і ствараюцца паблізу ўжо існуючых дамоў за кошт зялёных і пешаходных зон, дзіцячых пляцовак».

«У рашэнні № 2405 выкарыстоўваецца тэрмін «пляцоўкі для часовага размяшчэння аўтамабіляў «, які не мае заканадаўчага замацавання, — прыводзяцца словы супрацоўніка энергетычнай праграмы ЦЭР Паўла Гарбунова. — Гэта дазваляе будаваць такія паркоўкі без належнага ўзгаднення з органамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, органамі нагляду за будаўніцтвам, органамі, якія адказваюць за бяспеку руху. Вынікам стала тое, што ў Менску ў шэрагу выпадкаў сталі з'яўляцца паркоўкі, размешчаныя занадта блізка да дамоў, дзіцячых пляцовак, такія, заезд на якія ажыццяўляецца па ходніках. Акрамя таго, стварэнне такіх парковак фактычна праводзілася без грамадскага абмеркавання з усімі жыхарамі двара, абмяркоўвалася толькі з зацікаўленымі аўтаўладальнікамі. Гэта спараджала канфлікты паміж жыхарамі».

«Адмена рашэння № 2405 верне сітуацыю ў прававое рэчышча. У такім выпадку будаўніцтва парковак павінна будзе праходзіць у абавязковым парадку толькі ў межах добраўпарадкавання, а значыць, пры абавязковым грамадскім абмеркаванні з удзелам усіх жыхароў двара, з распрацоўкай паўнавартаснай ўзгодненай дакументацыі, праверкай яе на адпаведнасць ўсім усталяваным нарматывам», — гаворыцца на сайце Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?